Прадоўжылі справу маці. Працягваецца шанаванне лепшых працаўнікоў ферм і комплексаў

Важное Сельское хозяйство

Шанаванне лепшых працаўнікоў ферм і комплексаў у рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” працягваецца.

Пасля “Брагінкі” старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Дзегцярэнка накіравалася на МТК “Вуглы” ААТ “Брагінскі», дзе ўтрымліваецца 2005 галоў буйной рагатай жывёлы. Тут мы сустрэлі людзей, без якіх немагчыма абысціся на вытворчасці. І не таму, што іх няма кім замяніць. Справа ў іншым: так старанна і адказна, як, напрыклад, Сяргей Кечка, свае абавязкі выконваюць не ўсе. Ён – жывёлавод па абслугоўванні дойнага статка. Як расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Алена Федарэнка, яшчэ падлеткам па просьбе кіраўніцтва пасвіў кароў разам з сябрамі ў час летніх канікулаў. Вядома, атрымліваў за гэта грошы, дапамагаў сям’і, у якой выхоўвалася сямёра дзяцей.

Валянціна Рыгораўна ведае яго асабіста. Яна памятае той час, калі юнак у летне-пашавы перыяд замест таго, каб бяздумна траціць час, прыносіў карысць гаспадарцы, сваім родным. Ад усёй душы прафсаюзны лідар падзякавала Сяргею Мікалаевічу за вернасць прафесіі і ўручыла падарунак. І не толькі яму, але і сястры – Юліі Бычкоўскай, аператару машыннага даення. Дарэчы, кандыдатуры тых, каго неабходна заахвоціць, узгадняюцца з дырэкцыяй ААТ і старшынямі прафсаюзных камітэтаў.

Галоўны заатэхнік узгадала іх маці – Зінаіду Аляксандраўну, адну з лепшых даярак “Брагінскага”. Мабыць, многія зайздросцілі ёй, калі бачылі, як сыны і дочкі дапамагаюць жанчыне ўправіцца на ферме: і кароў падаіць, і цялят напаіць, і парадак у хляве навесці. Не дзіўна, што пасля заканчэння школы дзеці прадоўжылі яе справу. Жывёлаводам у адкрытым акцыянерным таварыстве працуе яшчэ адзін сын Зінаіды Аляксандраўны – Антон.

Словы падзякі Валянціна Рыгораўна адрасавала ў той дзень і Марыне Туроле. Яна доіць кароў на комплексе два гады, паспявае і на вытворчасці, і дома. Тры дачушкі, яе памочніцы, яшчэ падрастаюць. Хто ведае, якую прафесію для сябе выбяруць. Для маладой жанчыны зараз важна, каб яны раслі здаровыя.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *