У гонар абаронцаў: там, дзе Днепр быў пад агнём

80 гадоў вызвалення Беларусі Год малой родины Грамадства

Шчодра надзяліла Камарын прырода шыкоўнымі краявідамі. Веліч дубоў і соснаў, шапаценне зеляніны, водар ад рачной вады, блакітнае неба – усё тут здаецца адметным, асаблівым. І нават цяжка паверыць, што яшчэ некалькі дзясяткаў год таму на гэтых маляўнічых прасторах кіпела небывалая па сваім размаху і напружанні дняпроўская бітва.

Менавіта адсюль пачыналася вызваленне рэспублікі ад фашысцкай акупацыі. Як сведчанне – помнік у выглядзе разгорнутага сцяга з барэльефнай выявай воінаў і партызан, на якім пазначана: “Доблестным воинам 15-го стрелкового корпуса 13-й армии Центрального фронта, форсировавшим реку Днепр и 23 сентября 1943 года освободившим от немецко-фашистских оккупантов г.п. Комарин, деревни Н. Иолча, Берёзки – первые населённые пункты Белоруссии”.

Вечны спакой на камарынскай зямлі знайшлі больш за 900 абаронцаў, якія загінулі ў верасні 1943 года, вызваляючы навакольныя мясціны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе яны, у тым ліку і шэсць Герояў Савецкага Саюза: Араз Анаеў, Васіль Баяркін, Дзмітрый Грачушкін, Мікалай Грышчанка, Фёдар Паўлоўскі і Мікалай Якаўлеў, пахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан.

Сёлета, дарэчы, Дзень Перамогі пасёлак над Дняпром сустрэў у новым абліччы: не толькі адрамантаваны помнікі, але і з’явіўся парк у памяць аб вызваліцелях гэтага паўднёвага куточка Палесся. Адпаведны праект, як нагадаў старшыня Камарынскага сельсавета Віктар Свіслоўскі, быў падрыхтаваны па ініцыятыве Уладзіміра Дворніка, на той момант – губернатара Гомельскай вобласці, у гонар святкавання 75-й гадавіны пераможнага фарсіравання Дняпра.

Новая зона добраўпарадкавання размясцілася каля культурна-спартыўнага цэнтра – на месцы, дзе былі выкарчаваны старыя і пашкоджаныя жукамі-караедам сосны. Тэрыторыю занялі больш чым паўтары сотні маладых дрэў і кустарнікаў, пешаходныя дарожкі, альтанкі, лаўкі, дзіцячая гульнявая пляцоўка. А ў цэнтры ўсталявана стэла ў выглядзе стылізаваных штыкоў, накіраваных увышыню, як знак перамогі. Яна ўвенчана пяціканцовай зоркай і прыцягвае ўвагу надпісамі, што вяртаюць жыхароў і гасцей пасёлка ў гераічнае мінулае, паведамляюць аб грозных падзеях, якія разгарнуліся калісьці на найпрыгажэйшай прыдняпроўскай зямлі. Побач – экспазіцыя ваеннай тэхнікі.

Усё – як сведчанне гераізму, мужнасці і славы нашага народа. Як светлая памяць, шчырая ўдзячнасць і паклон усім, хто не павярнуў назад, не скарыўся перад ворагам, адстаяў свабоду, дазволіў нам радавацца міру і спакою. Так у адзіным ландшафтным дызайне ўдала спалучыліся месцы, дзе можна не толькі адпачыць, але і паглыбіцца ў гісторыю.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *