Міністр аховы здароўя расказаў, як апытанне на Facebook дапамагло знізіць кошт некаторых лякарстваў

Грамадства

Міністэрства аховы здароўя прадоўжыць аналізаваць цэны на прадаваемыя ў Беларусі лякарствы з мэтай магчымага зніжэння іх кошту. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

«На сённяшні момант прааналізаваны тыя прэпараты, якія найбольш часта сустракаюцца. Гэта ўжо больш за 100 пазіцый. Цяпер рыхтуюцца дапаўненні ў нарматыўную базу рэгістрацыі гранічных цэн на лякарствы. Адпаведна, гэта інфармацыя перадаецца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю для таго, каб вывучылі сітуацыю на суседніх рынках. Будзе зарэгістравана гранічная цана, якая з’яўляецца эканамічна абгрунтаванай, рыначнай, але не завышанай», — адзначыў міністр.

Паводле яго слоў, аптэчная сетка «Белфармацыя» пачынае даволі актыўна заключаць прамыя кантракты з вытворцамі на пастаўку прэпаратаў.

«За апошнія некалькі месяцаў колькасць прамых кантрактаў, заключаных «Белфармацыяй», павялічылася на 55 працэнтаў. Калі гэтыя прэпараты знікнуць у камерцыйных аптэках, яны з’явяцца па гэтай цане ў дзяржаўных. З кім заключаны кантракты, зыходзячы з камерцыйных меркаванняў, сказаць не магу, але, паверце, гэта гранды фармацэўтычнай прамысловасці. Гэта работа праводзіцца. Нехта з пастаўшчыкоў цэны знізіў, не чакаючы, пакуль яны трапяць у спіс для рэгулявання», — расказаў Уладзімір Каранік.

Акрамя таго, ведамства прааналізуе тэрміны рэгістрацыі лекавых сродкаў, каб загадзя паведаміць пастаўшчыкам аб неабходнасці іх прадаўжэння. Гэта дасць магчымасць захаваць наяўнасць прэпаратаў у аптэках.

«Калі яны будуць адмаўляцца прадаўжаць, падключыцца «Белфармацыя», каб зарэгістраваць і пачаць пастаўляць гэтыя прэпараты, — растлумачыў Уладзімір Каранік. — Мы ні ў якім разе не спрабуем абмяжоўваць даступнасць лякарстваў, у тым ліку імпартных, для нашага насельніцтва. Лічу, што ў кожнага грамадзяніна павінен быць выбар: купіць або наш прэпарат, або імпартны. Але ў грамадзяніна павінна быць гарантыя, што ён купляе якасны прэпарат, незалежна ад таго, дзе ён быў выраблены».

Як паведамлялася, у сярэдзіне ліпеня Міністэрства аховы здароўя на сваёй старонцы ў Facebook папрасіла карыстальнікаў параўнаць кошт набываемых імі лякарстваў у Беларусі і за мяжой. На 12 жніўня пад запісам было пакінута больш за 410 каментарыяў.

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *