26 студзеня – Дзень беларускай навукі

Важное Да Дня беларускага пісьменства Нашы праекты: імёны малой радзімы

Найноўшыя даследаванні, укараненне перадавых тэхналогій і сучасных распрацовак у вытворчасць, медыцыну і адукацыю, іншыя сферы дзейнасці, крэатыўны падыход да вырашэння праблем… Усё гэта, безумоўна, дазваляе не толькі паляпшаць узровень і якасць жыцця насельніцтва, але і дастойна выглядаць краіне на сусветнай арэне. Значыць, актуальнасць і неабходнасць развіцця навукі не падлягае сумненню. А свята ў яе гонар – добрая нагода яшчэ раз падкрэсліць важнасць навуковых дасягненняў для дзяржавы і грамадства, прыгадаць людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё высокай і адказнай місіі – весці нас па шляху прагрэсу. Ёсць, дарэчы, сярод такіх і ўраджэнцы Брагіншчыны.


Аўтарам больш за сто навуковых прац па праблемах удасканальвання зместу школьнага курса роднай мовы, распрацоўкі і ўкаранення ў педагагічную практыку найбольш эфектыўных метадаў і прыёмаў навучання з’яўляецца Васіль ПРОТЧАНКА (1930–2002). У ліку яго кніг – “Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ” (1984), “Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ” (1989), “Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы” (1987), “Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі навучання беларускай мове” (2001) і інш.

Малая радзіма доктара філалагічных навук, прафесара – вёска Зарэчча. У канцы 60-х – пачатку 70-х ён працаваў дэканам філалагічнага факультэта Мазырскага педінстытута, загадчыкам кабінета беларускай мовы Мінскага абласнога інстытута ўдасканальвання настаўнікаў. Потым – у Нацыянальным інстытуце адукацыі, быў галоўным рэдактарам часопіса “Беларуская мова і літаратура”. А пачынаў, дарэчы, свой прафесійны шлях на Брагіншчыне. Таму непадробную цікаваць выклікаюць яго ўспаміны пра першыя гады настаўніцтва.

“Мяне, выпускніка Мазырскага педвучылішча, у жніўні 1949 года Брагінскі райана назначыў загадчыкам і настаўнікам Катловіцкай пачатковай школы. У школах у той час вучыліся дзеці вайны, пераважна сіроты. Прыніжана жудасная беднасць, галеча, маральная і бытавая неўладкаванасць. Толькі за адну зіму ад хваробы памерлі трое трэцякласнікаў, годам раней некалькі дзяцей падарваліся на міне. Людское гора адазвалася ў сэрцы, абвастрыла пачуцці, навучыла адчуваць боль ад чужых пакутаў, павысіла адказнасць за лёс, здароўе, спакой і жыццё дзяцей – самага дарагога, што даручылі настаўнікам удовы вайны.

Неўзабаве наладзілася праца. Удалося прывесці ў парадак школу: патынкаваць пакоі, зрабіць прыбудову, каб дзецям было дзе распрануцца, абсталяваць класы партамі, укамплектаваць бібліятэку. Дапамаглі характар, сельскі Савет, калгас і вяскоўцы.

…У жніўні 1950 года Палескі аблана назначыў мяне намеснікам дырэктара Брагінскага дзіцячага дома. Гэтая ўстанова таксама знаходзілася ў бядотным становішчы: каля двухсот дзяцей размяшчалася ў трох сялянскіх хатах і клубным памяшканні разбуранага крухмальнага завода. Адчуваліся перабоі ў забеспячэнні харчаваннем, не хапала адзення, бялізны. Панавала запушчанасць у арганізацыйна-педагагічнай рабоце. Праблему ўскладняла недакамплектаванасць установы кваліфікаванымі кадрамі. Дзіцячы дом знаходзіўся ў вёсцы.

…Нягледзячы на тое, што сядзіба бацькоў знаходзілася на адлегласці да чатырох кіламетраў, начаваў я ў дзіцячым доме. Свой пакойчык ніколі не замыкаў. Працаваў з шасці раніцы да позняй ночы. Толькі той, хто разумее, што такое трыццаць дзяцей у сялянскай хаце, дровы і печ у адным пакоі, можа ўявіць умовы працы…”

Нават калі дзіцячы дом расфарміравалі, Васіль Ульянавіч падтрымліваў сувязь з яго выхаванцамі, удзельнічаў, па магчымасці, у вырашэнні іх праблем. Працаваў настаўнікам, завучам Савіцкай, а потым дырэктарам Брагінскай сярэдняй школы №1, самай вялікай у раёне, першай, што перайшла на 11-гадовае прафесійна накіраванае навучанне. У 1959 годзе паступіў у аспірантуру Белдзяржуніверсітэта. Хацеў папоўніць веды і зноў вярнуцца ў школу. Але лёс распарадзіўся інакш: заняўся навукова-асветніцкай дзейнасцю.

Дапамагаў настаўнікам беларускай мовы вырашаць складаныя пытанні фарміравання асобы маладога чалавека сродкамі роднага слова. Сярод атрыманых узнагарод – медалі Францыска Скарыны, “За працоўныя заслугі”, “Ветэран працы”.

У 2007-м адзначыў сваё 70-годдзе ўраджэнец в. Рафалаў Уладзімір БЕЛЫ член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі, вядомы вучоны ў галіне крышталяоптыкі, акустаоптыкі і лазернай фізікі. За работы, якія датычаць нелінейна-частотнага пераўтварэння, яму ў 1978 годзе прысуджана прэмія ленінскага камсамола Беларусі. У 2000-м за даследаванне нелінейна-аптычных з’яў і стварэнне на гэтай аснове высокаэфектыўных крыніц лазернага выпраменьвання ён удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы непасрэднаму і актыўнаму ўдзелу Уладзіміра Мікалаевіча ў рамках двухбаковага пагаднення паміж НАН Беларусі і Фраунгофераўскім таварыствам (Германія) была створана Міжнародная навуковая лабараторыя аптычнай дыягностыкі, навуковым кіраўніком якой стаў ураджэнец Брагіншчыны. У 2005–2017 гг. тут ажыццявілі шэраг перспектыўных распрацовак сусветнага ўзроўню.

Агульнапрызнаны навуковы аўтарытэт дазволіў гэтаму вучонаму неаднаразова прадстаўляць нашу краіну на міжнародных нарадах, выступаць з дакладамі на буйных міжнародных кангрэсах, а таксама прыцягнуць інвестыцыі ў памеры звыш 5 млн долараў ЗША з Германіі, Паўднёвай Карэі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і Саудаўскай Аравіі для распрацоўкі новых аптычных устройстваў і тэхналогій. З 2015 года Уладзімір Белы загадвае цэнтрам “Дыягнастычныя сістэмы” Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі. Высокай ацэнкай вынікаў яго працы і асабістых якасцей з’яўляецца ўзнагароджанне яго медалямі Францыска Скарыны, “За воінскую доблесць”, Ганаровай граматай НАН Беларусі.

Яшчэ адзін член-карэспандэнт НАН Беларусі – Міхаіл ПІЛІПЕНКА, доктар гістарычных навук, прафесар. Нарадзіўся ён у 1936 годзе ў вёсцы Нежыхаў. Жахлівыя засталіся ўспаміны з дзяцінства:

“Немцы прыйшлі ў першы раз вялікай групай у вёску. Усіх сагналі ў адну хату, трымалі вельмі доўга, а потым хацелі спаліць… Прайшло некалькі месяцаў. Мы зноў убачылі немцаў у вёсцы. На гэты раз яны прыехалі ўжо з пэўнай мэтай – гэтую вёску знішчыць, а людзей забіць… Усе пабеглі ў той канец вёскі, дзе хаты яшчэ не гарэлі. Я быў зусім малы. Мы скіраваліся праз хмызнякі і ўбачылі, як усё гарыць… Вярнуліся… і ніводнай хаты. Людзі, якія не збеглі, былі забіты: жанчыны, дзеці, старыя. Я нават пах смерці адчуваў. Засталося гэта на ўсё жыццё.”

Пасля вызвалення Беларусі Міхаіл Фёдаравіч апынуўся ў дзіцячым доме за пяць кіламетраў ад Брагіна. Гады вучобы ў школе былі няпростыя: па сорак чалавек у класе, адзін буквар на ўсіх. Але гэта не стала перашкодай вучыцца на выдатна. Складаныя ўмовы жыцця ў дзіцячым доме не абазлілі, а наадварот, дапамаглі ўпэўніцца: менавіта адносіны да жыцця і асабісты настрой чалавека вызначаюць яго лёс.

Маючы на руках пахвальную грамату (што па тых часах было вялікай рэдкасцю), юнак падаў дакументы ў Мазырскае педагагічнае вучылішча. А пасля яго заканчэння стаў студэнтам гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе яго і захапіла навуковая дзейнасць. Ды настолькі, што пасля адпрацоўкі ў школах Віцебскай і Гомельскай абласцей вырашыў паглыбіць свае веды ў гістарычнай галіне і працягнуць навучанне ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава.
У 1967 годзе Міхаіл Фёдаравіч пачаў працу на гістарычным факультэце БДУ. У 1994–2004 гг. – дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. З 2004-га – галоўны навуковы супрацоўнік гэтага інстытута.

Прафесар з’яўляецца аўтарам звыш 100 навуковых прац. Ён удзельнічаў у падрыхтоўцы “Беларускай савецкай энцыклапедыі”, кароткай энцыклапедыі “Беларуская ССР” у 5 тамах, “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”, энцыклапедычнага даведніка “Беларусь”, энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі”. Вядомы як даследчык пытанняў гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, беларускага этнагенезу, сямейнага побыту, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераванняў.
Менавіта Міхаіл Фёдаравіч згуртаваў калектыў інстытута вакол падрыхтоўкі шматтомнага фундаментальнага выдання “Беларусы”, якім справядліва ганарыцца.

Ураджэнкай Брагіна з’яўляе-цца Вольга СКАРАХОД (1915–1994). Доктар хімічных навук, прафесар. У 1939 годзе яна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і працавала там жа (з перапынкам 1941–1944 гг.) да 1984-га.

Асноўныя навуковыя працы прысвечаны даследаванню малекулярнай іонаабменнай і ліган-днай сорбцыі розных арганічных злучэнняў на іанітах. Выявіла заканамернасці сорбцыі, уплыў будовы малекул сарбату, саставу раствору і структуры іаніту на выбіральнасць паглынання. Прапанавала метады храматаграфічнага падзелу блізкіх уласцівасцямі злучэнняў і метады экстракцыйна-фотаметрычнага вызначэння малібдэну і тытану ў сплавах і мінералах з дапамогай амінаоксіфуранону. Аўтар шэрагу навуковых прац.
Тут жа, у Брагіне, нарадзіўся ў 1941 годзе Валерый ПРОТЧАНКА, які пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў Мінску настаўнічаў у Лепельскім раёне. Працаваў у Белдзяржуніверсітэце, Мінскай вышэйшай партыйнай школе, Дзяржкамчарнобылі і Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. З 2002 года – у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Аўтар шэрагу прац па гісторыі Беларусі і праблемах чарнобыльскай катастрофы.

Міхаіл РАМАНЕНКА – канструктар сельскагаспадарчых машын, кандыдат тэхнічных навук. Ён нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Пасудава. Скончыў Гусеўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі ў Калінінградскай вобласці, Украінскую сельскагаспадарчую акадэмію. З 1965-га працаваў ва Украінскім навукова-даследчым інстытуце механізацыі і электрафікацыі сельскай гаспадаркі.

На аснове распрацаваных тэхна-лагічных і канструктарскіх схем стварыў эксперыментальны ўзор машыны для апрацоўкі глебы на тэрасавых схілах. Пры яго ўдзеле распрацавана многа тыпаў сеялак, ім прапанаваны арыгінальныя прыстасаванні да ўжо існаваўшых машын. Мае больш за 20 аўтарскіх пасведчанняў. Узнагароджаны значком “Вынаходнік СССР”.

Выхадцамі з Брагіншчыны з’яў-ляюцца таксама акадэмікі НАН Беларусі Міхаіл ПАЎЛЮЧЭНКА і Дзмітрый ШЫРАКАНАЎ. Першы – доктар хімічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, другі – адзін з найбольш вядомых беларускіх вучоных у галіне філасофіі, заснавальнік і лідар айчыннай навуковай школы ў галіне логіка-метадалагічных асноў і структур навуковага пазнання.

Хто яшчэ з ураджэнцаў раёна, нашых землякоў унёс значны ўклад у станаўленне і развіццё айчыннай навукі? Якімі дасягненнямі вучоных ганарыцца Беларусь? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, думаю, павінны даць мерапрыемствы, што кожны год ладзяцца з набліжэннем апошняй нядзелі студзеня. Менавіта ў гэты дзень мы сустракаем Дзень беларускай навукі. У НАН Беларусі, напрыклад, на бягучым тыдні ёсць магчымасць бясплатна наведаць Музей гісторыі, азнаёміцца з унікальнымі экспанатамі археалагічнай экспа-зіцыі і Музея старажытнабеларускай культуры. Вядомыя вучоныя і маладыя даследчыкі сустракаюцца з навучэнцамі, выступаюць з лекцыямі ва ўстановах адукацыі. А ў школах Брагіншчыны да гэтай даты прымеркаваны інтэлек-туальныя гульні, інфармацыйныя гадзіны, конкурсы і віктарыны, кніжныя выставы, вусныя часопісы, круглыя сталы.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *