Гераічнае  мінулае  і  працоўныя  будні

Официально

Якім быў шлях да незалежнасці краіны,  як адрамантаваць жыллё,  выявіць  рак  на  ранніх  стадыях – аб гэтым і не толькі ішла размова ў час сустрэчы кіраўніцтва раёна з партнёрамі хлебаробаў.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, у пятніцу, 21 чэрвеня, сустрэлася з  калектывам ААТ “Брагінаграсэрвіс”.

“Перамога, незалежнасць, памяць” – першая тэма, якую кіраўнік раённай вертыкалі абмеркаваў з прадстаўнікамі абслугоўваючай арганізацыі. Напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна асабліва актуальная. Аляксандр Васільевіч нагадаў прысутным аб самых драматычных  і гераічных падзеях Вялікай Айчыннай, у тым ліку  і на тэрыторыі Брагіншчыны, развіцці партызанскага  і падпольнага  руху, доўгачаканым вызваленні рэспублікі, якое пачалося з Камарына.

Незалежная Беларусь не толькі адрадзілася пасля вайны, залячыла раны, але і прымножыла ўсё лепшае, што было створана нашымі папярэднікамі. Яна ўпэўнена рэалізуе ідэю сацыяльнай дзяржавы – дзяржавы для народа.

Шмат увагі кіраўнік раёна ўдзяліў развіццю і эканоміцы “Брагінаграсэрвіса”,   стабільнасці прадпрыемства. Аляксандр Васільевіч параіў, як палепшыць фінансавае становішча, якія культуры вырошчваць, каб папоўніць рахункі грашовымі сродкамі.

Як у нашай краіне клапоцяцца аб франтавіках, ветэранах Вялікай Айчыннай вайны,  расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Людміла Данчанка. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Раман Цеслянок паведаміў аб ініцыятыве Федэрацыі  прафсаюзаў устанавіць каля падножжа Кургана Славы (сёлета спаўняецца 50 год з дня яго адкрыцця) грозную зброю – штурмавік Іл-2. Адкрыты дабрачынны рахунак, на які могуць пералічыць грошы ўсе жадаючыя.

Пра тое, што на  Брагіншчыне ўзводзіцца жыллё  не толькі з падтрымкай дзяржавы, але і за ўласныя сродкі забудоўшчыкаў, праінфармавала галоўны архітэктар  раёна Тамара Алесянкова. Адказваючы на пытанні рабочых, Тамара Георгіеўна растлумачыла, што льготны крэдыт на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых пабудоў (Указ Прэзідэнта РБ №75) можна браць і тым, хто прыватызаваў дом або кватэру.

Галоўны ўрач ЦРБ Ігар Кірэня назваў ААТ “Брагінаграсэрвіс” лепшым прадпрыемствам па арганізацыі медыцынскага агляду і абследавання. Ён расказаў аб трох відах скрынінгу, якія дапамагаюць выявіць хваробы на ранніх стадыях. Да слова, такім чынам устаноўлены 22 выпадкі захворвання на рак. Ігар Яўгенавіч адказаў на пытанні, якія датычыліся алкагалізацыі насельніцтва, лячэння хворых метадам кадзіравання.

Расказваючы прысутным аб крыміна-геннай сітуацыі ў раёне, начальнік штаба аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Наталля Бандарэнка папрасіла іх інфармаваць міліцыю аб фактах сямейных скандалаў і іншых негатыўных з’явах нашага жыцця, месцах знаходжання  пасеваў маку і канаплі.

Падчас сустрэчы Аляксандр Кохан  спыніўся і  на пытаннях бяспекі дзяцей у перыяд летніх канікул.

Ніна СІНІЛАВА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *