14 кастрычніка – Дзень работнікаў культуры

Главное Праздники и будни

Шыкоўная, сакавітая палітра восені ўдала гарманіруе са святочнай датай на календары: у другую нядзелю кастрычніка мы адзначаем Дзень работнікаў культуры, якія таксама напаўняюць наша жыццё яркімі, насычанымі фарбамі.

У музеі

Колькі патрэбна ўкласці таленту, творчых здольнасцей, патраціць часу і сіл, каб важныя даты, знамянальныя падзеі засталіся ў памяці людзей надоўга. За кожным выступленнем, мерапрыемствам стаяць дзясяткі рэпетыцый, нервовае напружанне, нялёгкая праца. І, напэўна, самая высокая ўзнагарода за яе – гучныя апладысменты, захопленасць і зацікаўленасць тых, хто сядзіць у зале. Для работнікаў культуры святы, урачыстасці – самы неспакойны і адказны час, калі ўсё патрэбна прадумаць да дробязей, падрыхтаваць на належным узроўні. Таму зусім не дзіўна, што гэтая прафесія па душы асобам творчым, энергічным, ініцыятыўным.

Найбольш значныя мерапрыемствы, да якіх яны сёлета мелі непасрэднае дачыненне, назваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец. Гэта абласныя конкурсы “Гомельскай вобласці – 80”, “Захапленні на любы густ”, фестываль “У асяроддзі сяброў”, раённыя конкурсы “Жыве мая вёска”, “Мая вёска ў старых фотаздымках”, “Брагінская музычная вясна”, святы вёсак – усіх не пералічыш. Тэматыку многіх, дарэчы, абумовіў Год малой радзімы.

Ёсць і перамогі. Так, у рэгіянальным аглядзе-конкурсе дзіцячай эстраднай песні і танца “Зорная карусель” адразу пяць дыпломаў (у намінацыях “Сучасны эстрадны танец”, “Канферанс”, “Арыгінальны жанр”, “Народная песня”) атрымалі вучні Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў і яго філіяла ў Камарыне. А гурткоўцы Брагінскага РДК вызначыліся ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. З ганаровым трэцім месцам вярнуліся вучні ДШМ з абласнога фестывалю-конкурсу інструментальных ансамбляў, што прайшоў у Мазыры.

Вячаслаў Гаршкоў у чарговы раз спрабаваў свае сілы ў абласных этапах нацыянальных конкурсаў маладых выканаўцаў “Маладзечна-2018” і “Віцебск-2018”. А народны аматарскі калектыў “Галасы дубровы” прыняў удзел у здымках перадач “Добры вечар, Гомель”.

Прыз гледачоўскіх сімпатый на рэгіянальным фестывалі творчасці пажылых людзей “У асяроддзі сяброў” дастаўся Наталлі Нікіценцы, удзельніцы мастацкай самадзейнасці Брагінскага РДК. Яна ж заняла другое месца ў намінацыі “Сольныя спевы” на раённым аглядзе-конкурсе “Брагінская музычная вясна”, а ў “Арыгінальным жанры” трэцяе месца – у прадстаўніка Буркоўскага цэнтра культуры і вольнага часу Пятра Савянка, першае – у калектыву Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй.

Апошні, дарэчы, сёлета з поспехам прадставіў “Батлеечнае падвор’е” на міжнародным фестывалі “Кліч Палесся”, што адбыўся ў Ляскавічах. На яго ж рахунку перамога ў конкурсе “Брэнд Брагінскага раёна”. Парадаваў прэм’ерай спектакля па творы Канстанціна Паўстоўскага “Карчма на Брагінцы” музейны тэатр.

Цяпер якраз у гэтай жа ўстанове ў рамках Года малой радзімы прэзентуецца праект “Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага трансгранічнага культурнага супрацоўніцтва”. Тут з’явілася новая экспазіцыя, прысвечаная сядзібнай архітэктуры XIX стагоддзя Гомельскага і Чарнігаўскага рэгіёнаў. Прычым галоўны акцэнт зроблены на фрагмент лепкі, што быў зняты рэстаўратарамі са столі ў сядзібе Рыбнікавых (Верхнія Жары) і зманціраваны ў майстэрні. Ёсць інтэрактыўная зона, прадстаўленая кубікамі, што дазваляе атрымаць большыя ўяўленні па данай тэме дзецям. Шмат зроблена пры садзейнічанні грамадскага аб’яднання “Беларускі зялёны крыж”.

Зараз, па словах Сяргея Аляксеевіча, работнікі культуры рыхтуюцца да абласнога конкурсу вакальных ансамбляў з найменнем “народны аматарскі калектыў”, сустрэчы 75-й га-давіны вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Радуе, што хутка перамесціцца ў новы будынак з усім неабходным для правядзення заняткаў Брагінская дзіцячая школа мастацтваў. У стадыі завяршэння капітальны рамонт з элементамі рэканструкцыі Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра, для якога набываецца гукаўзмацняльная апаратура, камп’ютарная тэхніка, мэбля, спартыўныя трэнажоры. У абноўленым выглядзе паўсталі музей і Камарынскі філіял ДШМ. На другім паверсе будынка, дзе раней знаходзілася ДТСААФ, размесцяцца цэнтральная раённая бібліятэка і яе дзіцячае аддзяленне.

Добрыя перамены, светлыя надзеі, творчыя планы… Няхай у высакароднай працы культработнікаў ніколі не згасае агеньчык натхнення, а ўсім пачынанням спадарожнічаюць поспех і ўдача!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *