Летапіс добрых спраў

Важное Взгляд Нины Синиловой Грамадства

Калі знаёмілася з вынікамі работы працаўнікоў ферм за 2019 год, узгадвала аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, сустрэчы з імі, расказы пра шлях у прафесію.

Парадавала, што ў нашым раёне больш чым дзесяць чалавек перасягнулі шасцітысячны рубеж па надоі малака. Пра многіх мы пісалі на старонках мясцовага выдання, змяшчалі іх фотаздымкі. На мой погляд, гэта важна не толькі для саміх вяскоўцаў, але і для іх родных, блізкіх, знаёмых. Нядаўна былая загадчыца МТФ падчас сустрэчы прызналася мне, што заўсёды з хваляваннем адкрывала раёнку, у якой друкаваліся паказчыкі работы за месяц, квартал, год. І калі бачыла, што іх калектыў не на першым месцы, у думках суцяшала сябе: усё роўна мы даб’ёмся большага і станем лідарамі. І ў рэшце рэшт гэтае вытворчае падраздзяленне абыходзіла моцных сапернікаў.

Убачыць сваё прозвішча сярод тых, хто сумленнай працай праслаўляе родны калектыў, гаспадарку, безумоўна, прыемна. Ганарацца поспехамі бацькоў або братоў, сясцёр прадстаўнікі малодшага пакалення. Не ведаю, ці знаёмяць зараз настаўнікі на класных гадзінах вучняў з дасягненнямі сельгаспрадпрыемстваў, на тэрыторыі якіх размешчаны навучальныя ўстановы, а раней без раённага выдання ў клас не заходзілі. Дзеці ведалі прозвішчы лепшых працаўнікоў калгаса або саўгаса. Многія пасля заканчэння школы заставаліся працаваць у родных мясцінах, працягвалі традыцыі папярэднікаў і ўвекавечвалі свае імёны. Дзякуючы раёнцы мы сёння можам прачытаць пра іх рэкорды. І не толькі ў жывёлагадоўлі.

…У 70-я гады мінулага стагоддзя імя Івана Зелянкоўскага ведаў увесь Савецкі Саюз. Механізатар, брыгадзір трактарнай брыгады калгаса “Чырвоная Ніва” атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. У пасляваенныя гады гэтага ганаровага звання была ўдастоена звеннявая па вырошчванні зерневых з гэтай жа гаспадаркі Тамара Шкурко. Затым плеяду герояў папоўнілі Барыс Шылец, Іван Сіраж, Іван Мартыненка. Камбайнер калгаса імя Тэльмана Станіслаў Гермель стаў поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.

Эстафету землякоў-ардэнаносцаў падхапілі маладыя. Механізатар СПК “Брагінка” Юрый Дубіна ў 2005-м у час жніва перавёз 1180 тон зерня і заняў у рэспубліцы трэцяе месца. На фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2005” быў заахвочаны падарункам. А на абласным свяце ўраджаю ўшаноўвалі маладога вадзіцеля сельгаскааператыва “Брагінскі” Анатоля Кацубу, які перавёз на МАЗе больш за тысячу тон хлеба новага ўраджаю.

Маладая даярка гэтай жа гаспадаркі Алена Сіманава ад кожнай з 49 кароў сваёй групы надаіла па 3960 кілаграмаў малака. На раённым конкурсе прафесійнага майстэрства яна заняла другое месца.

Пройдуць гады, і пра тое, як працавалі брагінчане ў 2020-м, можна будзе даведацца з “Маяка Палесся”. Людзі, якія зараз сумленнымі адносінамі да справы паказваюць прыклад іншым, не думаюць аб славе. Яна сама знойдзе іх.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *