У Малейках і навакольных вёсках прайшоў Дзень Савета

Грамадства

Знаёмства ўдзельнікаў семінара з аб’ектамі сацыяльнай сферы пачалося з наведвання Малейкаўскага фельчарска-акушэрскага пункта. Загадчыца ФАПа Таццяна Лысенка расказала, што пад яе пільным кантролем знаходзіцца здароўе жыхароў шасці прылеглых вёсак, а гэта больш за 630 чалавек. Актыўна ў медустанове рэалізуецца праграма па скрынінгу анкалагічных захворванняў. Прафілактычнае абследаванне, якое дазваляе выявіць небяспечную хваробу на пачатковай стадыі, прайшлі тут 50 жанчын ва ўзросце ад 50 гадоў. А ўсяго за год Таццяне Іванаўне даводзіцца фіксаваць у сярэднім каля 7-8 тысяч зваротаў.
Наступны пункт прыпынку – магазін у Сяльцы, дзе ўдзельнікаў семінара сустракала прадавец Ірына Гермель. На тэрыторыі Малейкаўскага сельскага Савета знаходзіцца тры аб’екты стацыянарнай сеткі, якія належаць спажывецкай кааперацыі. Іх рознічны тавараабарот за пяць месяцаў гэтага года склаў 217 тысяч 700 рублёў, у тым ліку ў Сяльцы – 50,9 тысячы рублёў.
Як паведамілі ў Брагінскім філіяле абласнога спажывецкага таварыства, важнае значэнне ў абслугоўванні жыхароў малых вёсак мае і перасовачная гандлёвая сетка. Каб забяспечыць людзей усім неабходным, штодня ў глыбінку накіроўваюцца шэсць аўтамагазінаў, адзін з якіх (№27) – па тэрыторыі Малейкаўскага сельсавета. З пачатку года яго тавараабарот склаў 85 тысяч 400 рублёў. Акрамя асноўнага віду дзейнасці, у магазінах закупляюць у насельніцтва лішкі сельгаспрадукцыі і другасную сыравіну, замест якіх можна на месцы набыць тавары на эквівалентную суму.
Аб тым, якімі клопатамі ў гэтыя летнія дні жыве Малейкаўская сярэдняя школа, расказала яе дырэктар Таццяна Лі. У самым разгары тут падрыхтоўка да новага навучальнага года – у будынку вядуцца рамонтныя работы. Па словах Таццяны Валер’еўны, 1 верасня школа плануе прыняць больш за 100 дзяцей. Дярэчы, сёлета ўстанова адзначыла 80-гадовы юбілей з дня заснавання.
Выхаванцы мясцовага дзіцячага сада для ўдзельнікаў семінара падрыхтавалі вершы, і пасля ўрачыстага прывітання госці былі запрошаны ў памяшканне. У гэтай навучальнай установе працуюць дзве групы, якія наведваюць 23 дзіцяці. Тут створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага развіцця хлопчыкаў і дзяўчынак.
У ліку аб’ектаў сферы культуры, праз якія праходзіў маршрут, – бібліятэкі і клубныя ўстановы ў Зарэччы, Сцежарным і Малейках. Іх кіраўнікі расказалі, як бавяць вольны час вяскоўцы, што чытаюць і якія мерапрыемствы наведваюць.
Як ідуць справы на жывёлагадоўчым комплексе ААТ “Пераможнік”, паведаміў дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Карпенка. Пасля рэканструкцыі памяшканняў з’явілася сучаснае абсталяванне, створаны камфортныя ўмовы не толькі для працы, але і для адпачынку работнікаў. Зараз на комплексе размешчаны 480 цялічак і 300 бычкоў, яшчэ 560 галоў знаходзяцца на пашы. А ўсяго тут можна ўтрымліваць да 1800 жывёл.
Вынікі Дня Савета яго ўдзельнікі падвялі ў Малейкаўскім сельскім доме культуры. Старшыня сельвыканкама Пётр Кудан расказаў, як вядзецца работа па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння вяскоўцаў, агучыў праблемы, якія хвалююць жыхароў сельскай мясцовасці.
Напрыканцы сустрэчы старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Калясан яшчэ раз нагадаў кіраўнікам мясцовых органаў улады аб задачах, якія патрэбна вырашыць у першую чаргу. У полі зроку паранейшаму павінны заставацца пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, знос старых і пустуючых дамоў, увядзенне зямель у севазварот.

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *