А ў мяне кавуны большыя!

Грамадства

Не без гонару сцвярджае жыхар Асарэвіч Віктар Падвербны

Паглядзеўшы па тэлевізары перадачу, у час якой гаспадар сядзібы расказваў, што вырасціў на сваім участку 13-ці кілаграмовыя кавуны, Віктар Іванавіч не здзівіўся. На яго думку, нічога звышмернага тут няма. Ды і на рэкордны ўраджай прэтэндаваць не можа.
– А ў мяне гэтая ягада пацягне на пятнаццаць кілаграмаў, не меней!, – падзяліўся ён з намі прыемнай навіной. – У мінулым годзе сарваў кавун вагой 13,5 кілаграма, а сёлета яшчэ большы ўрадзіў.

Так было не заўсёды. Першыя гады, а займаецца каля трыццаці, плады былі дробныя, не вельмі смачныя, за лета не выспявалі.

Насенне не купляў, адбіраў найбольшыя па памеру зярняты з тых, якія заставаліся пасля паядання сакавітай ягады. Вырошчваў расаду, якую потым высаджваў у грунт. Пераканаўшыся, што эфект ад такога агародніцтва амаль нулявы, змяніў тактыку. Насенны матэрыял паўднёвай культуры пачаў набываць на рынку і адразу – у прагрэтую зямлю, добра ўгноеную на градцы, дзе будзе расці паласаты велікан. З сартамі асабліва не эксперыментуе, бярэ тое, што прапануюць. Не шкадуе вады для раслін, сёлета, прызнаецца, вазіў бочкамі, каб напаіць іх. Вынікамі задаволены.

Ну а каштаваць кавуны іх гаспадар будзе з дзецьмі і ўнукамі, калі сям’я збярэцца разам.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *