Свята вёскі прайшло ў Малажыне

Главное Грамадства

У мясцовым цэнтры культуры і вольнага часу адбылося галоўнае дзеянне дня – святочны канцэрт. Старанна прадуманы работнікамі культуры сцэнарый парадаваў гледачоў насычанай праграмай.

Радасць свята з вяскоўцамі раздзяліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Калясан. Ён адзначыў, што Дзень вёскі – гэта ўрачыстасць для ўсіх, чый лёс звязаны з Малажынам, хто жыве яго сённяшнім і будучым. За шматгадовую і добрасумленную працу, а таксама за актыўную жыццёвую пазіцыю Аляксандр Іванавіч узнагародзіў Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў Тамару Чарнянок.

Старшыня Малажынскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Новік таксама павіншавала землякоў са святам, пажадала ўсім здароўя, дабрабыту і росквіту.

На сцэну для ўручэння дыпломаў і падарункаў Наталля Васільеўна запрасіла гаспадароў самых добраўпарадкаваных сядзіб. У іх ліку – Вольга Малочка, Надзея і Уладзімір Давыдоўскія, Тамара і Раман Палкіны. За ініцыятыву і актыўны ўдзел у суботніках па добраўпарадкаванні аграгарадка былі ўзнагароджаны Ала Калясан, Людміла Астапенка і Мікалай Давыдоўскі.

Вяскоўцы дружна віталі сем’і, якія сёлета святкуюць юбілеі з дня вяселля. Так, 45 гадоў у каханні і згодзе пражылі Іван і Марыя Новікі, 25 гадоў – Сяргей і Ірына Давыдоўскія.

Шчырымі апладысментамі прысутныя ў зале сустракалі самага маленькага жыхара Малажына Мікалая, які нарадзіўся ў сям’і Наталі Краўчанкі і Дзмітрыя Шынкарэнкі, а таксама самую маладую сям’ю – Мікалая і Вольгі Чарнянок.

Шмат цёплых слоў гучала ў адрас доўгажыхарак Малажына Таццяны Бабрынёвай і Марыі Харко, вяскоўцаў, якія сёлета адзначаюць юбілеі з дня нараджэння, прадстаўнікоў сацыяльнай сферы і інш.

Дырэктар ААТ “Малажынскі” Міхаіл Пінжакоў павіншаваў і ўзнагародзіў лепшых работнікаў гаспадаркі.

Сваёй творчасцю са сцэны радавалі гледачоў вакальныя групы “Белыя росы” і “Бліскавіца”, самадзейныя артысты.

Святочныя гулянні таксама прайшлі на пляцоўцы каля цэнтра культуры і вольнага часу. Тут размясціліся гандлёвыя палаткі, а для дзяцей была арганізавана гульнявая зона з батутамі і іншымі забавамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *