Род Кацубаў: праслаўлялі Брагін і стваралі яго каштоўнасці

Год малой родины Нашы праекты: імёны малой радзімы

У  Год малой радзімы мы расказваем не толькі пра памятныя мясціны Брагіншчыны, яе  гістарычнае мінулае, самабытную культуру і абрады, але і пра людзей, якія нарадзіліся тут, жылі дружнымі і вялікімі сем’ямі,  дбалі аб дабрабыце роднага краю, марылі аб шчасці сваіх дзяцей.

Алена Піліпаўна Кацуба (Сяргеева) —  прадаўжальніца вялікага  роду. Яе бацька, Піліп Піліпавіч Кацуба, нарадзіўся ў Брагіне ў  1884 годзе. Ён стаў выдатным кавалём, вырабляў петлі, цвікі, нажы, вілы, розны сельскагаспадарчы інвентар. Нават дах дома  пакрыў  бляхай. Дарэчы, кузню меў  сваю. Матэрыяльна сям’я па тым часе была забяспечана ўсім, у доме панаваў дастатак, бо Піліп Піліпавіч шмат працаваў, а яго вырабы карысталіся вялікім попытам у насельніцтва. На жаль, у 1944 годзе захварэў і раптоўна памёр. Вось тады дзецям і жонцы давялося зведаць голад і нястачу. Засталіся без кармільца і свайго жылля, бо дом, які дастаўся ў спадчыну, немцы спалілі ў лістападзе 1943 года.

Маці, Яўгенія Анфіонаўна Скрыпчанка, равесніца бацькі,   пайшла з жыцця  ў 1974-м. Пахавана ў Брагіне. У іх  было чацвёра дзяцей: старэйшы сын Аляксей (ад папярэдняга шлюбу), дочкі Алена, Варвара і Людміла. Першая жонка Піліпа Піліпавіча,  Марыя Макавец,   памерла, таму ён ажаніўся ў другі раз. З пяцігадовага ўзросту Лёша выхоўваўся разам з дзяўчатамі. Пра  тое, што ён – зводны брат, Алена Піліпаўна даведалася ад суседзяў, калі ўжо стала дарослай. Але гэта не паўплывала на  пачуцці родных людзей. На працягу ўсяго жыцця адносіны  заставаліся такімі ж цёплымі і прыязнымі.

Нарадзілася Алена Кацуба 2 кастрычніка 1921 года. Пасля заканчэння сярэдняй беларускай школы паступіла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум на курсы бухгалтараў, якія закончыла з адзнакай і была накіравана ў вызваленыя раёны Беларусі (г. Маларыта). Там яе застала Вялікая Айчынная вайна. Было вельмі складана дабірацца да Брагіна, бо самалёты бамбілі ўсю тэрыторыю. Цудам не загінула, прыехала на малую радзіму і разам са сваёй сям’ёй перажыла ўсе нягоды фашысцкай акупацыі,  дачакалася вызвалення. І хаця прайшло з тае пары шмат гадоў, не магла  без  слёз  узгадваць суровыя  будні, голад і страх, салдат і афіцэраў, якія паклалі свае галовы на палях змаганняў, абараняючы Айчыну.

З будучым мужам пазнаёмілася ў сябе на малой радзіме. Лейтэнант Аляксей Сяргееў, рускі па нацыянальнасці,  адразу прыглянуўся маладой дзяўчыне.  У іх нарадзілася трое сыно: Мікалай (3 сакавіка 1947 года), Віктар (8 кастрычніка 1948 года) і Юрый (16 красавіка 1953 года). Сям’я жыла дружна, у любові і злагадзе. Пасля вайны на месцы бацькоўскай хаты пабудавалі па вуліцы Кірава, 20  прасторны дом.  На жаль,  шчасце было нядоўгім, у хуткім часе Аляксея Васільевіча не стала. Дзяцей Алена Піліпаўна выхоўвала адна. Шмат выпрабаванняў выпала на яе долю, але ж дабрата і любоў да людзей дапамаглі ёй пераадолець усе жыццёвыя  цяжкасці. Жанчына вельмі хацела, каб  хлопчыкі былі адукаванымі і знайшлі сваё прызванне. Яе надзеі спраўдзіліся. У кожнага – моцная сям’я, дзеці, любімая работа.

На заслужаны адпачынак Алена Піліпаўна пайшла з пасады галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі Брагінскага райвыканкама. Яе працоўны стаж складаў 45 гадоў. Наша зямлячка заўсёды вылучалася інтэлігентнасцю, добрым пачуццём густу, выхаванасцю. Прафесіяналізм, сабранасць і пунктуальнасць дапамагалі ў рабоце і ў жыцці. Узнагароджана медалём “Ветэран працы”. У вольныя хвіліны любіла чытаць часопісы і газеты, вышываць і вязаць. Яе работы не адзін раз былі прадстаўлены на раённых конкурсах.

Брат Аляксей ажаніўся ў 1941-м на  Валянціне Казловай з Рыжкава, якая працавала медыцынскай сястрой у райбальніцы Брагіна. Прайшоў усю вайну, жыў з Валянцінай па вуліцы Кірава.

Сярэдняя сястра Варвара закончыла курсы медыцынскіх сясцёр і ўладкавалася ў раённую бальніцу. Разам з мужам Аляксандрам Лазовікам на агародзе свекрыві па вуліцы Южнай, 16 узвялі дом. Пасля аварыі на ЧАЭС пераехалі ў Мінск.

Малодшая з роду Кацубаў, Людміла, пражывала ў Брагіне са сваёй сям’ёй і мамай, Яўгеніяй Анфіонаўнай, па вуліцы Кірава побач з Аленай Піліпаўнай.  Тэхнагенная катастрофа, якая адбылася ў красавіку  1986-га, вымусіла пакінуць  родны Брагін і перабрацца  ў Астрашыцкі гарадок.

Паважаюць і цэняць таго, хто сваёй працай, розумам і лепшымі чалавечымі якасцямі заслужыў павагу, жыў сумленна, выпраменьваючы дабрату і святло, стараўся быць карысным для грамадства. Аўтарытэтам сярод калег і суседзяў, жыхароў гарпасёлка  карысталася  і Алена Піліпаўна  Сяргеева (Кацуба). Хто ведаў яе, працаваў побач, няхай узгадаюць з удзячнасцю і светлым сумам. Такія людзі, як яна і яе родныя, праслаўлялі Брагін і стваралі яго каштоўнасці.

Ніна СІНІЛАВА

Фота з сямейнага альбома

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *