Па сцяжыне педагагічнай дзейнасці Ганна Іванаўна Бельчанка крочыць ужо 45 гадоў

Главное Грамадства

Па сцяжыне педагагічнай дзейнасці Ганна Іванаўна Бельчанка крочыць ужо 45 гадоў. І лічыць, што менавіта праца ў школе дапамагае ёй радавацца жыццю, заставацца бадзёрай, энергічнай і маладой душой.

З дзяцінства яна ўяўляла сябе толькі настаўніцай. Зрабіла свой выбар – адзін на ўсё жыццё – пад уплывам Зоі Рыгораўны Сізовай, якая выкладала ў пачатковых класах і першая адкрыла перад дзяўчынкай неабсяжны свет ведаў. Яна была з пакалення, што перажыло вайну. Даволі строгая, патрабавальная і ў той жа час справядлівая, з вялікай любоўю да дзяцей, Зоя Рыгораўна стала для сваёй будучай калегі прыкладам мудрасці, адданасці справе і высокага прафесіяналізму. А на гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Ганну Іванаўну прывяла схільнасць да гуманітарных навук.

Так склалася, што амаль усё жыццё гэтай жанчыны звязана з Іялчанскай сярэдняй школай. Тут яна вучылася, пачала выкладаць гісторыю і геаграфію, трынаццаць гадоў з’яўлялася намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, выхавала і выпусціла на шырокую жыццёвую прастору не адно пакаленне.

З прыкметным захапленнем і душэўнай шчырасцю настаўніца распавядае пра час, на які выпаў пачатак яе дзейнасці. Жыццё на сяле тады віравала. Вёскі поўніліся вялікай колькасцю людзей, у класах – каля трыццаці, а то і больш школьнікаў. Таму на ўроках, каб удзяліць увагу кожнаму, актывізаваць пазнавальную дзейнасць і ў той жа час захаваць дысцыпліну, некалі было прысесці. Усе дзеці, як і сёння, вылучаліся рознымі характарамі, паводзінамі, адносінамі да вучобы, разумовымі здольнасцямі. Але пакуль яшчэ ў свет не ўварваліся камп’ютарныя тэхналогіі, у большай пашане былі жывыя зносіны і кнігі, якія дапамагалі педагогу выхоўваць удумлівага, дапытлівага чытача, адукаванага, эрудзіраванага суразмоўцу. Школьнікі часцей самі выступалі ініцыятарамі мерапрыемстваў, прапаноўвалі, як арганізаваць пазаўрочны час.

На кожным сваім занятку Ганна Іванаўна старалася пасеяць зерне нацыянальнай самасвядомасці, сфарміраваць у вучняў сістэму поглядаў на развіццё грамадства, выхаваць у іх патрыятычныя пачуцці. Але каб паглыбіць веды дзяцей пра сваё мінулае, зацікавіць іх гісторыяй роднага краю ў падзеях і асобах, адных урокаў стала мала. Чарговы юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў натхніў настаўніцу і яе вучняў на актыўную работу па прапагандзе подзвігу савецкіх воінаў, якія ў верасні 1943-га фарсіравалі Днепр і прынеслі ў іх мясціны свабоду. Так пад кіраўніцтвам Ганны Іванаўны пачаў працаваць клуб “Пошук”.

Дзякуючы гэтай дзейнасці ў 70-80-х гадах быў сабраны багаты матэрыял пра баявы шлях 77-й гвардзейскай Чарнігаўскай стралковай дывізіі, які пралягаў і праз вёску Краснае, іншыя навакольныя населеныя пункты. Яна ўдзельнічала ў буйных абарончых і наступальных аперацыях, у тым ліку ў бітве за Днепр, і завяршыла вайну пад Берлінам. За мужнасць і гераізм, праяўленыя асабовым складам у гады Вялікай Айчыннай, дывізія ўзнагароджана ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга і Суворава II ступені. Больш чым 60 камандзірам і байцам прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. А ў адным з невялікіх падраздзяленняў дывізіі яго былі ўдастоены адразу шаснаццаць воінаў: 5-я стралковая рота 218-га палка ўвайшла ў гісторыю вайны як “Рота Герояў”. На чале з гвардыі лейтэнантам Мелікам Магерамам яна пачала штурм ракі насупраць вёсак Галкі і Вялле і вызначылася ў баях на правабярэжным плацдарме. Так байцы дазволілі пераправіцца праз Днепр усяму палку.

Каб не забыць мінулае, захаваць памяць пра подзвіг абаронцаў, са школы неаднаразова накіроўваліся запыты ў Маскоўскі цэнтральны ваенны архіў. Вучні разам са сваёй настаўніцай наладзілі перапіску з Героем Савецкага Саюза, удзельнікам вызвалення раёна Вячаславам Засядацелевым, іншымі ветэранамі 77-й дывізіі, якія праводзілі вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі. Усё гэта дазволіла атрымаць дакладныя даныя, каштоўную інфармацыю і нават ваенныя фотаздымкі, на якіх адлюстравана фарсіраванне Дняпра. А Ганне Іванаўне ў пачатку 80-х пашчасціла пабываць на сустрэчы з ветэранамі гэтай дывізіі ў Маскве.

Паралельна з пошукам звестак аб вызваліцелях збіраліся даныя і аб мясцовых ветэранах, запісваліся іх успаміны. Усё новымі і новымі матэрыяламі аб суровых выпрабаваннях, што выпалі на долю народа, нашым трагічным і гераічным мінулым папаўняліся папкі і альбомы. Як вынік гэтай маштабнай работы – створаная ў школе зала баявой славы.

Мінуў час. І ўжо большасць ветэранаў, сведкаў Вялікай Айчыннай пакінулі гэты свет. Лічаныя людзі могуць дакладна ўзнавіць у памяці, расказаць пра падзеі суровых саракавых. Усё, што ўдалося сабраць раней і захаваць – у музеях, кнігах памяці, такіх вось школьных куточках – сёння, згадзіцеся, з’яўляецца вялікай каштоўнасцю. Таму сваёй справай, вынікамі пошукавай дзейнасці Ганна Іванаўна ганарыцца па праву. І лічыць, што менавіта праца ў школе, побач з дзецьмі напаўняе яе жыццё сэнсам, надае сілы і не дазваляе лічыцца з узростам. Тут заўсёды жыве радасць поспехаў, багацце ідэй, творчасць і маладосць.

Звініць званок – і зноў пачынаецца ўрок, на якім будуць адказы, новыя тэмы, заданні… І, магчыма, хтосьці з вучняў у пошуках незведанага ўжо зазірне не ў кнігу, а ў інтэрнэт. Жыццё не стаіць на месцы. Новыя тэхналогіі, новы змест адукацыі, новыя сродкі і метады навучання. Але ў адным Ганна Іванаўна па-ранейшаму ўпэўнена: галоўным у выхаванні падрастаючага пакалення застаецца ўласны прыклад настаўніка і яго жывое слова.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *