Больш цёплае надвор’е чакаецца ў Беларусі ў другой палавіне жніўня

Грамадства

Больш цёплае надвор’е чакаецца ў Беларусі ў другой палавіне жніўня, у некаторыя дні на поўдні краіны максімальная тэмпература можа дасягнуць 30 градусаў цяпла і вышэй. Аб гэтым паведаміў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі.

Спецыяліст адзначыў, што ў канцы ліпеня і пачатку жніўня ў Беларусі ўсталявалася даволі халаднаватае для гэтага часу надвор’е.

«Цяпер фон сярэднесутачных тэмператур за мінулыя суткі на 2-8 градусаў ніжэйшы за кліматычную норму на большай частцы краіны. Толькі па паўднёвым захадзе рэспублікі, пераважна ў Брэсцкай вобласці, тэмпературны фон знаходзіцца блізка да кліматычнай нормы, — сказаў Аляксандр Бяганскі. — Што датычыцца прагнозаў, то першая дэкада жніўня чакаецца з даволі няўстойлівым надвор’ем. Вызначальны ўплыў будуць аказваць атмасферныя франты і паветраныя масы з паўночных раёнаў Еўропы. Чакаецца паніжаны ў большасці дзён тэмпературны фон і значная колькасць ападкаў. Толькі ў другой палавіне дэкады, асабліва ў паўднёва-заходніх раёнах, чакаецца павышэнне тэмпературнага фону і крыху меншая колькасць ападкаў».

Паводле яго слоў, днём 6-7 жніўня на большай частцы краіны тэмпература складзе 20-26 градусаў цяпла, на паўднёвым захадзе — 27-29 градусаў.

«Другая палавіна жніўня прагназуецца больш цёплай. У асобныя дні па поўдні чакаецца, што максімальная тэмпература можа дасягнуць адзнак плюс 30 градусаў і вышэй. Але разам з тым захаваецца няўстойлівы характар надвор’я ў плане ападкаў. Дажджы чакаюцца лакальныя пры суправаджэнні навальніц. Месцамі магчымыя моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру», — праінфармаваў Аляксандр Бяганскі.

У большасці дзён другой паловы жніўня максімальныя тэмпературы чакаюцца ў межах ад 20 да 27 градусаў цяпла.

Навальніцы найбольш верагодныя ў сярэдзіне месяца.

«У цэлым пры сярэднямесячнай тэмпературы ў жніўні ад плюс 17 да 19 градусаў па краіне месячная тэмпература чакаецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў. Колькасць ападкаў прагназуецца блізкай да кліматычнай нормы. Яна для жніўня складае 55-83 мм. У асобных раёнах колькасць ападкаў можа быць ніжэйшай», — паведаміў спецыяліст.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *