Насенне ёсць. Будзем сеяць

Сельское хозяйство

Насенне называюць залатым фондам ураджаю. Ці выканалі аграрыі план яго засыпкі, ці правялі сортаабнаўленне і сортазамену? На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць вядучага агранома Брагінскай раённай дзяржаўнай інспекцыі – дзяржаўнага інспектара Аляксандра РУДАБЕЛЬЦА.

Як праінфармаваў Аляксандр Аляксандравіч, заданне па засыпцы яравых зерневых і зернебабовых складае 1440,6 тоны. На 17 лютага ў складах сельгаспрадпрыемстваў было ў наяўнасці 1797,7 тоны насеннага матэрыялу (124,8%). Ячменю, напрыклад, 1083,7 тоны (пры заданні 813), аўса – 679 тон, што больш задання на 111 тон. Не хапае пакуль зернебабовых, але ў бліжэйшы час ААТ “Камарынскі” набудзе віку, каб пасеяць яе ў сумесі з аўсом на зялёны корм буйной рагатай жывёле. Прыжылася на палях раёна такая культура як проса. Замест патрэбных 1,4 тоны насення ёсць дзве.

Не менш важна і абнаўленне сартавога, рэпрадуктыўнага саставу. Штогод гаспадаркі нашага раёна праводзяць сортазамену і сортаабнаўленне элітнага насення яравых зерневых культур (не менш чым 10%), што складае 144 тоны. Закупляецца яно ў элітных гаспадарках вобласці. Праўда, з заданнем пакуль справілася толькі ААТ “Імя Жукава”, часткова – “Малажынскі” і “Брагінскі”. Астатнія сельгасвытворцы элітнае насенне яшчэ не завезлі.

З 2019 года ў дзяржаўным рэестры з’явіліся новыя перспектыўныя сарты зерневых беларускай селекцыі. У інстытуце земляробства Акадэміі навук у Жодзіне вывелі сарты ячменю “куфаль” і “адам”. Першы з іх дае зерне добрай піваварнай якасці. “Адам” – сорт голазерневага ячменю, прычым харчовы. У яго цвёрдыя зярняты, з якіх можна атрымаць выдатную муку, крупу. У хуткім часе яны будуць апрабаваны і на брагінскіх землях.

Не адмовіліся ў нас і ад традыцыйнай беларускай культуры. План засыпкі бульбы – 160 тон (ёсць 140). Цалкам забяспечыла сябе насеннем клубняў “Брагінка”, а вось “Імя Жукава” не хапае для пасадкі 25 тон, “Малажынскаму” – пяць.

Што датычыць кукурузы, то 409,2 тоны залатых зярнят выдзеліць аграрыям РСУП “Эксперыментальная база “Крынічнае”.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *