Колькасць асуджаных за наркотыкі непаўналетніх у 2018 годзе скарацілася амаль удвая

Территория закона

Аляксандр Лашын

У 2018 годзе за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў было асуджана амаль у два разы менш непаўналетніх у параўнанні з 2017 годам. Аб гэтым паведаміў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Лашын на палях міжнароднай канферэнцыі “Папярэджанне спажывання непаўналетнімі наркотыкаў і алкаголю” ў Мінску.

Сітуацыя са злачыннасцю непаўналетніх у рэспубліцы, паводле слоў намесніка генпракурора, даволі стабільная.

“З 2005 года да гэтага часу колькасць злачынстваў, што ўчыняюцца непаўналетнімі, скарацілася больш як у 5 разоў. Скарачаецца і колькасць падлеткаў, якіх асуджаюць па артыкулах за незаконны абарот наркотыкаў. Значна зменшылася колькасць непаўналетніх, якія ўдзельнічаюць у збыце наркотыкаў, – канстатаваў Аляксандр Лашын. – Калі ў 2017 годзе было 105 непаўналетніх, асуджаных за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, то ў 2018 годзе – 58. За першае паўгоддзе гэтага года асуджаны 23 непаўналетнія, з іх 9 – за распаўсюджванне”.

Ён дадаў, што ў 2018 годзе амаль у два разы зменшылася і колькасць злачынстваў, якія ўчыняюцца падлеткамі ў стане алкагольнага ап’янення. Тэндэнцыя прадаўжаецца ў гэтым годзе.

Канферэнцыя арганізавана Генеральнай пракуратурай Беларусі ва ўзаемадзеянні і пры падтрымцы прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі ў рамках глабальнай праграмы па папярэджанні і процідзеянні гандлю людзьмі і незаконнаму ўвозу мігрантаў (GLO.ACT).

Удзельнікі – прадстаўнікі ААН, ЕС, Адміністрацыі Прэзідэнта, Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Беларусі, Вярхоўнага суда, Следчага камітэта, НЦЗПД, МУС, міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі, камітэтаў па справах непаўналетніх абл- і райвыканкамаў, памочнікаў пракурораў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый – абмяркоўваюць актуальныя пытанні прафілактыкі спажывання падлеткамі забароненых рэчываў і правапарушэнняў, з гэтым звязаных, рэабілітацыі залежных людзей, каардынацыі дзейнасці зацікаўленых структур і ведамстваў.

Аляксандр Лашын адзначыў актуальнасць праблемы ва ўсім свеце. Паводле даных ААН, з 2009 года спажыванне наркотыкаў вырасла прыкладна на 30 працэнтаў. У 2017 годзе, напрыклад, іх спажывалі 5,5 працэнта насельніцтва Зямлі ва ўзросце ад 15 да 64 гадоў. Гэта больш за 270 млн чалавек. Не меншая праблема – злоўжыванне алкаголем. Паводле даных СААЗ, штогод з-за злоўжывання спіртным у свеце паміраюць амаль 3 млн чалавек.

“У нас у Беларусі ў лячэбных установах на наркалагічным уліку знаходзяцца каля 14 тыс. непаўналетніх. За год у стане алкагольнага ап’янення ўчыняецца прыкладна 10 тыс. злачынстваў. У краіне дзейнічае шэраг праграм і нацыянальны план дзеянняў, разглядаем прапановы ЮНІСЕФ па распрацоўцы канцэпцыі ювенальнай юстыцыі. Хочам паслухаць прадстаўнікоў грамадскіх і рэлігійных арганізацый, каб выкарыстоўваць іх рэсурс у мэтах прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх і спажывання імі алкаголю і наркотыкаў”, – сказаў намеснік генпракурора.

Цяпер у заканадаўстве адбываюцца пэўныя змяненні. Так, на два гады паніжана ніжняя мяжа па артыкуле 328 частак 2 і 3 (з 5 да 3 гадоў і з 8 да 6 гадоў).

“Думаю, у кастрычніку закон уступіць у дзеянне. Ён прадстаўляе ўсе магчымасці для правасуддзя выбраць індывідуальную меру пакарання з улікам асобы непаўналетняга і ўчыненага ім дзеяння. Да 75-годдзя вызвалення Беларусі выходзіць амністыя, дзе для непаўналетніх прадугледжана зніжэнне тэрміну пакарання, звязанага з пазбаўленнем і абмежаваннем волі, на 2 гады, у тым ліку па злачынствах у сферы незаконнага абароту наркотыкаў”, – дадаў намеснік генпракурора.

Ён лічыць, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці падлеткаў з 14 гадоў – добры стрымальны фактар для сучасных дзяцей, якія даволі рана становяцца дарослымі.

“Вялікая бяда, калі дзеці ўцягваюцца ў рэалізацыю. Зацікаўленыя ў продажы імкнуцца прыцягнуць да распаўсюджвання якраз дзяцей, якія яшчэ не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці. Таму добра, што нейкі бар’ер для дзіцяці ў 14 гадоў ужо ёсць”, – сказаў Аляксандр Лашын.

На канферэнцыі прадстаўнікі праваахоўных структур, грамадскіх арганізацый Беларусі дзеляцца сваім вопытам у галіне прафілактыкі наркаспажывання ў падлеткавым асяроддзі, а замежныя госці прэзентуюць лепшыя сусветныя практыкі ў гэтай сферы. Аляксандр Лашын чакае, што гэта мерапрыемства значна дапаможа ў фарміраванні антынаркатычнай кааліцыі ў Беларусі, больш актыўнага ўключэння ў работу грамадскіх, няўрадавых, рэлігійных арганізацый, чые мерапрыемствы, магчыма, будуць уключацца ў нацыянальны план дзеянняў або дзяржпраграмы.

БелТА



Пакінуць адказ