Чатыры юныя прадстаўнікі Брагіншчыны сталі прызёрамі абласной алімпіяды па вучэбных прадметах. Што прывяло да поспеху?

Важное Грамадства

 

Ягор СУШЧАНКА, гімназія г.п. Брагіна, 5 клас:

– На паглыбленае вывучэнне гісторыі мяне нахтніла Антаніна Мікалаеўна Лявоненка, мая настаўніца. Яна гаварыла: калі імкнуцца, то ўсё атрымаецца. І гэтым дапамагла мне паверыць у свае сілы. Падрыхтоўку да алімпіяды мы ажыццяўлялі з пачатку навучальнага года. Каб палепшыць свае веды, я працаваў над тэстамі, выконваў дадатковыя заданні, чытаў параграфы на апярэджанне, звяртаўся да інфармацыі, якой няма ў падручніку. Вынікам сваім я задаволены – трэцяе месца. Мне асабліва цікава знаёміцца з гісторыяй узнікнення дзяржаў.

Ганна ЦАЛУЙКА, гімназія г.п. Брагіна, 7 клас:

– Лічу, што мне дапамаглі заваяваць другое месца ў абласной алімпіядзе любоў да прадмета і ўпартая, настойлівая падрыхтоўка. Цікавасць да нямецкай мовы ў мяне абудзіла яшчэ ў раннім узросце маці. Яна выкладае ў школе менавіта гэты прадмет. А калі я закончыла чацвёрты клас і паступіла ў гімназію, мяне захапілі ўрокі Алены Дзмітрыеўны Харко. На чале з ёй і рыхтуюся да ўдзелу ў алімпіядным руху з пятага класа. Як вынік – тры гады трымаю лідарства па нямецкай мове на раённым узроўні. У мінулым годзе заняла трэцяе месца на абласным этапе, а сёлета ўдалося падняцца яшчэ на прыступку вышэй. Для гэтага давялося шмат самастойна і разам з настаўніцай працаваць, у тым ліку падчас канікул.

Ксенія ЕФІМЕНКА, гімназія г.п. Брагіна, 7 клас:

– Амаль увесь свой вольны час я затрачвала на біялогію, інтарэс да якой выклікала Наталля Іванаўна Тарасевіч. Гэты прадмет, як і ўсе вучні, я пачала вывучаць з шостага класа. Але паспрабаваць свае сілы ў алімпіядзе вырашыла праз год. Усё пачалося са стартавых заданняў: з трох вучняў нашага класа я і Соня Дамарадава справіліся з імі лепш – набралі аднолькавую колькасць балаў. І гэта дало нам магчымасць стаць удзельніцамі раённай алімпіяды. Мне пашанцавала выйсці ў пераможцы. А абласны этап прынёс дыплом трэцяй ступені. У будучым я планую звязаць сваё жыццё з медыцынай, так што веды па біялогіі спатрэбяцца.

Сцяпан ХАРКО, Малажынская СШ, 5 клас:

– Мне вельмі пашанцавала, што пры падрыхтоўцы да алімпіяды я мог разлічваць на дапамогу не толькі ў школе, але і дома. Святлана Іванаўна – мая настаўніца і маці ў адной асобе. Яна добра ведала, якія тэмы ў беларускай мове і літаратуры выклікаюць у мяне найбольшыя цяжкасці. І каб ліквідаваць гэтыя прабелы, большую ўвагу давялося скіраваць на фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі, а таксама творы і партрэты дзіцячых пісьменнікаў і паэтаў. Дадаткова займаўся я шмат. Але, шчыра кажучы, не разлічваў на поспех нават на раённым этапе. Трэцяе месца ў вобласці стала для мяне нечаканай і вельмі радаснай навіной.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *