Навукова-асветная экспедыцыя «Дарога да святыняў» адпраўляецца 28 жніўня з Мінска

Важное Грамадства

Міжнародная навукова-асветная экспедыцыя «Дарога да святыняў» адпраўляецца 28 жніўня ад Свята-Духавага кафедральнага сабора ў Мінску да сталіцы Дня беларускага пісьменства – Слоніма. Аб гэтым паведаміў пісьменнік, публіцыст, крытык, перакладчык Анатоль Бутэвіч.

Экспедыцыя — адна з галоўных падзей Дня беларускага пісьменства.

«Удзельнікі мерапрыемства (свяшчэннікі, пісьменнікі, вучоныя, артысты) пранясуць Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй і Загор’е-Сталовіцкі абраз Пакрова Прасвятой Багародзіцы па населеных пунктах краіны. Старт будзе дадзены 28 жніўня ад Свята-Духавага кафедральнага сабора ў Мінску», — расказаў Анатоль Бутэвіч.

Канцавым пунктам экспедыцыі стане Слонім — сталіца Дня беларускага пісьменства бягучага года.

Па традыцыі ў час экспедыцыі па населеных пунктах Беларусі з Жыватворным агнём яе ўдзельнікі правядуць сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, наведаюць бальніцы, дзіцячыя дамы. Упершыню ў маршрут руху ўключаны Пухавічы.

«Дарэчы, кожны дзень экспедыцыі даволі напружаны. Ён можа пачынацца ў пяць раніцы і заканчвацца ў дзве гадзіны ночы. І, што важна, людзі бяруць агонь на свае свечкі ад лампады, ён распаўсюджваецца па дамах, далучаючы такім чынам усіх да нашай экспедыцыі. Я спадзяюся, што яна будзе жыць і будзе абнаўляць духоўна дарогі Беларусі», — адзначыў Анатоль Бутэвіч.

Дзень беларускага пісьменства — нацыянальнае беларускае свята. Адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Цэнтрам свята станавіліся розныя гарады: Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава.

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *