Школьны мерыдыян: ёсць поспехі – будзе і заахвочванне

Праздники и будни

Родная вёска, утульная хата, ласкавая маці… Гэта не проста словы, а сэнс чалавечага жыцця. І да іх я дадала б яшчэ адно, не менш значнае і важнае – школа.

Школьныя гады самыя яскравыя, бо ўсплываюць у памяці часцей за ўсё мілымі, дарагімі сэрцу карцінамі, асацыіруюцца з бесклапотнай парой дзяцінства. Цікавыя ўрокі, творчыя справы, верныя сябры, першае каханне… Тое, што чалавек атрымлівае ў школе, потым суправаджае яго ўсё жыццё. У адных выпадках такі багаж дапамагае, у другіх – перасцерагае, накіроўвае. Таму настаўнікі ў першую чаргу павінны выхаваць у вучнях любоў і павагу да Радзімы, сваіх бацькоў, традыцый продкаў, роднага слова. І, вядома ж, перадаць ім прагу да ведаў, таямнічага і нязведанага. Дзеці павінны пакінуць сцены ўстановы адукацыі ўсебакова развітымі асобамі. А як гэтага дасягнуць? Кожны неабыякавы настаўнік, я ўпэўнена, задумваецца над такім пытаннем, шукае шляхі вырашэння пастаўленых задач і імкнецца свае планы, намеры, мэты ажыццявіць.

Калектыў нашай школы ў навучальным працэсе таксама бярэ курс на станоўчыя вынікі. І іх у нас нямала. Шматлікія перамогі – вынік сумеснай дзейнасці педагогаў і вучняў, якія дастойна праяўляюць сябе ў алімпіядах і конкурсах. Наша школа выступае пляцоўкай для правядзення раённых мерапрыемстваў “Жывая класіка”, “Захаваем свет разам”, “Гавары са мной па-беларуску”.

Каб у дзяцей быў стымул рухацца да вышынь, адміністрацыя і настаўнікі імкнуцца заахвоціць, падтрымаць пераможцаў раённай алімпіяды. А дырэктар ААТ “Імя Жукава” Сяргей Міхаленка клапоціцца аб тым, каб выдзеліць грашовыя прэміі дзецям, якія закончылі вучэбны год з адзнакамі 7-10. Сумы хоць і невялікія, але стымул ёсць. Гэта падштурхоўвае дзяцей больш адказна і старанна ставіцца да вучобы.

Дыпломы і прэміі ўручаюцца на лінейцы, прысвечанай святу апошняга званка. Не змянілі мы гэтай традыцыі і сёлета.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Мікуліцкая сярэдняя школа”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *