Курсанты Акадэміі МУС: адказныя, мэтанакіраваныя, ініцыятыўныя

Грамадства


Стаяць на варце закону, падтрымліваць парадак на вуліцах населеных пунктаў, ахоўваць маёмасць, жыццё і спакой грамадзян – такія задачы стаяць перад супрацоўнікамі міліцыі. Гэтую прафесію выбіраюць фізічна моцныя людзі, адказныя, вынослівыя, упэўненыя ў сабе, тыя, каго не палохаюць ненармаваны працоўны дзень, начныя дзяжурствы, неабходнасць заўсёды быць на сувязі… Абавязковыя ўмовы – самадысцыпліна і павага да закону.

Сярод жыхароў раёна таксама нямала жадаючых звязаць свой лёс з праваахоўнай дзейнасцю. У іх ліку – Ягор Шынкарэнка, Андрэй Калеснікаў і Уладзіслаў Шылец (на фота). Юнакі  вучацца на чацвёртым курсе Акадэміі МУС.

Выпускнікі гімназіі г.п. Брагіна Ягор Шынкарэнка і Уладзіслаў Шылец у хуткім часе будуць займацца раскрыццём злачынстваў. Юнакі выбралі накірунак “аператыўна-пошуковая дзейнасць”, куды іх прывяло павышанае пачуццё справядлівасці і жаданне быць патрэбнымі людзям.

– Спачатку былі думкі стаць следчым, але перавагу ўсё ж аддаў крымінальнаму вышуку, – прызнаецца Ягор. – Следчыя працуюць пераважна з дакументамі, аналізуюць сабраную інфармацыю, вядуць пратаколы, а мне больш да спадобы рухавая работа, узамадзеянне з грамадзянамі, пошук “зачэпак”.

Уладзіслаў стаць юрыстам марыў недзе з класа сёмага. Рыхтаваўся да паступлення ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Але калі прадстаўнікі кадравай службы раённага аддзела ўнутраных спраў прапанавалі вучобу ў Акадэміі, згадзіўся паспрабаваць. Да таго ж навучанне ва ўстанове сістэмы МУС мае свае перавагі: бясплатнае пражыванне, грашовае забеспячэнне, працоўны стаж – з дня залічэння… Па словах курсантаў, кваліфікаваныя і вопытныя выкладчыкі-практыкі не толькі даюць добрыя веды, але і прыводзяць шмат прыкладаў з асабістай службовай дзейнасці.

Вольны ад заняткаў час у курсантаў Акадэміі таксама даволі насычаны. Тут дзейнічае мноства разнастайных секцый, у тым ліку і спартыўных, дзе маладых людзей трэніруюць заслужаныя майстры спорту. Падчас масавых святочных мерапрыемстваў навучэнцы Акадэміі дапамагаюць супрацоўнікам міліцыі ахоўваць грамадскі парадак на вуліцах сталіцы. Задзейнічаны яны былі і на Еўрапейскіх гульнях – неслі службу на стадыёне “Дынама”.

Гэтым летам Ягор і Уладзіслаў прыйдуць на працу ў аддзяленне крымінальнага вышуку РАУС, з дзейнасцю якога ўжо добра знаёмы: праходзілі практыку пад кіраўніцтвам Сяргея Катлярэнкі.

Андрэй Калеснікаў з Камарына пры паступленні ў Акадэмію выбраў адміністрацыйна-прававую дзейнасць. Курсант – будучы аўтаінспектар. Пасля атрымання дыплома ён папоўніць рады супрацоўнікаў аддзялення ДАІ.

– У нас, безумоўна, свой распарадак дня, – расказвае Андрэй. – Але займаемся мы ў Акадэміі не толькі вучобай. Тут праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. Прыемныя ўражанні засталіся пасля сустрэчы з міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым, які расказаў аб сваім службовым шляху.

Галоўнай задачай аўтаінспектара курсант лічыць захаванне жыццяў і здароўя людзей, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху. А для гэтага патрэбна, каб вадзіцелі і пешаходы выконвалі правілы, былі ўзаемаветлівыя і законапаслухмяныя.

З чаго пачаць?

Калі малады чалавек збіраецца пабудаваць кар’еру міліцыянера, то пачынаць збіраць неабходныя дакументы патрэбна ўжо зараз. Але спачатку неабходна звярнуцца ў раённы аддзел унутраных спраў з адпаведнай заявай. І зрабіць гэта да 15 красавіка.

– Кожны кандыдат праходзіць прафесійны адбор на некалькіх этапах: спецыяльную праверку, медыцынскі агляд, псіхафізіялагічнае абследаванне, – расказвае старшы інспектар групы кадраў РАУС Таццяна ЕФІМЕНКА.Акрамя таго, будучаму курсанту неабходна будзе здаць разам з іншымі абітурыентамі ў вызначаныя Міністэрствам адукацыі дні цэнтралізаванае тэсціраванне па грамадазнаўстве, адной з дзяржаўных моў (беларускай ці рускай), а таксама замежнай. Перад залічэннем маладыя людзі праходзяць канчатковы медыцынскі агляд непасрэдна ў Акадэміі. Потым з імі заключаецца кантракт, які прадугледжвае праходжанне службы ў органах унутраных спраў на працягу пяці гадоў пасля вучобы.

Сярод плюсаў ВНУ сістэмы МУС Таццяна Міхайлаўна называе бясплатнае атрыманне вышэйшай юрыдычнай адукацыі, поўнае дзяржзабеспячэнне навучэнца і гарантаванае працаўладкаванне па спецыяльнасці.

Нагадаем, што ў Беларусі для органаў унутраных спраў спецыялістаў рыхтуюць у Акадэміі МУС і Магілёўскім інстытуце МУС. У Мінску яшчэ ёсць спецыялізаваны ліцэй МУС, куды можна паступіць пасля шасці класаў.

Вольга ПАЛЯШЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *