Працоўныя дынастыі – гонар і апора калектыву

Главное Сельское хозяйство

Напярэдадні Першамая мы пачынаем цыкл публікацый, прысвечаных працоўным дынастыям раёна. У аграпрамысловым комплексе, па падліках старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціны Дзегцярэнкі, іх дваццаць. У кожнай – свая цікавая гісторыя, багаты вопыт, традыцыі і каштоўнасці. І кожная – гонар і апора любога калектыву. Сёння наш расказ пра сям’ю жывёлаводаў з ААТ “Малажынскі”. Таццяна Шаўчэнка працуе на ферме ў Пераносах са сваімі дочкамі, сынам і зяцем.

Сярод родных і блізкіх людзей Таццяна Шаўчэнка (другая справа) адчувае сябе шчаслівай.

Уважліва слухалі мы жанчыну, якая змагла прывіць любоў дзецям да нялёгкай справы, што стала сэнсам яе жыцця. Таццяна Віктараўна нарадзілася ў гэтай вёсцы, пасля школы паступіла ў медвучылішча, але па стане здароўя вымушана была спыніць навучанне. Вярнулася на малую радзіму і ўладкавалася на мясцовую ферму. Зараз сельгаспрадпрыемства называецца “Малажынскі”, а на той момант быў калгас “XVIII партз’езд”, як лічыўся эканамічна моцным і стабільным. З удзячнасцю мая гераіня ўзгадвае былога кіраўніка. Ён з вялікай павагай адносіўся да людзей, якія звязалі свой лёс з жывёлагадоў-ляй. Маладая даярка Таццяна Шаўчэнка карысталася аўтарытэтым, бралася за самую адказную работу. У 1985-м набрала групу першацёлак (30 галоў) і раздаіла іх уручную.

Ганна Гарэленка любіць сваю справу.

Заработная плата на той момант была высокая, сям’я магла купіць пры жаданні легкавы аўтамабіль, ды такая мэта не стаяла. Муж Аляксей Філіпавіч, як і яго спадарожніца жыцця, прывязаны быў да фермы. Спачатку ўзначальваў калектыў МТФ, потым даглядаў маладняк. Займацца тэхнікай не было часу.

Дзеці з ахвотай прыбягалі да маці, глядзелі, як яна доіць кароў, выпайвае цялят, дапамагалі ва ўсім і непрыкметна ўцягваліся ў вытворчы працэс. Не дзіўна, што пасля школы на ферме апынуліся Наталля і Ганна, а потым – і сын Уладзімір. Малодшы Аляксандр зараз вучыцца на газаэлектразваршчыка. Па словах маці, жыццё ў горадзе яму не падабаецца, таму ёсць надзея, што юнак вернецца ў вёску.

Жывёлаводы Уладзімір Шаўчэнка і Міхаіл Гарэленка: перш чым прыступіць да работы, неабходна навесці парадак.

З 2018 года Наталля працуе загадчыцай МТФ. Яе муж Пётр па спецыяльнасці аграном. У шматдзетнай сям’і Ефіменкаў падрастае чацвёра сыноў, таму нядаўна яны пабудавалі кватэру ў Брагіне ў доме па вуліцы Гагарына з дзяржпадтрымкай. Не хацелася б, каб гэтыя працавітыя людзі пакідалі вёску, ды і вытворчае падраздзяленне без Наталлі Аляксееўны ўявіць цяжка. На МТФ мы былі шмат разоў з прафсаюзнымі лідарамі ў час правядзенне акцыі “Наш жывёлавод”, чулі шмат добрых слоў у адрас загадчыцы, яе родных і блізкіх. Замену такім знайсці будзе цяжка.

Сястра Ганна – на самым адказным участку: вырошчвае цялят да чатырохмесячнага ўзросту. На ферму кожную раніцу спяшаецца з мужам Міхаілам. Ён, як і брат Уладзімір, жывёлавод. Святлана Прымак не звязана з Таццянай Віктараўнай і яе дзецьмі роднаснымі сувязямі, але ж працуе тут не першы дзень і адчувае сябе неад’емнай часткай дружнага калектыву.

Зараз у Пераносах утрымліваецца 344 галавы буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 180 дойных кароў. Цяжкая была зімоўка 2019-2020 гг. у “Малажынскім”, які не змог назапасіць дастатковую колькасць кармоў. Таццяна Віктараўна з болем у сэрцы гаворыць, што такіх неспрыяльных гадоў на яе вяку не было. Паратункам стаў пашавы перыяд, калі пачалі выганяць кароў на азіміну. Тых, што нядаўна ацяліліся, пасвяць асобна. Суцяшае адно: побач – родныя і дарагія людзі. І дзеці, і зяць стараюцца ўзяць на сябе большую адказнасць, каб МТФ, а яна раней стабільна нарошчвала аб’ёмы прадукцыі, не апынулася ў адстаючых. Ды і працаваць напаўсілы – не ў характары гэтых людзей.

Яны паспяхова вырашаюць не толькі вытворчыя пытанні, але і ў паўсядзённыя, жыццёва важныя. Талакой засяваюць і апрацоўваюць прысядзібныя ўчасткі, убіраюць іх. Разам і ў святы, і ў будні. Хочацца пажадаць Таццяне Віктараўне, яе дзецям і ўнукам, іх сем’ям невычэрпнай энергіі, дабрабыту, поспехаў і моцнага здароўя.

Ніна СІНІЛАВА

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *