Шматфункцыянальныя павільёны «Белсаюздруку» — новы ўзровень у рэалізацыі перыёдыкі

Грамадства

Аляксандр Карлюкевіч
Узровень магчымасцей шматфункцыянальных павільёнаў «Белсаюздруку» значна вышэйшы, чым у звычайных кіёскаў па продажы перыядычных выданняў. Такое меркаванне выказаў журналістам міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на адкрыцці першага такога павільёна ў Мінску.

Першы шматфункцыянальны павільён «Белсаюздруку» адкрыўся сёння на праспекце Пераможцаў. Яго плошча — 24 кв.м.

«Мы ўжо думаем аб тым, як шырэй прадставіць перыёдыку ў маштабах шматфункцыянальнага павільёна. Па-першае, тут больш гандлёвых плошчаў. Па-другое, больш шырокія магчымасці, створаны ўмовы для таго, каб пакупнік мог спакойна разглядаць выданні. Такія павільёны дазваляюць адначасова прадставіць больш за 250 перыядычных выданняў», — сказаў Аляксандр Карлюкевіч.

Паводле яго слоў, гэта затратны праект, але ён можа акупіцца менш як за год.

«Тут усё залежыць непасрэдна ад лагістыкі і запатрабаванасці ў пакупнікоў. У розных павільёнах можа быць прадстаўлена розная колькасць экзэмпляраў вядучых грамадска-палітычных выданняў краіны», — адзначыў міністр.

У павільёне новага мультыфункцыянальнага фармату наведвальнікам упершыню прадастаўлена магчымасць зараджаць электронныя гаджэты, безлімітна карыстацца паслугай доступу ў інтэрнэт праз высакаскорасны Wi-Fi. Для паляпшэння ўзроўню абслугоўвання прадпрыемства «Белсаюздрук» увяло сістэму ацэнкі персаналу — «лайкер», дзякуючы якой стала магчымым аператыўна рэагаваць на заўвагі, прапановы і пажаданні. Таксама стала даступнай размова з прадаўцамі на розных мовах свету праз анлайн-перакладчык.

У перспектыве плануецца аказваць такія паслугі, як выклік таксі і экстранных службаў, заказ трансфераў у аэрапорт, гасцініцу і за межы горада, а хутка тут можна будзе аплаціць камунальныя паслугі, купіць білеты на спектаклі, канцэрты і фестывалі, выбіраць падарачныя сертыфікаты забаўляльных цэнтраў і буйных магазінаў.

Смарт-канцэпт разумнага павільёна прадугледжвае не толькі прадастаўленне абсалютна новага спектра паслуг, арганізацыю прасторы і выкладкі перыядычных выданняў і кніг у даступным і камфортным фармаце самаабслугоўвання, але і інжынернае выкананне ў эрганамічным дызайне, якое ідэальна ўпісваецца ў гарадскую архітэктуру, з прымяненнем энергаэфектыўных тэхналогій. Экстэр’ер павільёна выкананы ў пазнаваемым стылі.

На ўваходнай групе інфаграфіка ў выглядзе іконак, якія адлюстроўваюць увесь спектр паслуг і магчымасцей, а таксама QR-коды, што дазваляе імгненна перайсці на афіцыйны сайт прадпрыемства, інтэрнэт-магазін, яго афіцыйныя старонкі ў сацыяльных сетках. Такі мультыфункцыянальны павільён стаў сапраўдным падарункам для гасцей Беларусі, удзельнікаў і балельшчыкаў II Еўрапейскіх гульняў. Спецыяльна да спартыўнага форуму для замежных гасцей у павільёнах пачаў функцыянаваць карысны інтэрактыўны памочнік — гарадскі навігатар.

«Такіх павільёнаў павінна быць некалькі дзясяткаў да моманту адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Усе пляцоўкі пад павільёны мы вызначаем разам з Мінгарвыканкамам. І я спадзяюся, што гэты праект будзе паспяховым», — падкрэсліў міністр.

Сёння гандлёвае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белсаюздрук» — гэта буйнейшая гандлёвая сетка краіны, якая ўключае павільёны, кіёскі, магазіны. У аснове дзейнасці прадпрыемства — прадастаўленне шырокага асартыменту друкаванай прадукцыі, афармленне падпіскі, рэалізацыя білетаў на транспарт, спадарожных тавараў і, безумоўна, мэтанакіраванае развіццё і тэхналагічныя інавацыі, у тым ліку ў выглядзе смарт-паслуг, якія з’яўляюцца дадатковымі сацыяльнымі праектамі для зручнасці жыхароў і гасцей краіны.

БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *