Дата 23 верасня збярэ ў Камарыне ўсіх, хто шануе сваё гераічнае мінулае і застаецца неабыякавым да грозных баявых падзей

Главное Год малой родины Грамадства

Адной вялікай і дружнай сям’ёй, з пачуццём глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім, хто адстаяў мір, брагінчане сустракаюць дату, з якой пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першым скінуў цяжкія аковы акупацыі, уздыхнуў свабодна Камарын. Было гэта 23 верасня 1943 года.

 

Клянёмся!

З непрытоеным хваляваннем і радасцю рыхтаваліся ступіць на родную зямлю, ачысціць яе ад карычнейвай чумы тысячы воінаў-беларусаў, якія мужна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Рэспубліканская газета “Савецкая Беларусь” змясціла 9 жніўня 1943 года іх зварот да народа. “Перед грядущими решающими боями с врагом, – гаварылася там, –  мы клянёмся вам, что не пожалеем ни крови, ни жизни своей в борьбе за святое дело, за разгром фашистских палачей. Вместе с братьями своими, русскими и украинцами, вместе с воинами всех народов Советского Союза мы принесём освобождение родной земле, возвратим свободу и радость родному и многострадальному нашему белорусскому народу”.

У хуткім часе 200 тысяч брашур, лістовак і 20 000 экзэмпляраў газет з гэтымі словамі былі накіраваны ва ўсе партызанскія фарміраванні рэспублікі. І лепшым адказам на іх стала ўзмоцненая барацьба супраць гітлераўскіх акупантаў, масавае ўступленне ў партызанскія брыгады і атрады. Толькі за жнівень і палову верасня 1943-га яны папоўніліся больш чым на 17,5 тысячы чалавек.

 

Вораг цешыўся надзеяй

Вызваленне на беларускую зямлю прыйшло 23 верасня 1943 года – першымі на яе тэрыторыю ступілі воіны 13-й арміі. Але папярэднічала гэтаму найскладанейшая аперацыя па фарсіраванні шырокай воднай артэрыі.

Савецкае камандаванне ставіла на мэце разграміць асноўныя сілы ворага на паўднёвым крыле фронту, вызваліць Левабярэжную Украіну і захапіць стратэгічныя плацдармы на заходнім беразе Дняпра. А Гітлерам быў аддадзены катэгарычны загад не дапусціць Чырвоную Армію на правабярэжжа, у абарончых баях абяскровіць яе і перайсці ў наступленне. Немцы добра разумелі, што менавіта з Дняпра адкрываліся шляхі ў Польшчу, Карпаты і на Балканы, таму сюды былі перакінуты з Заходняй Еўропы тры танкавыя і столькі ж пяхотных дывізій, а таксама шматлікія маршавыя папаўненні праціўніка. Асабліва вялікае значэнне надавалася добра ўмацаванаму, глыбока эшаланіраванаму воднаму рубяжу.

Правы бераг, на якім замацаваліся немцы і стварылі, па іх меркаванні, неадольны бар’ер, быў значна вышэйшы за левы, адкуль наступалі нашы войскі. Лінія Днепр – Сож, па словах аднаго з ваенных гісторыкаў, “павінна была пераўтварыцца ва “ўсходні вал”, аб які рускія зламалі б сабе шыю”. Не выпадкова Гітлер заявіў: “Хутчэй Днепр пацячэ назад, чым рускія пераадолеюць яго”. Ды аднаго не ўлічылі фашысты – велічы маральнага духу савецкага салдата, яго патрыятызм, любоў да Айчыны і пякучую нянавісць да захопнікаў, несакрушальную веру ў Перамогу.

 

На плытах і лодках

Генералам вермахта i ў галаву не магло прыйсцi, што савецкiя войскi пасля грандыёзнай Курскай бiтвы, якая запатрабавала ад iх каласальнага напружання, а затым новага цяжкага наступлення, кінуцца з ходу фарсiраваць такую сур’ёзную перашкоду на падручных сродках: бярвёнах, плытах, рыбацкiх лодках. Каб хоць часткова ўявіць гэтую карціну, звернемся да ўспамінаў Героя Савецкага Саюза, былого камандзіра 222-га стралковага палка 8-й стралковай дывізіі Данііла Шышкова:

– Полк, якім я камандаваў, адным з першых 21 верасня выйшаў да Дняпра… Усе сродкі пераправы мы вышуквалі на месцы. Ноччу, употай ад ворага, збівалі плыты з бярвенняў і дошак, падкочвалі да вады бочкі з-пад гаручага. Партызаны і мясцовае насельніцтва схавалі ад ворага рыбацкія лодкі і паромы і перадалі іх нам. Некалькі смельчакоў у цемры ўплаў перабраліся на правы бераг і змаглі замацаваць там канцы дроту, што працягнуўся пад самай вадой. Каб байцы, якія будуць перапраўляцца на плытах або бочках, маглі трымацца за дрот. У тым месцы, дзе мы выйшлі да Дняпра, ён дасягае шырыні 600–700 метраў. Да таго часу нікому з нас яшчэ не даводзілася пераадольваць такую шырокую раку пад агнём.

Ноччу з высокіх прыбярэжных хмызнякоў, якія маскіравалі левы бераг, волакам выцягнулі плыты і спусцілі іх на ваду. Першымі ішлі ў бой штурмавыя групы. Яны былі створаны ў кожным батальёне.

…Стрэлы пачуліся, калі байцы пайшлі на штурм варожых умацаванняў. На рацэ пачалі рвацца варожыя снарады, у паветры павіслі ракеты, асвятляючы бярвенні, дошкі, бочкі, барты лодак. Услед за штурмавымі групамі ўвесь полк пайшоў на фарсіраванне Дняпра. Стралялі проста з плытоў, саскоквалі з іх, яшчэ не дасягнуўшы берага, хапаючыся за кусты, камяні, узбіраліся на кручу. Ночы былі ўжо халодныя, вада апякала, але ніхто з нас гэтага не заўважаў.

Наш полк вызваляў вёскі Жары, Гдзень і іншыя. Па трое сутак не спалі салдаты. І, калі выбілі фашыстаў, байцы заснулі, хто дзе быў… У наступныя дні мы працягвалі наступленне.

 

Каб абхітрыць праціўніка

23 верасня 1943 года байцы 360-га стралковага палка 74-й стралковай

дывiзii 13-й армii пад камандаваннем падпалкоўнiка Мікалая Сташака вызвалiлi першы раённы цэнтр Беларусi – гарадскi пасёлак Камарын. «Я пакiнуў адзiн батальён для лжывай дэманстрацыi фарсiравання Дняпра на поўнач ад г. п. Камарына, а галоўныя сiлы палка з дадатковымi падраздзяленнямi скрытна перакiнуў на 34 км на поўдзень ад Камарына. Нам удалося абхiтрыць працiўнiка. У той час, калi пакiнуты каля ракi батальён прыцягваў да сябе ўвагу, астатнiя падраздзяленнi на падручных сродках (бярвёнах, бочках, плытах) паспяхова фарсiравалi Днепр у iншым месцы. У вынiку iмклiвага ўдару два пяхотныя батальёны працiўнiка, якiя абаранялi Камарын, былi разгромлены. Iх рэшткi паспешна сталi адыходзiць асобнымi групамi ў паўночна-заходнiм напрамку». Так потым апісваў тыя падзеі Сташак. У 1984 годзе яму, дарэчы, было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г.п. Камарына”.

Героямі сталі

Патрэбна адзначыць, што дняпроўская бітва па сваім размаху і напружанні стала небывалай. Толькі на вузкім участку ад няданчыцкага моста да Верхніх Жароў (15–30 км) дзейнічалі тры стралковыя дывізіі, некалькі іншых агульнавайсковых часцей – усяго 11 палкоў.

У тыя дні газета “Красная Звезда” пісала: Кто видел переправу через Днепр первых советских батальонов, тот никогда не забудет этой картины. С ней не сравняется массовая переправа войск на паромах и понтонах. Надо видеть, как ныряет в волнах крохотный плотик, сколоченный из досок и брёвен. А на плоту – четыре бойца и пушка. Налетает девятка самолётов, бомбы поднимают огромные водяные столбы. Плотик наполовину разваливается, но продолжает двигаться по волнам. Его толкают соскользнувшие в воду бойцы, и он двигается вместе с пушкой, каким-то чудом уцелевшей на двух брёвнах.

За паспяховае фарсіраванне Дняпра і замацаванне плацдармаў на правабярэжжы званне Героя Савецкага Саюза ў кастрычніку 1943-га было прысвоена 203 воінам 13-й арміі. У ліку адзначаных былі і 94 салдаты, сяржанты і афіцэры 15-га стралковага корпуса, які вызваляў Камарыншчыну: камандуючы 13-й арміяй генерал-лейтэнант Мікалай Пухаў, камандзір 15-га стралковага корпуса генерал-лейтэнант Іван Люднікаў, камандзіры 74-й і 8-й стралковых дывізій генерал-маёр Андранік Казаран, палкоўнік Парфірый Гудзь, камандзіры 78-га, 229-га і 360-га стралковых палкоў Іван Леўсенка, Данііл Шышкоў, Мікалай Сташак і інш.

 

У гонар абаронцаў

Вечны спакой на камарынскай зямлі знайшлі больш за 900 абаронцаў, якія загінулі ў верасні 1943 года, вызваляючы навакольныя мясціны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе яны, у тым ліку і шэсць Герояў Савецкага Саюза: Араз Анаеў, Васіль Баяркін, Дзмітрый Грачушкін, Мікалай Грышчанка, Фёдар Паўлоўскі і Мікалай Якаўлеў, пахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан.

Пра мужнасць і гераізм доблесных воінаў 15-га стралковага корпуса 13-й арміі Цэнтральнага фронту, якія фарсіравалі Днепр і прынеслі ў гэты паўднёвы куточак свабоду, нагадвае мясцовы помнік у выглядзе разгорнутага сцяга. А зусім нядаўна ў Камарыне яшчэ з’явіўся і парк – як светлая памяць, шчырая ўдзячнасць і паклон усім, хто не павярнуў назад, не скарыўся перад ворагам, адстаяў мір.  Новую зону добраўпарадкавання занялі маладыя дрэвы і кустарнікі, альтанкі, лаўкі, пешаходныя дарожкі, дзіцячая гульнявая пляцоўка. А ў цэнтры ўсталявана стэла і размясцілася экспазіцыя ваеннай тэхнікі. Адпаведны праект быў падрыхтаваны ў гонар святкавання 75-й гадавіны пераможнага фарсіравання Дняпра.

 

Даражыць і берагчы

Па добрай традыцыі дата 23 верасня збярэ ў Камарыне ўсіх, хто шануе сваё гераічнае мінулае і застаецца неабыякавым да грозных баявых падзей, што разгарнуліся калісьці на найпрыгажэйшай прыдняпроўскай зямлі. Перажытая трагедыя і дасягнутая перамога над ворагам – вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы. Ідзе час, а цяжкія гады Вялікай Айчыннай не губляюцца ў памяці. І па-ранейшаму аднолькава каштоўным для кожнага чалавека застаецца паняцце “мір”. Будзем даражыць і берагчы яго для будучых пакаленняў.

Валянціна Бельчанка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *