Дрэвы з прысядзібнага ўчастка Кацярыны Логвінавай упрыгожылі вуліцы Камарына

Главное Год малой родины Грамадства

Пытанню азелянення Брагіншчыны ў апошнія гады надаецца асаблівая ўвага як кіраўніцтвам раёна, так і самімі жыхарамі. Неабыякавыя, працавітыя людзі, якія клапоцяцца аб росквіце сваёй малой радзімы, безумоўна, ёсць у кожным населеным пункце. У іх ліку і жыхарка Камарына Кацярына Логвінава, якая на мінулым тыдні падарыла пасёлку 48 саджанцаў. Сама жанчына называе расліну ірландскай рабінай, а работнікі камунальнай гаспадаркі – воцатным дрэвам.

Насамрэч гэта сумах, які сваёй прыгажосцю прыцягвае погляды прахожых у любую пару года, што робіць яго адным з лепшых кандыдатаў на дэкаратыўнае азеляненне. У Камарыне яго можна сустрэць даволі часта. А на днях яшчэ адна алея з экзатычнай раслінай, якая мае незвычайную лістоту і крону, з’явілася каля культурна-спартыўнага цэнтра.


Як расказаў майстар па добраўпарадкаванні і санітарнай ачыстцы Камарынскага ўчастка КЖУП “Брагінскае” Мікалай Герман, у пасёлку над Дняпром работы па азеляненні праходзяць паспяхова. Толькі восенню прадпрыемствам было высаджана 80 раслін у парку (30 шаравідных вербаў і 50 кустоў). Гэта без уліку сумаху Кацярыны Міхайлаўны. Яшчэ 20 дрэў дазволіла выкапаць на сваім прысядзібным участку Ніна Гардзіенка. Яны таксама ўпрыгожылі вуліцы Камарына. Мінулай вясной работнікі камунальнай гаспадаркі высадзілі 170 раслін.

Шмат намаганняў для таго, каб пасёлак патанаў у зеляніне, прыкладаюць і школьнікі. На гэты раз дзеці выйшлі дапамагчы ЖКГ.

– Вучні добра разумеюць важнасць гэтай справы, – гаворыць класны кіраўнік дзевяцікласнікаў Вольга Краіла. – Усе мы любім сваю малую радзіму, а значыць, павінны ставіцца да яе, як да нашага агульнага дома, рабіць усё для таго, каб родны куточак быў чысты, утульны і добраўпарадкаваны.

Па словах Вольгі Мікалаеўны, школьнікі плануюць клапаціцца аб саджанцах, пры неабходнасці будуць іх паліваць і сачыць за тым, каб хто-небудзь незнарок іх не зламаў.

Няхай жа дрэвы растуць і набіраюцца моцы!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *