Да юбілею раёна: у складзе Вялікага Княства Літоўскага

Год малой родины Наша гісторыя

У сярэдзіне XII – XIV стст. усе землі Беларусі паступова ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, даволі моцнай на той момант дзяржавы. Так мясцовыя феадалы імкнуліся забяспечыць абарону сваіх уладанняў ад знешніх і ўнутраных замахаў, стварыць больш спрыяльныя ўмовы для развіцця іх гаспадаркі, гандлю і інш.

Пасля заключэння Крэўскай дынастычнай уніі (1385) паміж Літвой і Польшчай на тэрыторыю Беларусі і Украіны пачалі пранікаць польскія феадалы, а з імі – і каталіцтва. Узмацніўся прыгнёт народа.

У 1500 г. Брагінская воласць побач з іншымі падняпроўскімі мясцовасцямі ўзгадваецца ва Устаўной грамаце польскага караля і вялікага князя літоўскага Сігізмунда I Старога, да-дзенай намеснікам і іншым кіраўнікам каралеўскіх уладанняў аб віннасцях і памерах пабораў, што падлягалі спагнанню. Гэты дакумент прадпісваў брагінчанам і жыхарам іншых гарадоў Падняпроўя поўны збор нядоімкі, “абы ни один грош дани нашое у вас не остал”. Відаць, што побач з данінай у выглядзе шкур баброў і куніц, мёду насельніцтва абкладвалася і грашовымі паборамі.

У пачатку XVI ст. (асабліва ў 1505 г.) адбыліся спусташальныя набегі крымскіх татар на ўкраінскія і беларускія землі. Найбольш пацярпелі ад іх Палессе і Случчына. Не абмінула гэтая варожая навала і Брагіншчыну.

Аб далейшым узмацненні прыгнёту, злоўжываннях зборшчыкаў падаткаў сведчыць каралеўская грамата ад 1511 г. У ёй побач з іншымі валасцямі, адкуль часта прыходзілі скаргі ад падаткаплацельшчыкаў, узгадваецца і Брагін. “Польскі кароль і вялікі князь літоўскі Сігізмунд I дараваў Брагіну грамату, якая забяспечвала правы жыхароў і давала ім усялякія льготы. Такія граматы забытым богам мястэчкам не даваліся”, – адзначае ў сваёй кнізе “Сцежкі ў даўніну” беларускі даследчык Аляксандр Рогалеў. У ліку прывілей быў новы парадак уплаты падаткаў. У адпаведнасці з ім брагінчане атрымалі права рабіць плацяжы непасрэдна ў каралеўскую казну, а не мясцовым старастам ці дзяржаўцам, якія дапускалі злоўжыванні.

Важныя звесткі аб нашым краі ўтрымлівае абмежавальны акт Брагінскага графства, складзены 7 сакавіка 1512 г. Дакумент уяўляе сабой запіс у актавую кнігу Мазырскага гарадскога суда ад 2 жніўня 1776 г. Тут змешчана апісанне межаў Брагінскай воласці, якая раней належала каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Сігізмунду I Старому, зробленае на загад караля і вялікага князя Сігізмунда II Аўгуста дзякам Іванам Кніцічавым. І цікавае яно тым, што дае прыблізнае ўяўленне аб тэрыторыі, якая на пачатку XVI ст. уваходзіла ў Брагінскую воласць. Паўднёвая мяжа яе пралягала ад вусця Брагінкі, па Дняпры “…до села брагинского Галэк”, паўночная – па рацэ Пясчанка, заходняя – “Хвойничак (Хойнікі), Дроньки, Кожушки… брагинское село Листвин”.

Выгаднае размяшчэнне Брагіншчыны на водных шляхах (сярэднедняпроўская частка шляху “з варагаў у грэкі”) садзейнічала яе прыкметнаму эканамічнаму і культурнаму развіццю. Па рэках Брагінка і Днепр вёўся сплаў лесу ў Чарнігаў, Кіеў, Екацярынаслаў, Крамянчуг, Херсон. Уніз і ўверх па гэтых транспартных артэрыях накіроўваліся гандляры, асабліва з поўдня, у напрамку Смаленска, Ноўгарада, Полацка, прыбалтыйскіх гарадоў.

У 1534 – 1537 гг. адбылася чацвёртая па ліку вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім, у ходзе якой моцна пацярпела і наша мясцовасць. У прыватнасці, у 1535 г. адна з расійскіх армій на зваротным шляху ад Навагрудка спаліла Тураў, Мазыр і Брагін.

Пасля прыняцця ў 1557 г. польскім каралём і вялікім князем літоўскім Сігізмундам II Аўгустам “Уставы на валокі” на Беларусі ўводзілася фальваркавая сістэма гаспадаркі, што абумовіла канчатковы распад сялянскай абшчыны і яшчэ больш узмацніла прыгнёт сялян. Найбольш буйныя на Брагіншчыне фальваркі былі ў вёсках Астрагляды, Гарадзішча, Іёлча, Касачоў, Крукі, Рудакоў, Савічы і інш.
Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1564 – 1566 гг. на тэрыторыі Гомельшчыны былі ўтвораны (1566) Мазырскі павет у Кіеўскім і Рэчыцкі павет у Мінскім ваяводствах. У 1569-м у Мінскае ваяводства перададзены і Мазырскі павет.

Падрыхтавала
Валянціна БЕЛЬЧАНКА



3 комментария по теме “Да юбілею раёна: у складзе Вялікага Княства Літоўскага

  1. Што да абмежавання Брагінскай воласці 1512 года.
    Выконвалася яно ў часы караля Жыгімонта Старога, а не яго сына Жыгімонта Аўгуста.
    Актыкавана ў Мазырскім гродскім (замкавым) судзе, не ў «гарадскім».
    Складаў яго не дзяк, а каралеўскі дваранін, не Кніцічаў, а Кміцічаў (Іван Андрэевіч Кміціч, дзяржаўца трахцемірскі і дымірскі).
    Пра Хвойнікі ў ім згадкі няма і быць не магло, бо мяжа воласці, якая прызначалася князю Міхайлу Васілевічу Збаражскаму прайшла паўз угоддзі «сяла Лісцвін брагінскага», на поўнач ад якой пазней узнікла слабада Паселічы, якая належала да Хвойніцкай часткі Астраглядавіцкага (ад тагачаснай назвы Астраглядавічы) маёнтка.
    І наогул. Перапісваць звесткі (нярэдка абсурдныя) з брагінскай і хойніцкай кніг «Памяць», калі гаворка заходзіць пра даўнюю гісторыю, справа няўдзячная.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Найбольш буйныя на Брагіншчыне фальваркі былі ў вёсках Астрагляды, Гарадзішча, Іёлча, Касачоў, Крукі, Рудакоў, Савічы і інш.

    Проста цікава, што Вам, аўтару артыкула, вядома пра фальваркі XVI стагоддзя на Брагіншчыне (акрамя Астраглядавічаў)? Я гэтымі пытаннямі хоць і спрабую займацца, але нічога пра іх не ведаю.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  3. Не «ўвайшлі ў склад ВКЛ», а ўтварылі ВКЛ. Зарар ужо шмат гістарычных крыніцаў ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *