Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стартуе ў Беларусі

Грамадства

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» пачынаецца 10 снежня і прадоўжыцца па 11 студзеня 2019 года. Навагоднія святы, паказы і ранішнікі пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і кожным населеным пункце.

Традыцыйна кіраўнікі дзяржорганаў і прадпрыемстваў, лідары грамадскіх аб’яднанняў наведаюць сацыяльна значныя аб’екты і павіншуюць дзяцей, падораць ім камп’ютарную тэхніку, цацкі, спартыўны інвентар, ласункі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам школ-інтэрнатаў, дзецям са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзецям-інвалідам.

У 2017 годзе рэспубліканскія органы дзяржкіравання, арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду Беларусі, канцэрны, банкі, грамадскія аб’яднанні аказалі матэрыяльную дапамогу, набылі абсталяванне, падарункі на суму большую за Br1 млн 205 тыс. Плануецца, што ў бягучым годзе ў рэспубліканскай акцыі прымуць удзел больш за 90 устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый. Іх прадстаўнікоў чакаюць у больш як 120 дзіцячых дамах, сацыяльных педагагічных цэнтрах, сацыяльных прытулках. Чакаецца, што ў акцыі прымуць удзел больш за 15 тыс. дзяцей.

Галоўнай падзеяй акцыі стане дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам кіраўніка дзяржавы, якое пройдзе ў Палацы Рэспублікі напярэдадні Новага года. На ёлку ўжо запрошаны больш за 2 тыс. дзяцей ва ўзросце 8-14 гадоў з розных рэгіёнаў краіны. Запланаваны іншыя значныя мерапрыемствы: урачыстасці для лепшых навучэнцаў і студэнтаў у Палацы Незалежнасці, ёлкі з удзелам старшынь абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, святы для дзяцей у інтэрнатах, бальніцах і іншых установах. У кожным рэгіёне краіны адбудуцца навагоднія мерапрыемствы для выхаванцаў шматдзетных сем’яў, замяшчальных сем’яў і іншых катэгорый дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце.

У час дабрачыннай акцыі выхаванцы інтэрнатаў, прыёмных, апякунскіх сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу наведаюць рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча», у рэгіёнах пройдуць калядныя балі, святы на гарадскіх лядовых арэнах, дзеці сустрэнуцца са знакамітымі людзьмі краіны, членамі ўрада, дэпутатамі, спартсменамі.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *