Зямля бацькоў: мая малая радзіма

Год малой родины

rodina (1)

Наша гістарычная памяць не дасць згаснуць славе, гонару і доблесці мужных сыноў вёсак Буркі, Бакуны, Кавалі, Шчарбіны і Марытон! Кожны населены пункт, кожны куточак прыроды – луг, поле, лес, рачулка – маюць сваю адметнасць і трапную назву. Большасць з іх пайшла ад імён і прозвішчаў людзей, якія жылі ў час узнікнення пасяленняў або валодалі імі: Бакуны – ад Бакун, Шчарбіны – ад Шчэрба, Буркі – ад Бурко. Назвы некаторых абумоўлены родам заняткаў і характарам гаспадарчай дзейнасці жыхароў: Кавалі (каваць, кузня).

Усе гэтыя населеныя пункты знаходзіліся ў Астраглядаўскім сельскім Савеце (выселены ў сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС). Зараз гэта – Буркоўскі сельскі Савет. Вёска Буркі Брагінскай воласці Рэчыцкага павета (валоданне паноў Ракіцкіх) была вядома яшчэ ў XIX, пачатку XX стагоддзя. У той час там пражывала больш чым 300 душ, функцыянавалі кузня, два ветраныя млыны, царкоўна-прыходская школа.

У 1926 годзе Буркі ўяўлялі сабой мнагалюдную вёску. Гэта быў цэнтр сельскага Савета, на тэрыторыі якога знаходзіўся вядомы за межамі раёна і вобласці калгас “Чырвоная ніва”. З 2007-га – аграгарадок.

Родная вёсачка… Яна заўсёды ў нашых сэрцах, дзе б мы ні былі, у нашай свядомасці, у вечнай і нязменнай любові да роднага краю, бацькоўскага дома. Малая радзіма пачынаецца з белай бярозкі пад акном, цераз якое мы бачым свет, школы, дзе ўсвядомілі паняцці малой і вялікай Радзімы, даведаліся пра яе далёкае мінулае.
Многія вяскоўцы востра адчулі на сабе горкую зменлівасць лёсу пасля аварыі на ЧАЭС. Да 1986 года ў Бурках пражывала больш чым 800 жыхароў, налічвалася 220 гаспадарак. Сёння не ўсе ведаюць, што ў выселеных Багушах бурліла жыццё, а хор Буркоўскага клуба славіўся на ўсю акругу, у Кавалях людзі дружна збіраліся на вячоркі. Павярнуць гісторыю назад немагчыма, у тых, хто пакінуў гэтыя мясціны, да скону веку застаўся нявыказаны боль, туга па радзіме. Хто застаўся, стараецца сагрэць цеплынёй і пяшчотай зямлю, вылечыць яе ад ран і аднавіць жыццё.

Зараз у Бурках пражывае 314 чалавек, функцыянуюць: сярэдняя школа, дзіцячы сад, цэнтр культуры і вольнага часу, бібліятэка, камбінат бытавога абслугоўвання, фельчарскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, майстэрня па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, малочна-таварны комплекс, магазін.

ПОМНІКІ АРХІТЭКТУРЫ

Буркі – гістарычнае месца, тут знаходзіцца будынак капліцы 1860 года з неабходнымі царкоўнымі рэчамі і іканастасам. Суровыя падзеі амаль не пакінулі на брагінскай зямлі ніводнага архітэктурнага помніка, але на працягу XVIII-XIX ст. тут было пабудавана 20 праваслаўных прыходскіх цэркваў і капліц. Адна з іх захавалася ў н.п. Буркі.

У суседняй вёсцы Астрагляды быў адзіны ў гэтых месцах каталіцкі касцёл, непадалёку ад Буркоў знаходзяцца пахаванні найбольш багатых паноў. І праваслаўныя, і католікі жылі заўсёды ў міры і згодзе.

У сярэдзіне XVIII ст. уладальнікамі Буркоў былі польскія графы Ракіцкія – Людзвіг і Алаіз. За жорсткасць у адносінах да сялян Людзвіга празвалі Шалёным. Жылі яны ў раскошы, трымалі вялікую колькасць прыслугі з прыгонных сялян Буркоў і навакольных вёсак. Рукамі гэтых бяспраўных людзей былі выкапаны цудоўныя сажалкі, дзе паны разводзілі экзатычную рыбу. За Бакунамі да гэтага часу ёсць месца, якое з пакалення ў пакаленне называюць панскім валам.

Наёмныя сяляне жылі на маленькіх кавалачках зямлі, плацілі чынш і адбывалі паншчыну. Двор і сядзібу пана акружалі глыбокія рвы, напоўненыя вадой. Яму належала ўсё: лясы, сенажаці, ворыўныя землі, а таксама два ветраныя млыны.

А яшчэ ў Ракіцкіх былі дваровыя майстэрні. У іх прыгонныя сяляне выраблялі многае з таго, што было неабходна для пана і яго сям’і: высакаякаснае сукно, валёнкі і інш.

Асновай эканомікі з’яўляліся гандаль і кустарны промысел. Жыхары Буркоў і навакольных вёсак двойчы ў год (1 студзеня і 29 чэрвеня) везлі на брагінскія ярмаркі зерне, жывёлу, шчаціну, мёд, канаплю, лён, тканыя і сталярныя вырабы, прадметы бондарства…
Пасля адмены прыгоннага права граф Ракіцкі, які любіў жыць у раскошы, не змог настроіцца на новы лад, яму давялося прадаць свае ўладанні.

ПАЗАЛАЧОНАЯ БРЫЧКА

Запісана са слоў Ганны Адамаў-ны Шкурко, жыхаркі н.п. Буркі, 1925 года нараджэння:

– У канцы XIX стагоддзя ў маёй прабабулі Мар’і і яе сям’і былі моцная гаспадарка, вялікі ўчастак зямлі, 15 коней, сад і нават пазалочаная брычка. Акрамя ўсяго, іх звязвала дружба з мясцовым панам, жанчына бабіла ў яго дзяцей. Калі яе муж Савелій памёр, бабуля не спраўлялася з гаспадаркай і пан ёй вельмі дапамог, купіў новую збрую і жывёлу. Узамен Мар’я прадала пану гэтую брычку, якую ён падараваў сваёй дачцэ.

Калі прыйшла Савецкая ўлада, уся гаспадарка была разабрана, а людзей звезлі ў Брагін, назад дамоў яны не вярнуліся.
У Бакуны Мар’я і яе брат Антон трапілі праз многа гадоў і пражылі там да глыбокай старасці. Пан разам з дачкой паехаў за мяжу, далейшы лёс ні яго, ні пазалочанай брычкі невядомы.

КОНСКАЯ ДАРОГА

Запісана са слоў Ганны Саве-льеўны Кулай, жыхаркі н.п. Буркі, 1906 года нараджэння:

– У 1923 годзе ў Бурках быў заснаваны орган Савецкай улады – сельскі Савет, а затым з’явілася і камсамольская ячэйка. Кожны стараўся трывала стаяць на роднай зямлі і заняць у грамадстве сваё месца. Хлебаробскае ўменне і старанне, дзелавыя якасці дапамагалі адным прымнажаць свае здабыткі, а другім – пакорліва плесціся ззаду. Многіх з тых, хто жыў і працаваў, не пакладаючы рук, раскулачылі. У тым ліку і майго бацьку.

У яго была тройка добрых рабочых коней і адзін выязны. Калі жывёлу забіралі, выязны некуды знік. “Куды ты падзеў каня?” – дапытваліся ўпаўнаважаныя, а гаспадар усяляк адпіраўся і не гаварыў праўду. Прайшоў год, а выязнога ўсё не было. Потым конь з’явіўся, але быў ужо сляпы. “Дзе ж ты яго трымаў?” – цікавіліся суседзі. Як высветлілася, гаспадар схаваў яго ў пустацелы стог. Там карміў, паіў у начны час. Каб не было відаць сцяжынкі, па якой хадзіў, дбайна маскіраваў сляды. Стог меў толькі сценкі, а сярэдзіна пуставала. Быў абкладзены жэрдкамі і апоўзінамі. Сена ўжо пачарнела і парыжэла. Нікому і ў галаву не прыйшло шукаць жывёліну тут. Такіх стагоў было шмат. А дзед спадзяваўся, што за гэты час зменіцца палітыка і гняды застанецца з ім. Пра тое, што можа без святла аслепнуць, нават і думак не было. А тую дарогу, па якой хадзіў выязны, з тае пары называюць конскай.

БАКУНОЎСКАЯ БАЛОТНІЦА

Расказваў мясцовы ляснік, а яму – яго прадзед:

– Балота вакол Бакуноў высахла, а калісьці тут, непадалёку ад Буркоў, быў вялікі разліў. Ні праехаць, ні прайсці. Часта па начах можна было пачуць дзявочы плач – ціхі, жалобны. Прадзед лесніка быў малады і вельмі цікаўны. Аднойчы ноччу пайшоў да балота, прадраўся скрозь зараслі дзікага малінніку да таго месца, дзе, як яму здалося, нехта галасіў. Дзіўная справа: чым бліжэй падыходзіў, тым з большай сілай білі яго галінкі, а пажухлая трава тысячамі ледзь прыкметных ніцяў аплятала ногі. Цішыня была навокал, толькі трывога нарастала і падпаўзала з цемры балотных зарасляў. Раптам плач пачуўся зноў. Юнак кінуўся ў тым накірунку – пуста, потым усё паўтаралася некалькі разоў. Нечаканая ўспышка… Расплюшчыў вочы і абмер, у жылах застыла кроў, а па целе прабеглі дрыжыкі. Пасярод балота, на маленькім астраўку, стаяла жанчына. Пры святле месяца былі бачны яе валасы, яны акаймлялі бяскроўны твар. На ім ззялі пустыя вачніцы, у якіх жыла пустэча – Вечная. Злавесная. Бязмежная.

Раптам раздаўся стрэл з ружжа і ўсё знікла. “Малі Бога, што выжыў і не пацягнула ў балота, – сказаў мясцовы паляўнічы. – Я даўно за ёй назіраю, хацеў прыстукнуць”…

– А хто гэта?

– Балотніца, – растлумачыў ён. 

Разліў яшчэ доўга перашкаджаў вяскоўцам, амаль да 70-х гадоў, і знік толькі ў сувязі з асушэннем зямель. А легенда жыве да гэтага часу. 

ПРАСТОЛЬНАЕ СВЯТА

“Святы Спасік, пільны часік,
Жытцо возіць, Бога просіць:
Перанясі, Божа, маё жытцо
праз гумянцо.
І святы Іспас, старэнькі дзядок,
На восець садзіў, жыта малаціў.
Святы Іспас
Яблыкі свеціць, ён гнаі возіць, жыта пасвяшчаіць…”

Так пелі нашы продкі ў гэтае праваслаўнае свята, якое з’яўляецца прастольным у н.п. Буркі і адзначаецца 19 жніўня. Да гэтага ў Мядовы Спас (14 жніўня) вяскоўцы выкачвалі мёд, асвячалі яго, частавалі родных, бо лічылі так: калі гаспадар скупы, то пчолы перавядуцца. Да Яблычнага Спаса садавіну ў рот не бралі, у царкве асвячалі, а потым елі. Гатавалі розныя стравы, пеклі булкі і пірагі з яблыкамі, прыгаворвалі: “Папрацуеш у садку да поту, з’ясі яблык у ахвоту” .

Родныя і блізкія збіраліся і з’язджаліся з усіх канцоў.
Традыцыі продкаў працягваюцца, буркоўцы ладзяць тэматычныя вячоркі, рыхтуюць канцэртную праграму, стараюцца прыцягнуць і моладзь.

ДЫНАСТЫЯ  КУЛАЁЎ

У 1932 годзе ў Бурках арганізавалі калектыўную гаспадарку, была яна эканамічна слабай, бо не хапала коней, насення, жывёлагадоўчых ферм. Уся надзея – на дапамогу дзяржавы. У хуткім часе з’явіўся цуда-конь, трактар. Ім стаў кіраваць малады і кемлівы калгаснік Васіль Кулай.

У 1934-м г. яго выбралі брыгадзірам паляводчай брыгады, якая стала перадавой у раёне. Хлеб здавалі дзяржаве ў тэрмін. У 1935 годзе Васіль Фёдаравіч быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Гэта быў адзін з першых ардэнаносцаў на Брагіншчыне. Неўзабаве ён стаў старшынёй калгаса. Зерне ўбіралі своечасова і якасна. Вырасла і ўраджайнасць. Пры Кулаю намалочвалі па 25 цнт з гектара.
У 1939 годзе брыгадзір паляводчай арцелі Андрэй Кулай, брат Васіля Фёдаровіча, атрымлівае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
В 1964-м Іван Кулай, сын, прыняў кіраўніцтва комплекснай брыгадай калгаса “Чырвоная ніва”, у хуткім часе яго ўзнагароджваюць ордэнам Пра-цоўнага Чырвонага сцяга за дасягнутыя поспехі ва Усесаюзным спаборніцтве. У 1971-м Іван Васільевіч узначаліў калгас “Чырвоная ніва”, у 1972 годдзе атрымлівае ордэн Леніна, у 1973-м – ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

ЯНЫ ПРАСЛАВІЛІ  БРАГІНСКІ РАЁН

Міхаіл Фёдаравіч Раманюк (3 снежня 1944 – 4 верасня 1997г.) – вядомы беларускі мастацтвазнаўца, мастак, прафесар Беларускай акадэміі мастацтва, кандыдат мастацтвазнаўства, этнограф, этнолаг, выкладчык, загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, буйнейшы даследчык матэрыяльнай культуры беларусаў ХХ стагоддзя.

Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Заснаваў часопіс «Мастацтва Беларусі» і стаў яго першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя касцюмы для Дзяржаўнага народнага хора і Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. За ўласныя грошы правёў дзясяткі этнаграфічных экспедыцый, плёнам якіх сталі больш чым 130 рэканструкцый традыцыйных касцюмаў беларусаў. Архіў Міхаіла Раманюка налічвае больш за 100 тысяч адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі; пуцявыя дзённікі складаюць дзясяткі тамоў. Важная частка шматгадовай творчай работы Міхаіла Раманюка – артыкулы і ілюстрацыі ў энцыклапедыях: «Беларуская савецкая энцыклапедыя», «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», «Этнаграфія Беларусі». Памёр у 53 гады ад рака.

Адразу пасля выбуху на ЧАЭС Міхась Раманюк паехаў на Брагіншчыну. Ён працягваў ездзіць па забруджаных тэрыторыях да самай смерці.
Як успамінаў яго сын Дзяніс, апошняя ягоная вандроўка таксама была на Гомельшчыну, здаецца, у Чачэрскі раён, за некалькі тыдняў да таго, як бацьку паклалі ў рэанімацыю. Ягоная вёска на Брагіншчыне аказалася за дротам, туды не пускалі нікога. Не ведаючы пра Чарнобыль, мы працягвалі ездзіць па заражаных тэрыторыях. У 1988 г. у экспедыцыі ў Чэрыкаўскім раёне знайшлі абракальны крыж каля вёскі Малінаўка, які ад вялікай колькасці ручнікоў ператварыўся ў нейкі своеасаблівы стог. Я быў на тым самым месцы ўжо пасля смерці бацькі, але не знайшоў крыжа. Бо ўсе гэтыя вёскі закапаныя, узровень радыяцыі там не меншы, чым у трыццацікіламетровай зоне. Тады не было ніякіх дарог, стаяла жахлівая спякота, з-пад колаў валіў вялізны пыл. І вось мы здалечыні ўбачылі гэты крыж. Мы загрузлі ў пяску, адкопвалі машыну. Дыхалі радыяцыйным паветрам. Толькі працуючы над альбомам «Чарнобыль», я ўсё гэта зразумеў і пераасэнсаваў.
Нельга казаць, што толькі Чарнобыль падарваў здароўе бацькі. Найхутчэй, гэта адзін з многіх фактараў. Можна сказаць, што ён згарэў на працы. Працаваў дзень і ноч, бо хацеў паспець усё зафіксаваць, вывучыць і ўбачыць. Адпачынкі з сям’ёй для яго былі выключэннямі. Я магу па пальцах пералічыць усе з іх, бо гэта было сапраўдным святам.

Ля ціхіх задумлівых плёсаў,
Дзе ўпотай шапоча чарот,
Жывуць на Брагіншыне вёскі,
А, значыць, жыве і народ.
І хоць нам прайсці давялося
Праз вогнішча чорнай бяды,
Шапоча на нівах калоссе,
Аграгародок наш ізноў малады.
Удосталь нам смачнага хлеба.
І так ужо з году ў год,
Жывуць у Бурках, як трэба.
А, значыць, жыве і народ.

Пётр Савянок,
ураджэнец в. Бакуны, культарганізатар Буркоўскага цэнтра культуры і вольнага часу



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *