ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» падрыхтавала карысныя парады для тых, хто знайшоў птушаня

Год малой родины

malady-drozd-P-Alexeev-768x512

З мая па ліпень птушаняты пакідаюць гнёзды і вучацца жыць самастойна. Арнітолагі папярэджваюць: калі ты бачыш птушаня-подлетка, які ўпаў на зямлю, не забірай яго!

У разгар сезону ў АПБ штодня тэлефануюць людзі: «Я знайшоў птушанятка! Што рабіць?» Людзі забіраюць птушанят дадому, спрабуюць выкарміць і “дапамагчы”, а ў выніку птушка гіне. Што не так?

Чаму птушаняты “сыплюцца” з гнёздаў?

З аднаго боку, пасядзець бы птушанятку ў гняздзе падолей, набрацца сілы. Але кожны дадатковы дзень у гняздзе – гэта дадатковая небяспека, што птушанят знойдзе драпежнік, дый паразіты размножваюцца ў камфорце. Таму птушаняты пакідаюць гнёзды як мага раней. Яны выскокваюць, спрабуюць паляцець і прызямляюцца на галінкі ці на зямлю. Бо адразу, без трэніроўкі, узляцець нялёгка. У гэты “навучальны працэс” ўмешвацца нельга! Птушаня не адлятае за межы гнездавога ўчастка, і дарослыя птушкі за ім прыглядаюць і адкормліваюць.

Podletki_drazda_i_varony-768x388

Як адрозніць подлетка ад дарослай птушкі?

Подлеткі звычайна яшчэ не цалкам убраліся ў пер’е, махавые і рулявыя пёры ў іх могуць быць часткова ў трубачках (зародках будучых пёраў). Птушаняты соваў пакідаюць гняздо рана, калі яны яшчэ ў пуху. У вераб’іных птушанят на краях дзюбы — жоўтыя валікі, нездарма іх называюць “жаўтароцікамі”.

Акрамя таго, ва ўсіх малых звяроў і птушак галава і вочы прапарцыйна вялікія. Набор гэтых прыкмет выклікае эмацыйную рэакцыю і імкненне дапамагчы, абараніць слабую малечу. Але ў апісаным выпадку трэба стрымаць гэты прыродны парыў: не знось птушаня дадому, ты не паклапоцішся пра яго лепш за яго бацькоў!

Часта подлеткаў памылкова прымаюць за «хворую» або «недаразвітую» птушку. Насамрэч з птушанём усё ў парадку: гэта «падлетак», і ён хутка вырасце ў дарослую птушку!

Прыкметы подлетка

у птушаняці можа тырчэць пух на галаве ці спіне;
кароткі хвост, як быццам «абгрызены»;
махавыя і рулявыя пёры часткова ў трубачках;
на краях дзюбы — жоўтыя валікі.

Калі хоць адна з гэтых прыкмет ёсць, то перад табой – подлетак. Птушаня вучыцца, не замінай яму!

Больш за тое, твае дзеянні могуць прывесці да таго, што спалоханыя звыш меры бацькі і праўда пакінуць птушаня або нават увесь вывадак.

Я знайшоў подлетка: што рабіць?

Такім чынам, адказваем на галоўнае пытанне: калі табе трапіўся подлетак, не рабі нічога!

Калі ты бачыш подлетка ў дзікай прыродзе (у лесе, на полі, каля вадаёма) — адыдзі далей і не турбуй птушаня і яго бацькоў.

Калі ты бачыш подлетка ў горадзе, то ацані месца як небяспечнае ці бяспечнае. Калі побач – праезная частка, ажыўленая сцежка, пляцоўка для выгулу сабак або дзіцячая пляцоўка, то лепш акуратна перанесці птушаня (недалёка!) да найбліжэйшых кустоў ці дрэваў, падсадзіць на галінку: бацькі знойдуць яго, а людзі-“выратавальнікі” – не. Рабі гэта толькі ў самых небяспечных для птушак месцах і вельмі акуратна: падчас пагоні птушка адчувае стрэс, а людзі могуць пашкодзіць яе яшчэ далікатныя косткі або выдраць хвост. таксама не варта спрабаваць пакарміць птушку.

У якасці шпаргалкі прапануем табе карысную інфаграфіку ад Саюза аховы птушак Расіі (СОПР). Захавай сабе і падзяліся з сябрамі!

sletki

Увага: у чорных свіргулёў і галубоў подлеткаў не бывае. Калі ты знайшоў птушаня адной з гэтых птушак, хутчэй за ўсё, яно ў бядзе.

“Я ўжо забраў птушаня дадому”

Як мага хутчэй вярні птушку на тое самае месца, дзе ўзяў! Пажадана пасадзіць птушаня на галінку, падкінуць на брыль пад’езда або дах гаража, каб па тваім паху яго не знайшла сабака або кот. Важна: у саміх птушак нюх не так моцна развіты, ваш пах не адпужне бацькоў птушаняці, яны з радасцю прымуць здаровае птушаня назад у сям’ю.

— Вельмі важна не забіраць птушанятаў дадому! — падкрэслівае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Людзям шкада птушанят, як шкада кацянят ці шчанюкоў. Але птушаняты — гэта зусім іншае: маладыя дзікія жывёлы павінны заставацца ў дзікай прыродзе! Так, не кожнае птушаня зможа стаць дарослай птушкай, іх чакаюць натуральныя небяспекі. Але гэта — законы прыроды. Падумайце вось пра што: калі вы ўзялі дадому моцнае птушаня, якое, магчыма, выжыла б у прыродзе само, вы ўжо безумоўна «забілі» яго для прыроды. Нават калі яно потым пражыве ў няволі дзясяткі гадоў. Бо птушаняты патрабуюць спецыфічнага догляду, у тым ліку — кармоў, і прадказальна, што больш за палову выпадкаў такой «дапамогі» ад людзей сканчаюцца сумна, у найгоршым сэнсе гэтага слова.

АПБ звяртаецца з просьбай да ўсіх, хто турбуецца за подлеткаў: калі ласка, не чапайце птушанят! Не стварайце цяжкасцяў ні птушкам, ні сабе: прырода ўсё прадугледзела!

Акрамя таго, АПБ нагадвае, што наша заканадаўства забараняе вымаць жывёл з дзікай прыроды, і такое выняцце птушаняці будзе не толькі бессэнсоўным, але і трапіць пад адміністрацыйную адказнасць як правапарушэнне.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *