“Размаўляць” раз на тыдні – дастаткова?

Мнение Ирины Стычинской

Кожны дзень у дзіцячым садзе, які наведвае мой сынок, пачынаецца аднолькава пазітыўна: з усмешак і нязменнага прывітання “Доброе утро!” Так-так, менавіта “доброго утра” жадаюць адзін аднаму выхавальніца, яе падапечныя і мы, бацькі. І так – да серады…

З яе надыходам усе ўжо ведаюць, што трэба не “разговаривать”, а размаўляць. Бо серада – дзень, калі ў групе гучыць выключна беларуская мова. “Добрай раніцы”, “да пабачэння”, “дзякуй” – чуецца ў раздзявальні. А я ўжо ведаю, што вечарам мяне чакае моўны лікбез ад майго Ясіка.

У чарговы раз з цікавасцю буду слухаць яго шчабятанне і даведаюся шмат чаго “новага”. Як і ў папярэднія беларускамоўныя дні, калі ён з імпэтам расказваў мне пра тое, што патэльня – гэта “сковорода”, сукенка – “платье”, а дыван – гэта зусім не “диван”, а “ковёр”. І гэтаму можна было б толькі парадавацца, але адчуваю занепакоеннасць… На справе ўсе гэтыя словы, якія па сутнасці павінны з маленства ўваходзіць у актыўны слоўнікавы запас, успрымаюцца маленькімі беларусамі як замежныя. Бо і пасля наведвання маім дзіцём англамоўнага гуртка я назіраю аналагічную з’яву. Несумненна, білінгвізм, або двухмоўе, дае свабоду выбару, але ў празмернай вольнасці мы недастаткова ўвагі надаём сваёй – роднай і мілагучнай.

Заўсёды з замілаваннем слухаю людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Такія асобы ўспрымаюцца мной як больш прагрэсіўныя і арыгінальныя. Узгадваю сваю школьную настаўніцу беларускай мовы Інэсу Анатольеўну, якая нават і пасля ўрокаў размаўляла на роднай мове, і нам воляй-няволяй даводзілася падтрымліваць размову на “ламанай беларускай”. Казалі, што нават дома яна не пераходзіць на рускую.

Выклікаюць настальгію ўспаміны аб вучобе ва ўніверсітэце. Факультэт, на якім мне давялося атрымліваць журналісцкую адукацыю, быў беларускай філалогіі і культуры, таму само сабой зразумела, якая мова была прыярытэтнай. Нават ва ўніверсітэцкім кафэ ніхто не саромеўся замест “чая” папрасіць гарбаты. А калі нехта з нас не памятаў якое-небудзь беларускае слова, то ніякай няёмкасці не ўзнікала, бо смела мы ўжывалі іх рускія аналагі, але з беларускім акцэнтам. Трасянка заўсёды была нашай палачкай-выручалачкай. Вясёлы час!

Увогуле, да трасянкі, так званага руска-беларускага дыялекту, у мяне асабліва цёплыя адносіны, бо, па вялікім рахунку, гэта і ёсць мова маіх продкаў. На ёй размаўляюць мае бацькі, землякі і я, калі знаходжуся у іх коле, бо, як кажуць, у чужой бажніцы свечкі не папраўляюць.

Адсюль само сабой узнікае пажаданне, якое будзе не ў дакор нашай педагагічнай сістэме: можа варта часцей, чым раз на тыдні, размаўляць на роднай мове, і тым самым не па раскладзе звяртацца да сваіх вытокаў.

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *