Ураджай-2019: мінулагоднія  недапрацоўкі і  ўпушчэнні  ўлічаны

Важное Сельское хозяйство

 

На гэтую веснавую кампанію аграрыі раёна ўскладвалі вялікія надзеі. Яна павінна стаць пераломнай у іх рабоце па дасягненні высокіх ураджаяў зерневых і зернебабовых, забеспячэнні жывёлагадоўчай галіны якаснымі кармамі, і ў першую чаргу фуражным зернем.

Палепшыць вынікі ў раслінаводстве без  строгага захавання тэхналогіі, вызначэння структуры пасяўных плошчаў з улікам бальнасці зямель і падліку рэнтабельнасці вырошчвання сельгаскультур нельга. Гэта разумеюць і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, і спецыялісты. Засушлівы і неспрыяльны 2018-ы многаму навучыў. Недабор зерня каласавых сельгасвытворцы змаглі кампенсаваць  за кошт кукурузы, таму сёлета плошчы пад стратэгічна важную культуру ў раёне пашыраны. Ёй адводзяць 14 660 гектараў, з якіх 3700 – на зерне, і 10 960 – на зялёную масу.

У вобласці кукурузу на насенне вырошчваюць 24 гаспадаркі сямі раёнаў, у тым ліку і нашага.  На Брагіншчыне – пяць адкрытых акцыянерных таварыстваў з сямі (за выключэннем “Камарынскага” і “Брагінскага”).  Як расказаў галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Максім Каўцэвіч, насенны клін займае 700 гектараў. Кукурузныя пачаткі адпраўляюць на дзяржаўнае прадпрыемства “Эксперыментальная база “Крынічнае” (Мазырскі раён). Тут насенне адкаліброўваюць па фракцыях і вазе, пратручваюць. Можна забіраць гатовы матэрыял і сеяць.

Дарэчы, дырэкцыя эксбазы па выніках мінулага года  заахвоціла матэрыяльна сельгаспрадпрыемствы, якія адправілі на перапрацоўку больш чым па 500 тон пачаткаў у заліковай вазе. Прэмію ў суме 100 базавых атрымала адкрытае акцыянернае таварыства “Імя Жукава” (дырэктар – Сяргей Міхаленка).

Аптымальны час для сяўбы каралевы палёў – трэцяя дэкада красавіка і першая мая. Максім Юр’евіч падкрэсліў:

Да 9 мая неабходна загарнуць у глебу насенне кукурузы на ўсёй плошчы. Каб справіцца з гэтай задачай, механізатарам давядзецца працаваць у полі ўвесь светлавы дзень, а калі спатрэбіцца, і ў дзве змены. Раней пасеем, без страт збяром добры ўраджай. На сёння ў гаспадарках налічваецца 18 кукурузных сеялак, яшчэ пяць новых паступяць у хуткім часе. ААТ “Пераможнік”, напрыклад, ужо атрымаў  новы агрэгат ТСМ-8000 вытворчасці ААТ “Мазыртэхсэрвіс”. У асноўным яны выкарыстоўваюцца для сяўбы каралевы палёў. На ўзбраенні хлебаробаў ААТ “Малажынскі” – 24-радная “Кінза”. З улікам іх плошчаў, такая сельгасмашына проста неабходна.

На 18 красавіка ўжо пасеяна 982 гектары кукурузы. Акрамя гэтага, у гаспадарках вя-дзецца другая падкормка азімых азотнымі ўгнаеннямі, азімыя і яравыя культуры ўшчыльняюцца шматгадовымі травамі: канюшынай, люцэрнай, цімафееўкай лугавой і купкоўкай зборнай. Жывёлагадоўчая галіна павінна быць забяспечана не толькі зернефуражом, але і травянымі кармамі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *