Імёны малой радзімы: Аляксандр Радчанка

Главное Нашы праекты: імёны малой радзімы Общество

Шмат дзён свайго жыцця наш зямляк з Рудні Жураўлёвай, зараз – жыхар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Радчанка правёў у вандроўках па розных краінах, прымаючы ўдзел у марафонах. За спінай – тысячы кіламетраў розных дарог па гарах і раўнінах, пустынях і стэпах. Вітаўся за руку з прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам, каралём Эфіопіі, патрыярхам Філарэтам і многімі іншымі вядомымі людзьмі. Ён пасол міру. Нагадаю: рух паслоў міру, які пачаўся ў 2001 годзе, стаў адным з самых буйных у свеце, аб’яднаўшы лідараў розных рангаў, сфер дзейнасці, нацыянальнасцей і культур. Сваёй міратворчай дзейнасцю яны спрыяюць урэгуляванню канфліктаў і ўсталяванню адзінай сусветнай культуры сям’і.

Вучыўся Аляксандр Аляксандравіч у Маскоўскім дзяржаўным інстытуце культуры на тэатральна-рэжысёрскім факультэце, працаваў дырэктарам Палаца культуры Чалябінскага металургічнага камбіната. Але заўсёды марыў пра белыя ночы і Ленінградскія музеі, таму, калі пайшоў на пенсію, пераехаў у Санкт-Пецярбург.

Асноўнае яго захапленне – марафоны. Нават не верыцца, што яму ўжо 66 год. Вось што піша сам пра апошні марафон, які адбыўся ў лістападзе ў Грэцыі: “Рэкордная колькасць удзельнікаў – больш за 18 500 спартсменаў з розных краін – прыехалі на старт у маленькі грэчаскі гарадок Марафон на беразе Эгейскага мора. Тут у 490 годзе да н.э. адбылася вялікая бітва паміж персамі і грэкамі. І грэчаскі воін Фідзіпід першым прыбег у Афіны і прынёс радасную вестку пра перамогу. Але сэрца яго не вытрымала такой нагрузкі, і пасля паведамлення ён упаў як нежывы на цэнтральнай плошчы. Прайшло больш за дзве тысячы гадоў. Шмат было бітваў на грэчаскай зямлі і шмат было вестак – сумных і радасных. Але гісторыя захавала памяць аб вялікім Фідзіпідзе. І ў 1896 годзе на першых Алімпійскіх гульнях, адноўленых пасля тысячагоддзяў забыцця, у Афінах быў дадзены старт новай дыстанцыі. З тых часоў кожны марафонец імкнецца сюды, у г. Марафон, на старт. І далей – да Афін, да Алімпійскага стадыёна. Шлях не просты – з зацяжнымі ўздымамі і спускамі, з пякучым сонцам. Таму амаль ва ўсіх вынікі на марафоне некалькі горшыя. Я не ўвайшоў у чатыры гадзіны, хоць да гэтага марафону і рыхтаваўся некалькі гадоў”.

Як сапраўдны патрыёт малой радзімы Аляксандр бег у майцы з гербам Брагіна. Гэта мы бачым на фатаздымках. Ён запрашае сваіх землякоў прыняць удзел у марафоне, які адбудзецца у Мінску.

“Сябры, не забывайце: наша мэта – сустрэча на міжнародным паўмарафоне ў Мінску ў верасні 2019 года. Нас чакаюць тры дыстанцыі: 5, 10 і 21,1 км. Некаторыя можна прайсці пешшу.
Пасля пераадолення дыстанцыі працягнем сустрэчу і зносіны ў кафэ. Выходзьце на сцяжынкі ў паркі, скверыкі, лес, бяжыце трушком або рухайцеся пешшу з паскарэннем, з палкамі і без. Пераадольвайце прастору, вымярайце Зямлю сваімі нагамі – і вам адкрыецца велізарны свет.
Ваш Аляксандр Радчанка.”

Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА



Добавить комментарий