Сёння мы раскажам яшчэ пра адну дынастыю брагінчан з прыгожым беларускім прозвішчам Лазовік. Старэйшы прадстаўнік роду Антон Адамавіч (1886 – 1982) вырас у шматдзетнай сям’і, у яго было сямёра братоў і сясцёр. Служыў у царскай арміі пяць гадоў, ваяваў у першую сусветную вайну і закончыў баявы шлях у Венгрыі. За храбрасць і мужнасць наш зямляк атрымаў шматлікія ўзнагароды. На жаль, у час пажараў і перездаў яны згубіліся.
Калі пасля службы вярнуўся дамоў, бацькі пасваталі прыгожую дзяўчыну Тэклю Раманавец, маладзейшую за Антона Адамавіча на 15 гадоў. Да жаніцьбы ў яго быў зруб будучага дома і хромавыя чобаты. Вось і ўсё багацце. Кемлівы і працавіты, Антон Лазовік слыў добрым цесляром, дапамагаў людзям будаваць хаты. Тэкля, калі ўзгадвала сваё вяселле, а яно доўжылася некалькі дзён, падкрэслівала, што гасцям хапіла адной скрыні гарэлкі. Спіртнога ў той час вяскоўцы ўжывалі мала, хаця ўмелі павесяліцца ад душы.
Брата Антона Адамавіча, Карнея, расстралялі ў Брагіне ў 1937 годзе, а Лаўрэнцій загінуў у савецка-фінскую вайну ў 1939 годзе. Сястра Агаф’я пражыла доўгае жыццё і памерла ў 1995-м.
Тэкля Фёдараўна Раманавец з’явілася на свет 6 чэрвеня 1903 года ў в. Шкураты. У яе быў родны брат Якаў (яны – дзеці ад другога шлюбу бацькі), а яшчэ зводныя брат і сястра Сяргей і Елізавета. Якаў быў жанаты на прыгажуні Наталлі, якая падаравала яму пяцёра дачок. У 1941-м яго прызвалі ў Чырвоную Армію, і з таго часу роднага і каханага чалавека больш не бачылі. Дочкі Дуся, Фрося і Марыя завербаваліся ў Керч, дзе працавалі на рыбным комплексе. Крым засяляўся, і многія беларусы паехалі туды на працу. Дзяўчаты выйшлі замуж, стварылі свае сем’і і на Брагіншчыну не вярнуліся.
Пасля смерці сваіх бацькоў Тэкля засталася сіратой і пражывала ў доме зводнага брата Сяргея. Гэта быў цяжкі і складаны перыяд у яе біяграфіі. Працавала на пана, атрымліваючы за гэта капейкі. Іх ледзьве хапала, каб не памерці з голаду. Адзіную сукенку берагла, а калі мыла, чакала, пакуль высахне. Другой не было.
Пасля таго як выйшла замуж за Антона Лазовіка, пераехала ў в. Вялікі Лес, дзе і стаяў зруб. Але землі ў гэтых мясцінах былі малаўрадлівыя, пустыя, як іх называлі, і сям’я перабралася ў пасёлак Уладзіміраўскі Брагінскага раёна. Тут давалі вялікія надзелы. У хуткім часе пабудавалі хату, нарадзіліся дзеці: Ніна, Фёдар, Аляксей і Валянціна.
Лазовікі апрацоўвалі сваю зямлю, атрымлівалі нядрэнныя ўраджаі, які давалі магчымасць перажыць зіму і пракарміць сям’ю. Антон Адамавіч цяслярыў, а Тэкля Фёдараўна хадзіла на працу ў калгас. Перад пачаткам вайны гаспадар паехаў на заробкі ў Расію, ды там і застаўся. Не ведаючы нічога аб лёсе сваёй сям’і, стварыў новую. Ужо пасля вайны дачка Ніна пачала пошукі бацькі. Той, даведаўшыся, што дзеці і жонка не загінулі ў час акупацыі, вярнуўся на радзіму.
Выжылі яны цудам. Вёску спалілі, а ўсіх жыхароў разам з жывёлай пагналі, каб пагрузіць у эшэлоны і адправіць у Германію. Як расказвала Тэкля Фёдараўна, на пад’ездзе да Хойнік на коннай падводзе да іх пад’ехала жанчына (аўстрыйка). Яна карысталася аўтарытэтам у начальніка нямецкага штаба і папрасіла пакінуць людзей з Вялікага Леса, не адпраўляць у Нямеччыну, і такім чынам выратавала ім жыццё.
А ў другі раз зберагала сям’ю … карова. Калі немцы гналі людзей па чужой вёсцы, рагуля забегла ў чыйсьці двор. Гэты момант выкарыстала жанчына, сама пайшла за ёй і дзяцей пацягнула, схавала за фортку. Людзей пагналі, а яны засталіся.
Ніну ўключылі ў спіс для перасылкі ў Германію. Высакароднасць і мужнасць праявіў брат Фёдар. Ён даў згоду паехаць замест сястры. На чужыне прабыў да канца вайны. Тэкля Фёдараўна з разам з дзецьмі перажыла ўсю вайну на акупіраванай тэрыторыі, пякла хлеб для партызан. Яна была мужнай і бясстрашнай, выстаяла, зберагла дзяцей, за што ёй вялікі дзякуй ад унукаў і праўнукаў.
Ніна потым закончыла тэхнікум і настаўнічала на Брагіншчыне. Яе зноў хацелі адправіць у Германію, а каб гэтага не здарылася, выйшла замуж (сямейных не чапалі). Яе каханы быў прызваны ў армію, змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай і загінуў. Пасля вызвалення раёна сям’я пераехала ў Мікулічы і заняла дом Фяськовых, бо свой згарэў. А калі гаспадары вярнуліся назад, дзвюм сем’ям давялося дзяліць жылую плошчу. Так, відаць, было наканавана лёсам. Дэмабілізаваўся з арміі іх сын Аляксей і ажананіўся на Ніне. Аляксей Акімавіч быў накіраваны інструктарам райкама партыі ў Лельчыцы, а потым – у Брагінскі РАУС. Атрымаў у Брагіне кватэру і пераехаў сюды з жонкай і сынамі Валерыем і Анатолем. І Аляксей Акімавіч, і Ніна Антонаўна, якая да пенсіі таксама працавала ў міліцыі, пахаваны ў Брагіне.
Іх сын Валерый пасля заканчэння васьмі класаў Брагінскай школы выехаў з гарпасёлка, пасля службы ў войску паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычны факультэт і атрымаў накіраванне ў Калінінград. Пракуратура, следчы камітэт, школа міліцыі, у якой выкладаў і якая потым стала Акадэміяй, пакінулі адбітак на характары і паводзінах. У час службы разам з курсантамі быў у гарачых кропках, удзельнічаў у ліквідацыі вынікаў аварыі ў Спітаку і на ЧАЭС у Брагінскім раёне.
Фёдар Лазовік, які замест сястры апынуўся ў Германіі, працаваў там на заводзе. Цяжка даводзілася падлетку выконваць складаную работу, якая пад сілу была дарослым. Яго будучая жонка Аня Ярац у гэты час батрачыла ў нямецкай сям’і. Ведаючы, што на заводзе шмат рускіх, насіла ім прадукты харчавання. Родам яна з вёскі Рыжкаў. Пасля вяртання на радзіму Фёдар і Аня стварылі сям’ю, жылі ў бацькоўскім доме па вуліцы Южнай,14.
Фёдара Антонавіча як сумленнага чалвека і добрага сем’яніна павінны памятаць у сельгастэхніцы (ранейшая назва ААТ “Брагінаграсэрвіс”). Пасля аварыі на ЧАЭС ён займаўся эвакуацыяй абсталявання з зоны адчуджэння, цяжка захварэў і 27 ліпеня 1987 года памёр. Пахаваны ў Брагіне. Яго Аня працавала ў райбальніцы, а калі людзей з забруджанай тэрыторыі адсялялі, апынулася з сынам Аляксандрам у Светлагорску, а потым – у Растове-на-Доне, куды забрала ўнучка. Там яе і праводзілі ў апошні шлях.
Калі пачалася Вялікая Айчынная, Аляксандру Лазовіку споўнілася 13 гадоў. Разам з Тэкляй Фёдараўнай, сёстрамі Нінай І Валянцінай ён жыў у чаканні вызвалення ад карычневай чумы, якая перакрэсліла дзяцінства, прымусіла галадаць і пакутаваць. Па ўспамінах родных, быў упартым і настойлівы. Тэрміновую службу праходзіў спачатку ў Калінінградзе, а потым – на Поўначы. Пасля арміі да 1953 года распрацоўваў цалінныя землі, а ў 1953-м вярнуўся ў Брагін і ўладкаваўся ў сельгастэхніку трактарыстам. Яго жонка Варвара Кацуба да выхаду на песію працавала ў Брагінскай бальніцы ў рэгістратуры.
Валянціну браты і сёстры, пляменнікі вельмі любілі і жартам называлі “хадзячы камп’ютар”, таму што яна пра ўсіх усё ведала, зберагала памяць пра свой род. І цяпер, калі яе няма ўпобач з намі, многае з таго, што аб’ядноўвала, звязвала гэтых людзей, забылася, а без Валянціны Антонаўны ўзнавіць некаторыя падзеі цяжка. І ўсё ж яна паспела данесці да свядомасці маладога пакалення Лазовікаў, што іх дзяды і прадзеды былі сапраўднымі патрыётамі, працавітымі і ўмелымі, жылі годна, не баяліся цяжкасцяў і ўмелі пераадольваць іх. Імі можна ганарыцца.
Ніна СІНІЛАВА
Фота з сямейнага альбома