У школьнікаў — час канікул

Важное

На зімовыя школьныя канікулы прыпадае ажно тры святы – каталіцкае і праваслаўнае Нараджэнне Хрыстова, а таксама Новы год. Таму і атмасфера ў гэтыя дні асаблівая – казачная, чароўная. З любімымі забавамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі, карагодамі вакол ёлкі, падарункамі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі, нястрымнай весялосцю. Ды і ў саміх хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць магчымасць далучыцца да добрых спраў, прадэманстраваць свае ўменні і таленты падчас валанцёрскай дзейнасці, удзелу ў гульнях і конкурсах, іншых мерапрыемствах. Іншымі словамі, больш чым двухтыднёвы “адпускны” перыяд увянчаны шэрагам навагодніх урачыстасцей.

Толькі раённае свята ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” сабрала каля зялёнай прыгажуні 107 юных жыхароў Брагіншчыны. Дванаццаць вучняў былі запрошаны на губернатарскую ёлку ў Гомельскі дзяржаўны цырк. Гэта асобы, якія маюць высокія дасягненні ў навучальнай, творчай, спартыўнай дзейнасці, а таксама з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў. У ліку тых, каму на свяце старшыня абл-выканкама Генадзь Салавей уручыў заслужаныя ўзнагароды, – сямікласнік гімназіі г.п. Брагіна Андрэй Мендзелеў, пераможца абласнога конкурсу “Junior Scratch Developer”, фіналіст адкрытага конкурсу “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch – 2019”, прызёр заключнага этапу конкурсу камп’ютарных распрацовак “Патрыёт.by 2019” і турніру “Кубка па адукацыйнай робататэхніцы”.

Яшчэ 16 нашых юных землякоў пабывалі на навагоднім дабрачынным мерапрыемстве, арганізаваным ААТ “Гомельаблаўтатранс”. Сорак вучняў прымуць удзел у традыцыйнай рэспубліканскай урачыстасці “Калядная ёлка – нашы дзеці”, якая збярэ восьмага студзеня ў сталіцы хлопчыкаў і дзяўчынак з пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнаў. Двум 11-класнікам гімназіі г.п. Брагіна Валерыі Кандрашэўскай і Паўлу Герасімаву, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, пашчасціла акунуцца ў атмасферу навагодняга абласнога балю. А Дар’і Машкоўскай, вучаніцы пятага класа Брагінскай школы, выпаў гонар накіравацца на рэспубліканскае навагодняе свята з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Цудамі і творчымі справамі, захапляльнымі культурнымі, спартыўнымі і іншымі мерапрыемствамі напоўнена таксама жыццё 270 вучняў у лагерах дзённага знаходжання. Яны дзейнічаюць на працягу канікул у 11 установах адукацыі і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. А каб усе юныя асобы селі за парты здаровымі, без хваляванняў і нервовых узрушэнняў, працягваецца работа, накіраваная на прававое выхаванне непаўналетніх, папярэджанне пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, негатыўных з’яў у падлеткавым асяроддзі. У раёне з 26 снежня па 11 студзеня праходзіць прафілактычная акцыя “У новы год – без правапарушэнняў”, у якой задзейнічаны камісія па справах непаўналетніх, работнікі адукацыі, культуры, спорту, аховы здароўя, міліцыі, аддзела па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і інш.

Нагадаю, што афіцыйна зімовыя канікулы ў беларускіх школах стартавалі 26 снежня, а фактычна – 25-га. У гэты дзень, як вядома, католікі адзначаюць Нараджэнне Хрыстова, і ён пазначаны ў нашым календары чырвоным колерам. Працягнецца адпачынак ад урокаў цэлых 19 дзён: трэцяя чвэрць пачнецца толькі 13 студзеня.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *