Наглядальная камісія: абследаваны домаўладанні жыхароў Малажынскага сельскага Савета

Грамадства Служба МЧС информирует Школа бяспекі

0986545_06

У мінулую пятніцу  наглядальная камісія, што створана пры райвыканкаме, у чарговы раз абследавала домаўладанні жыхароў Малажынскага сельскага Савета.

Прадстаўнікі мясцовай улады, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, міліцыі, сацыяльнай службы, аховы здароўя і адукацыі завіталі да вяскоўцаў, каб праверыць, ці выконваюць яны правілы бяспекі жыццядзейнасці, а таксама пракансультаваць ці пасадзейнічаць у вырашэнні надзённых пытанняў. Усе адрасы ім добра вядомыя, бо некаторыя катэгорыі грамадзян ужо даводзілася наведваць неаднойчы.

0986545_01

На асаблівым кантролі – сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. І ў ліку першых, да каго накіравалася камісія, – жыхары Рытава. Дома знаходзіліся маці і яе дарослая дачка, у якой ужо двое сваіх дзяцей.

Інспектар інспекцыі па наглядзе і прафілактыцы РАНС Дзмітрый Шкурко адразу ж звяртае ўвагу на наяўнасць у доме аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, правярае, ці ён працуе. Пераканаўшыся, што з прыборам усё ў парадку, аглядае пячное ацяпленне і накіроўваецца на гарышча, дзе знаходзіцца комін. Дымаадвод патрэбна патынкаваць і пабяліць – на гэта гаспадарам даецца два тыдні.

0986545_02

Дачка занята на ферме, а вось маці – беспрацоўная, таму да размовы далучаецца прадстаўнік сацыяльнай службы Уладзіслаў Дзёкін. Ён раіць жанчыне звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, дзе ёй дапамогуць падабраць вакансію.

0986545_03

Непаўналетнія дзеці зараз знаходзяцца ў Асарэвіцкім прытулку. Дадому яны вернуцца пры ўмове, што будуць ухілены ўсе праблемныя моманты, палепшацца ўмовы пражывання – шанц на выпраўленне сітуацыі даецца кожнаму.

Некалькі сем’яў гэтай катэгорыі ёсць і ў Малажыне. Наглядальная камісія накіроўваецца да чарговага дома, дзе пражываюць бацькі, іх дарослая дачка і яе дзіця. Праверка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў паказала, што адзін знаходзіцца ў няспраўным стане, а ў другім патрэбна замяніць батарэйку. Інспектар ІНіП патрабуе ўхіліць гэтыя пралікі і рэкамендуе набыць яшчэ адзін прыбор.

0986545_05

Па наступным адрасе таксама пражывае сям’я, у якой дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сюды камісія завітала паўторна, каб праверыць, ці замяніў гаспадар батарэйку ў АПА. Аказалася, што не. На выпраўленне сітуацыі яму далі некалькі хвілін. Мужчына спрачацца не стаў – хуценька з’ездзіў у магазін і вырашыў праблему.

Паўторна наведалі і мнагадзетную сям’ю, у доме якой патрэбна было ўхіліць парушэнне, звязанае з электраправодкай. На гэты раз пытанняў да гаспадароў не ўзнікла.

Яшчэ адна катэгорыя грамадзян, якая заўсёды ў полі зроку камісіі, – адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя людзі і інваліды. Так, у адным доме гаспадарам параілі вызваліць з-пад шпалераў электраправодку, у другім – патынкаваць і пабяліць комін.

0986545_040986545_090986545_08

Завітала камісія і да беспрацоўнага мужчыны, які сябруе з алкаголем. У доме – адзін пакой, дзе побач з печчу і грубкай стаіць ложак. Пячное ацяпленне, дарэчы, няспраўнае. Да таго ж гаспадар прызнаецца, што любіць пакурыць перад сном. А такая звычка, як паказвае практыка, можа прывесці да бяды. Тым больш што аўтаномны пажарны апавяшчальнік у доме не ўсталяваны.

0986545_120986545_11

Звяртае ўвагу інспектар ІНіП і на прыбор уліку электраэнергіі. Тут таксама непарадак – у пробках на засцерагальніках стаяць “жучкі”, а гэта можа прывесці да кароткага замыкання электраправодкі.

0986545_10

Мужчыну даецца час на ўхіленне ўсіх парушэнняў: адрамантаваць печ, набыць новыя пробкі для лічыльніка. Рэкамендуецца таксама ўсталяваць АПА, працаўладкавацца, прайсці медагляд.

Усяго ў мінулую пятніцу на тэрыторыі Малажынскага сельскага Савета было запланавана наведаць 15 домаўладанняў, але ўдалося трапіць толькі ў 10, паколькі гаспадары астатніх адсутнічалі. Між тым прадстаўнікі мясцовай улады і адпаведных службаў не губляюць надзеі сустрэцца з імі ў наступны раз.

Нагадаем, што ў раёне працягваецца дэкаднік, падчас якога з людзьмі праводзіцца тлумачальная работа, звяртаецца ўвага на неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі – за іх ігнараванне часам даводзіцца плаціць чалавечым жыццём.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *