Поспех  спадарожнічае  тым, хто  зацікаўлены  ў  развіцці

Главное Официально

На пачатку апаратнай нарады Аляксандр Кохан падзяліўся  ўражаннямі ад паездкі ў Несвіжскі раён Мінскай вобласці, дзе група кіраўнікоў Гомельшчыны пабывала з мэтай АБМЕНУ ВОПЫТАМ. Ёсць чаму павучыцца ў сталічнага рэгіёна ў пытаннях культуры земляробства, навядзення парадку, будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’ектаў, арганізацыі працы. Гэта – арыенціры, да якіх неабходна імкнуцца. І магчымасць укараніць  станоўчы вопыт ёсць у кожнага кіраўніка, – падкрэсліў Аляксандр Васільевіч.

ВОДАКАРЫСТАННЕ –  адно з пытанняў, якое  заўсёды актуальнае, а ў летні  час асабліва. З прыходам спякоты пачынаецца паліў агародаў, а жыхары шматпавярховак у гарадскіх пасёлках скардзяцца на адсутнасць вады або слабы ціск. Таму работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі патрэбна “трымаць руку на пульсе”, як кажуць, і своечасова вырашаць гэтыя  праблемы. Што датычыць паліваў, дык калі вада ідзе праз лічыльнік – гэта нармальна. А вось іншыя сітуацыі  неабходна выкараняць. Як праінфармаваў намеснік дырэктара КЖУП “Брагінскае” Мікалай Ярмоленка,  за мінулы тыдзень складзены два пратаколы і тры прадпісанні за незаконнае водакарыстанне.

Закрануў кіраўнік раённай  вертыкалі праблему, якую ўзнімалі жыхары Камарына – ЯКАСЦЬ ВАДЫ. Мікалай  Ярмоленка запэўніў:  сродкі  на закупку ачышчальных фільтраў, якія выдзелены па распараджэнні старшыні райвыканкама, будуць выкарыстаны ў бліжэйшы час.

РАЗЛІКІ за жыллёва-камунальныя паслугі на кантролі ў адпаведнай камісіі. Але, як праінфармаваў яе старшыня Сяргей Прыходзька,  даўгі спагнаць складана: складваецца ўражанне, што жыхары не ўсведамляюць усёй адказнасці і таго, чым абернуцца неплацяжы. Але гэта не прычына, каб спыняць работу, – канстатаваў Аляксандр Кохан. Неабходна дзейнічаць праз кіраўнікоў арганізацый, прымаць усе магчымыя меры і пагашаць запазычанасці.

Па інфармацыі начальніка РАНС Віктара Марчанкі, колькасць пажараў сёлета павялічылася на два, калі параўноўваць з адпаведным перыядам мінулага года. За тыдзень  быў адзін выезд на тушэнне цвёрдых бытавых адыходаў. Наглядальныя камісіі працавалі згодна з графікам. Аляксандр Кохан акцэнтаваў увагу прысутных: нельга дапускаць фармалізму і абыякавасці.

Аб дзейнасці РАУС на папярэднім тыдні праінфармаваў намеснік начальніка Сяргей Брыцько. На лінію 102 паступіла 66 паведамленняў, узбуджана пяць крымінальных спраў, адна з якіх яшчэ не раскрыта (крадзеж лодкі). Выяўлена пяць участкаў дзікарослай канаплі, якая знішчана, састаўлена адзінаццаць пратаколаў за дробнае хуліганства.

ПЫТАННІ АПК заўсёды ў цэнтры ўвагі старшыні райвыканкама. І на гэты раз ён пакрытыкаваў сітуацыю з вытворчасцю малака, адзначыў нездавальняючыя тэмпы закладкі сенажу. “Ужо зараз бачна, які значны ўрон наносіць нам спякота: зерневыя выгараюць, –  адзначыў Аляксандр Васільевіч. – Неабходна правесці рэвізію палёў, і калі не маем на гэтых участках збожжа, дык патрэбна атрымаць кармы”. Гэта задача пастаўлена перад галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Максімам Каўцэвічам, начальнікам інспекцыі па насенняводству Мікалаем Дзегцярэнкам, кіраўнікамі гаспадарак.

Начальнік раённай інспекцыі энерганагляду Дзяніс Шульга  ўзняў пытанне падрыхтоўкі да АЦЯПЛЯЛЬНАГА ПЕРЫЯДУ. Накірунак гэты павінен быць на самым пільным кантролі кіраўнікоў, адставання ад зацверджанага графіка дапусціць нельга, – паставіў задачу старшыня райвыканкама.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні падпісной кампаніі, будаўніцтва і ўвядзення ў дзеянне аб’ектаў, ходу падрыхтоўкі да Дня Незалежнасці.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *