Настаўніца матэматыкі Ірына Малочка: у працоўных буднях непрыкметна праляцела больш чым дваццаць гадоў

Праздники и будни

N_004

Матэматыка, на думку многіх, адзін з самых складаных прадметаў, якія вывучаюцца ў школе. Таму настаўніку патрэбна вельмі пастарацца, каб зацікавіць гэтай дысцыплінай дзяцей, захапіць іх, падагрэць пазнавальны інтарэс.

У Ірыны Уладзіміраўны Малочкі, якая працуе ў Вуглоўскай СШ, адзін з галоўных складальнікаў поспеху – любоў да абранай справы і сваіх вучняў. Нездарма паміж імі існуе нейкая нябачная нітачка ўзаемадаверу. Гэтаму спрыяе і набыты вопыт, і сама атмасфера, што пануе на ўроках матэматыкі. Калі педагог у дасканаласці ведае свой прадмет і валодае методыкай яго выкладання, настроены на хвалю самааддачы, ставіцца да дзіцяці як да асобы, то і ў вучняў міжволі абуджаецца стараннасць і прага да ведаў, узмацняецца жаданне спасцігаць новае. Яны адгукнуцца на ўсе шчырыя памкненні настаўніка. І кожнаму патрэбна дапамагчы раскрыцца, даць шанс праявіць сябе. А там – і вызначыцца з далейшым шляхам у жыцці.

У старэйшых класах, дарэчы, вучні ўжо больш сур’ёзныя і мэтанакіраваныя – набліжаецца час, калі адправяцца ў самастойнае плаванне. Таму асаблівы ўпор робіцца на падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання. Але – ніякіх рэпетытараў! Калі веды ўдасканальваюцца пад кіраўніцтвам Ірыны Уладзіміраўны, педагога з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, вынік сябе чакаць не прымусіць. Яна па праву можа ганарыцца сваімі вучнямі, якія зараз атрымліваюць вышэйшую адукацыю на бюджэтнай аснове, выбраўшы даволі прэстыжныя факультэты, што патрабавалі здачы дакладных навук. Сярод такіх – Ілья Малочка, Алена Дзегцярэнка, Анастасія Захожая, Анастасія Назаранка, Аляксей Буйневіч. Першы, дарэчы, падчас вучобы ў школе атрымаў дыплом другой ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. А ў Год навукі менавіта каманда Вуглоўскай СШ, трэнерам якой з’яўлялася гэтая настаўніца, заваявала перамогу ў раённым інтэрактыўным матэматычным конкурсе “Эрудыт”.

Сама ж Ірына Уладзіміраўна добра ведала, з якой прафесіяй звяжа сваё жыццё, яшчэ ў дзяцінстве. Але чаму менавіта матэматыка? Схільнасці да дакладных навук прыкмеціла ў сваёй вучаніцы Ганна Паўлаўна Лявоненка, якая тады выкладала ў Вуглоўскай СШ фізіку і параіла дзяўчынцы паступаць на фізіка-матэматычны факультэт. Ведаў аказалася дастаткова, каб стаць студэнткай Мазырскага педагагічнага інстытута, а калі ў руках ужо быў запаветны дыплом, маладая асоба вярнулася ў родную школу спецыялістам. І ні разу не пашкадавала, што стала настаўніцай.

У працоўных буднях за любімай справай непрыкметна праляцела больш чым дваццаць гадоў. Сёння Ірына Уладзіміраўна – адзін з вопытных і аўтарытэтных педагогаў Брагіншчыны. Яе адкрытыя ўрокі, формы і метады выкладання, накіраваныя на актывізацыю вучэбна-пазнаваўчай дзейнасці вучняў, прыцягваюць увагу маладзейшых калег. А сама яна за гады працы ўпэўнілася: каб быць настаўнікам, аднаго прызвання мала. Патрэбна не толькі вучыць іншых, але і пастаянна вучыцца, удасканальваць майстэрства, імкнуцца да большага самой. Таму па-ранейшаму, нягледзячы на вялікі стаж, рупліва і скрупулёзна рыхтуецца да ўрокаў, прадумваючы да дробязей кожны момант, кожную дэталь, цікавіцца інавацыямі ў галіне адукацыі. Нездарма яе шматгадовая плённая праца, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення сёлета адзначаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Не менш цэнны, запатрабаваны вопыт Ірыны Уладзіміраўны і як класнага кіраўніка. Для дзяцей яна і сябар, і дарадчык, і памочнік у цяжкія хвіліны. Умее падбадзёрыць, падтрымаць у моманты нейкай збянтэжанасці, няўпэўненасці ў сабе. А лепшай падзякай за працу лічыць, калі не губляецца сувязь з былымі вучнямі: пры сустрэчы ці ў сацыяльных сетках цікавяцца справамі, віншуюць са святамі, дзеляцца нечым важным і патаемным, радуюць дасягнутымі поспехамі… І, вядома ж, прызнаюцца, як сумуюць па сваёй настаўніцы, па багатай на яркія ўражанні, радасныя эмоцыі, цікавыя падзеі школьнай пары.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *