У Брагінскім раёне працягваецца месячнік па добраўпарадкаванні населеных пунктаў

Главное

Яшчэ, здаецца, некалькі сонечных, цёплых дзён – і вясна ўпрыгожыць наваколле першай зелянінай, напоўніць яго спевамі пералётных птушак, разалье белы кіпень па садах. Час абнаўлення і ў прыродзе, і ў населеных пунктах. У такую пару года хочацца прыгажосці, хараства, гармоніі, як ніколі. Таму адным з галоўных клопатаў дбайных гаспадароў з’яўляецца прывядзенне ў належны стан пасля зімы двароў, вуліц, паркаў, прылеглых да будынкаў участкаў.

Працоўныя калектывы, домаўладальнікі, неабыякавыя жыхары ўключаюцца ў масавую акцыю па добраўпарадкаванні тэрыторый. Ачысціць іх ад смецця, дарогі і бардзюры – ад пяску, прадумаць, як будуць выглядаць кветнікі, – гэта толькі пачатковы этап агульнай працы на карысць роднага краю.

Не менш важна там, дзе ёсць патрэба, падладзіць і пафарбаваць агароджу, малыя архітэктурныя формы, ажыццявіць рамонт асфальтавага пакрыцця, пабяліць бардзюры, азеляніць тэрыторыі, разбіць клумбы, – звяртае ўвагу начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Сяргей ПРЫХОДЗЬКА.

Толькі ў Брагіне, па яго словах, падчас арганізаванага 22 сакавіка суботніка пасаджана сто маладых дрэў. А ў цэлым іх колькасць на тэрыторыі райцэнтра павінна перавысіць тысячу. Асноўныя пароды – бяроза, ліпа, клён, рабіна, сумах. Плануецца таксама пашырыць плошчы для кветак.

Мэта гэтых і іншых мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні адна – каб нашы населеныя пункты сталі агульным гонарам, прыкладам для пераймання ў стварэнні зручных, камфортных умоў для жыцця, працы і адпачынку. Іх стан, знешні выгляд у нейкай ступені з’яўляюцца ацэнкай нашага працалюбства, сумленнасці і свядомасці. Таму ад мясцовых жыхароў патрабуецца, з аднаго боку, пастаянны клопат пра чысціню і парадак у агульным доме, а з другога – беражлівае абыходжанне з тым, што створана для нас і будучых пакаленняў. Абавязвае ўзорнае абсталяванне Брагіна і Камарына: патрэбна не толькі захаваць зробленае, але і дасягнуць яго эстэтычнай выразнасці, прымножыць вынікі працы – напал работ па добраўпарадкаванні не спадае.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *