14 кастрычніка Праскоўя Іванаўна Цалуйка з Хракавіч адзначыць сваё 85-годдзе

Важное Главное

Не перастаю здзіўляцца мудрасці і тактоўнасці вясковых жанчын, іх сціпласці і высакароднасці, прыгажосці. У большасці прадстаўніц старэйшага пакалення, якім ужо за 80, няма вышэйшай або сярэдняй адукацыі. Не вучыліся яны прыгожым манерам, і тым не менш ніколі ў розных жыццёвых сітуацыях не дазваляюць сабе не тое што абразіць, а і сказаць грубае слова родным і блізкім, не дакучаюць пытаннямі, калі ў іх дрэнны настрой ці непрыемнасці на працы. Я маю на ўвазе нашых матуль, якія сэрцам адчуваюць душэўны стан сыноў і дачок, і ў першую чаргу Праскоўю Іванаўну Цалуйку.

Многіх прывабліваюць гэтыя рысы ў характары юбіляркі, аб чым яны з захапленнем гавораць дзецям жанчыны, выказваючы пры гэтым сваю павагу і захапленне. Ва ўтульным і цёплым доме Праскоўі Іванаўны любяць бываць сябры яе Наташы. Яны выехалі з раёна пасля выбуху на ЧАЭС, але ж па-ранейшаму імкнуцца ў родныя мясціны. Зойдуць у вясковы дом і адагрэюцца сэрцам, быццам у гады маладосці вернуцца.

У сям’і Цалуйкаў пяцёра дзяцей. Старэйшы, Яўген, добра вучыўся ў школе, захапляўся фізікай і матэматыкай. Зараз працуе ў Акадэміі навук. Дзве вышэйшыя адукацыі атрымала Наталля, Святлана закончыла сельскагаспадарчы інстытут, Марына – Мазырскі педагагічны. Андрэй працуе вадзіцелем у будаўнічым трэсце ў Мінску. У Праскоўі Іванаўны ўжо шэсць унучак і адзін унук. Аўдавела яна восем год таму. Міхаіл Паўлавіч, з якім жылі ў любові і злагадзе, пайшоў з жыцця за два тыдні да свайго 80-годдзя. Юбілею так і не дачакаўся, хаця вельмі хацеў адзначыць яго з роднымі.

Выхавалі яны працавітых і сумленных дзяцей, за якіх перад людзьмі не сорамна. Род Цалуйкай моцны і дружны. Няпісанае правіла – прыязджаць да маці ў час водпуску хаця б на тыдзень – строга выконваецца ўсімі, таму хата не пустуе ніколі. Часцей за іншых бывае Наталля Міхайлаўна, якая жыве ў Брагіне. Але ж і ўнукі дарогу ў Хракавічы не забываюць.

Павучыцца ў іх можна многаму, і ў першую чаргу адзначаць сямейныя святы і ўрачыстасці. За вялікім сталом ніколі не бывае сумна, сёстры і браты заўсёды рады адзін аднаму, расказваюць аб сваім жыцці, абменьваюцца навінамі, раяцца, гонарацца поспехамі пляменнікаў. У такія хвіліны твар Праскоўі Іванаўны маладзее, яна з замілаваннем назірае за роднымі людзьмі. Мая гераіня любіць гэта рабіць. Ціхенька, каб нікому не дакучаць, паглядае, як яны працуюць на агародзе, як прыбіраюць у двары, хаце, як адпачываюць.

Да 60 год жанчына працавала. Да выхаду на пенсію – у калгасе “Імя Чапаева”, дзе даглядала цялят, даіла кароў, а потым уладкавалася ў дзіцячы садок. Узнагароды і граматы, якія атрымала, сведчаць аб тым, што свае абавязкі выконвала сумленна.

З юбілеем Вас, паважаная Праскоўя Іванаўна! Моцнага Вам здароўя, душэўнага спакою і даўгалецця ў акружэнні дзяцей і ўнукаў. Жывіце доўга, няхай кожны дзень прыносіць радасць, дорыць прыемныя моманты сустрэч і напаўняе сэрца цеплынёй ад думкі, што ўсё ў вашых дзяцей і ўнукаў у парадку.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *