Без параўнальнай ступені

Позиция Валентины Бельченко


Што самае галоўнае ў жыцці? Мяркую, што многія, нават не раздумваючы, адкажуць: здароўе – без яго і свет не мілы. Толькі дужы чалавек упэўнена рухаецца да пастаўленых мэтаў, паспяхова пераадольвае цяжкасці, вытрымлівае значныя нагрузкі… Таму мы і гаворым: “Абы здароўе”. Менавіта за яго найчасцей падымаем тосты, яго ў першую чаргу жадаем сваім родным, сябрам і блізкім. Але мне чамусьці з такой пазіцыяй заўсёды хацелася паспрачацца.

Не, я ні ў якім разе не лічу, што быць хворым, дрэнна адчуваць сябе – гэта нейкая дробязь, нязначная праблема і адсутнасць перашкод. Проста, на мой погляд, здароўе з’яўляецца толькі адным са складальнікаў куды больш важнага і каштоўнага паняцця – шчасця. Хіба не можа быць так: чалавек не скардзіцца на здароўе, але адзінокі ці пакутуе ад чэрствасці і эгаізму самых дарагіх яму людзей, так і не палюбіў сваю работу, не спазнаў кахання, застаўся ў цяжкую хвіліну без падтрымкі, хвалюецца, што лёс ставіць нейкія падножкі ўжо дарослым дзецям… Іншая справа, калі ёсць задаволенасць жыццём, максімум станоўчых эмоцый і мінімум негатыўных. Пры такім раскладзе, думаю, і здароўе лягчэй захаваць, і хваробы, калі прыліпнуць, успрымаюцца не так востра, а пазбавіцца ад іх куды прасцей. Нездарма нехта з мудрых прыкмеціў: “Шчасце не мае параўнальнай ступені”. Гэта па сутнасці ўсеабдымнае паняцце. І тое, што толькі здаровы чалавек можа быць шчаслівы, бадай, самы распаўсюджаны міф. Хаця… І ў ім ёсць нейкая доля ісціны.

Так, у момант, калі адчуваеш невыносны фізічны боль, не задумваешся ні аб чым – толькі б яго сцішыць. Але гэта здараецца хіба што пры значных абвастрэннях хвароб, у выпадках, калі яны перашкаджаюць нармальна жыць. Ды і то… Колькі людзей з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем захоўваюць бадзёры настрой і стан шчасця. А многіх хваробы ўвогуле прымусілі змяніць свой погляд на свет і знайсці ў жыцці падставы для радасці, навучылі прыкмячаць вакол сябе прыгожае і нават несці карысць іншым.

У свеце нямала прыкладаў, калі людзі з абмежаванымі магчымасцямі не толькі шчаслівыя, але і паспяховыя, даволі вядомыя ў свеце асобы. Яны рэалізоўваюць сябе, здзяйсняюць свае мары, натхняюць на добрыя справы і смелыя ідэі іншых, вучаць успрымаць любы момант жыцця як вялікую каштоўнасць.

Аўстраліец Нік Вуйчыч, які нарадзіўся без рук і ног, дзякуючы сіле духу навучыўся працаваць на камп’ютары, лавіць рыбу, гуляць у футбол, катацца на сёрфе і скейтбордзе. Ён атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі, стварыў сям’ю і стаў бацькам. А сёння гэта вядомы ўсяму свету матывацыйны аратар, які сцвярджае, што шчаслівы. І сваім прыкладам паказвае, як трэба быць удзячным Богу за дар жыцця і ніколі не здавацца.

Марк Інгліс з Новай Зеландыі у 2006-м пакарыў Эверэст без абедзьвюх ног. Ён адмарозіў іх у адной з папярэдніх экспедыцый, але не развітаўся са сваёй марай і ажыццявіў узыходжанне на вяршыню.

Прыгожа і кранальна, праймаючы да мурашак, да слёз – не ад гора ці жалю, а ад захаплення – выконваюць складаныя танцавальныя кампазіцыі кітайскія артысты Ма Лі і Джай Сяо Вэй. Яна трапіла, калі было дзевятнаццаць, у аўтакатастрофу, у выніку чаго засталася без рукі. Ён страціў нагу яшчэ ў чатырохгадовым узросце з-за няшчаснага выпадку. Але іх дуэт – гэта грандыёзная ода сіле духу і веры, у першую чаргу – у сябе.

Гледзячы на такіх асоб ці чытаючы пра іх, міжволі прыходзіш да думкі: раз чалавек, які не мае нейкай часткі цела, змог дасягнуць, здавалася б, немагчымага і адчувае сябе шчаслівым, то што нам, людзям “звычайным”, перашкаджае? Часам – нейкая бытавая неўладкаванасць, раздражнёнасць на дробязі, недахоп грошай ці банальная прастуда. А насамрэч усё залежыць ад нашых адносін да сітуацыі, да свету, да жыцця. У рэшце рэшт, да той жа хваробы. Часам мы яе пераўтвараем проста ў звыклае апраўданне. Каб бяздзейнічаць, знайсці падставу для жалю і спачування. Маўляў, горш, як у мяне, не бывае. Хаця ўрачы даўно ўпэўніліся: пазітыўныя эмоцыі ў поўнай меры заслугоўваюць, каб стаць тэрапеўтычнымі мерамі. А аптымістычны настрой хворага на папраўку рэальна творыць цуды.

Хіба не прыкмячаеце вы, што людзей, якія лічаць сябе шчаслівымі, аб“ядноўвае асаблівы погляд на навакольны свет? Відаць, яны ўжо выпрацавалі карысныя звычкі не падаць духам, не журыцца ў любой сітуацыі і не пасаваць перад цяжкасцямі, а знаходзіць ва ўсім плюсы. Вось і адчуваюць сябе лепш, і менш рызыкуюць захварэць.

Я – за шчасце, чаго і вам жадаю.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА