Аляксандр Федарэнка службе ў міліцыі прысвяціў амаль 23 гады

Грамадства

У Брагінскім раённым аддзеле ўнутраных спраў мудрасць старэйшага пакалення і ініцыятыва моладзі звязаны непарыўна. Вопыт, веды і каштоўныя рэкамендацыі ветэранаў МУС дазваляюць больш аператыўна і эфектыўна вырашаць пытанні, якія сёння стаяць перад праваахоўнікамі. Прыкладам прафесіяналізму, адказнасці і вернасці абранай справе для маладога пакалення РАУС з’яўляецца і Аляксандр Федарэнка, які гэтай нялёгкай службе прысвяціў амаль 23 гады.

Урачыстая цырымонія ўручэння Аляксандру Віктаравічу юбілейнага медаля “100 год міліцыі Беларусі” была прымеркавана да Дня ўшаноўвання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС, даты заснавання Брагінскага РАУС.

Шлях у прафесію Аляксандр Федарэнка пачаў са службы ў арміі, якую праходзіў у батальёне спецыяльнага прызначэння ўнутраных войск у Мінску. А працоўную дзейнасць пачаў у роце патрульна-паставой службы міліцыі. Гэта было ў сакавіку 1994 года. Малады чалавек сачыў за правапарадкам на вуліцах сталіцы. Са спецыфікай гэтай работы быў добра знаёмы, бо яшчэ ў якасці ваеннаслужачага неаднойчы даводзілася прымаць удзел у падобным патруляванні – калі супрацоўнікам міліцыі неабходна было перайсці ва ўзмоцнены рэжым.

У Брагін перавёўся восенню таго ж года. Калі параўноўваць з Мінскам, то ў райцэнтры ў міліцыянера аддзялення патрульна-паставой службы РАУС кола абавязкаў значна пашырылася. Даводзілася нават ахоўваць і канваіраваць асоб, якія ўтрымліваліся пад вартай.

Некалькі год кіраўніцтва аддзела давярала Аляксандру Вік-таравічу, нягледзячы на званне сяржанта, займаць афіцэрскія пасады. А ў 2001-м, пасля заканчэння школы міліцыі, адказны, мэтанакіраваны і ўжо вопытны супрацоўнік стаў участковым інспектарам на тэрыторыі Буркоўскага, Вуглоўскага і Мікуліцкага сельскіх Саветаў. Разумеючы, што ад яго работы шмат у чым залежыць бяспека і спакой насельніцтва, імкнуўся ўнікнуць у сутнасць кожнай праблемы, старанна аналізаваў сітуацыі, правяраў факты. Разам з пошукам вясковых злодзеяў, якія здзяйснялі дробныя крадзяжы, даводзілася ўціхамірваць сямейных скандалістаў, ну і, вядома ж, весці барацьбу з п’янствам. Дарэчы, пры ўдзеле Аляксандра Віктаравіча быў выкрыты падпольны цэх па вырабе самагонкі – у аднаго з мясцовых жыхароў знайшлі каля 800 літраў самаробнага напою, падрыхтаванага для продажу.

А ўжо на пасадзе старшага оперупаўнаважанага групы па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў удзельнічаў у раскрыцці крымінальнай справы, звязанай з уцягваннем дзяўчат у занятак прастытуцыяй. Жыхар раёна напойваў сваіх ахвяр клафелінам, забіраў дакументы і ў беспрытомным стане вывозіў за мяжу, дзе тым нічога не заставалася, як выконваць загады зламысніка. Па словах Аляксандра Віктаравіча, тады супрацоўнікам міліцыі стала вядома аб 12 падобных фактах. І толькі дзякуючы зладжанай рабоце праваахоўных органаў мужчына панёс заслужанае пакаранне.

Калі перайшоў у групу дазнання, займаўся расследаваннем менш цяжкіх крымінальных спраў і спраў, якія не ўяўляюць вялікай грамадзянскай небяспекі. Тады крымінальная адказнасць прадугледжвалася за крадзеж нават самай нязначнай рэчы, таму разам з калегам Аляксандрам Гаўрыленкам даводзілася весці не па адным дзясятку спраў адначасова. А гэта значыць, выязджаць на месца здарэння, праводзіць яго агляд, апытваць сведкаў… Безумоўна, такі рытм вытрымае не кожны, а толькі чалавек, сапраўды адданы сваёй прафесіі.

Сам жа Аляксандр Віктаравіч пераадольванне любых цяжкасцей лічыць добрай школай жыцця, навыкі якой спатрэбіліся яму і на наступнай пасадзе – у аддзяленні крымінальнага вышуку. Тут асноўная місія заключалася ў пошуку людзей, якія здзейснілі злачынства, схаваліся ад органаў дазнання ці зніклі без вестак. Гэтаму накірунку дзейнасці Аляксандр Федарэнка аддаў восем гадоў. Адначасова атрымліваў вышэйшую адукацыю на юрыдычным факультэце Маскоўскай сучаснай гуманітарнай акадэміі.

У 2015-м заняў пасаду першага намесніка начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў. І гэта не дзіўна, бо за плячамі ўжо былі больш за 20 гадоў службы і неацэнны працоўны вопыт. Але, на жаль, у 2017-м па стане здароўя Аляксандр Федарэнка быў вымушаны пайсці на заслужаны адпачынак.

Яго добрасумленнае стаўленне да службовых абавязкаў не раз адзначалася кіраўніцтвам. Сярод узнагарод – медалі “За бездакорную службу”, “За выдатную службу”, “90 год міліцыі Беларусі”, а таксама шматлікія граматы і лісты з падзякай.

Зараз да іх далучыўся яшчэ адзін юбілейны медаль. Вядома, на цырымоніі ўручэння прысутнічалі і маладыя супрацоўнікі аддзела. Ім Аляксандр Віктаравіч нагадаў аб галоўных прафесійных і чалавечых каштоўнасцях, якімі павінен кіравацца кожны міліцыянер, пажадаў быць больш упэўненымі ў сабе, удасканальваць свае веды і заўсёды прытрымлівацца літары закону.

Вольга ПАЛЯШЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *