У час летніх канікулаў падлеткі працуюць на зернетаку

Грамадства

Deti

На зернетаку ў Мікулічах мы ўбачылі групу юнакоў, якія ў кароткі час перапынку (якраз прывезлі гарачыя абеды ўдзельнікам жніва) адпачывалі ў цяні дрэў. Побач ляжалі мяцёлкі і шуфелі, што сведчыла: яны прыйшлі сюды не марнаваць час, а працаваць. Як высветлілася, да уборкі хлеба маюць дачыненне. Брыгадзір паляводчай брыгады Ангеліна Раманюк растлумачыла, што хлопцы – надзейныя памочнікі.

Падмятаюць у складзе, на таку, падбуртоўваюць збожжа. Галоўнае – паслухмяныя і працавітыя.

– Гэтая шасцёрка была задзейнічана тут і ў мінулым годзе, – расказала Ангеліна Аляксандраўна. – Мы прапаноўвалі ім гарачыя абеды, але яны адмовіліся. А бутыліраваную ваду выдаём усім бясплатна.

Максіму Шахніцкаму, Аляксандру Кучкіну, Уладзіміру Смальцару, Максіму Цярэшчанку, Ігару Лачугіну і Станіславу Саўрыцкаму работа падабаецца. Па тым, як вітаюцца з імі за руку дарослыя, можна было здагадацца, што іх лічаць сваімі і ўспрымаюць як надзейных партнёраў.

А, магчыма, і будучую змену. На вачах падлеткаў праходзіла віншаванне вадзіцеля-тысячніка Генадзя Шкурко, якому выказвалі шчырыя словы падзякі, уручалі падарункі, прысвячалі музычныя нумары. Чалавека цэняць за яго добрыя справы. Гэта юныя жыхары вёскі ўсвядомілі добра, для іх такі жыццёвы ўрок павучальны. А прыклад браць ёсць з каго. Сумленных і адданых справе людзей у ААТ “Імя Жукава” нямала.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *