У сінявокай Беларусі – паэтычнае, пяшчотнае імя, якое вельмі ёй падыходзіць. А яе жыхароў ведаюць у свеце як сумленных працаўнікоў, дбайных гаспадароў, душэўна шчодрых і гасцінных людзей з міралюбным характарам. З года ў год яны жылі клопатамі аб зямлі і ўраджаі, не забываліся пра свае карані, бераглі духоўную спадчыну. У ліхалецце мужна прынялі на сябе першы агонь вайны і да канца адстойвалі сваю зямлю, неаднаразова дэманстравалі патрыятызм і адданасць Айчыне.
Павага да гісторыі, імкненне захаваць і прымножыць дасягненні дзяржавы, пачуццё адказнасці за будучыню аб’ядноўваюць беларусаў і сёння. У працалюбівай, вернай сваім традыцыям нацыі адпаведныя і святы – душэўныя, светлыя, яркія. Дзяржаўныя, як адзін з важнейшых элементаў суверэнітэту, папоўнілі скарбонку гістарычнай спадчыны з набыццём краінай незалежнасці. Сёння іх пяць, і ў кожнага – свая гісторыя, сваё важнае значэнне. Устаноўлены яны Указам Прэзідэнта ад 26 сакавіка 1998 года №157 “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь”.
Так выглядае пяцёрка дзяржаўных святаў у храналагічным парадку.
Дзень Канстытуцыі. Дату нараджэння свайго Асноўнага Закона краіна адзначае 15 сакавіка. Яго прыняцце ў 1994 годзе стала паваротнай падзеяй у гісторыі маладой беларускай дзяржавы. Менавіта гэты дакумент замацаваў інстытут прэзідэнцтва, абвясціў Беларусь суверэннай краінай – мы ўступілі ў новы гістарычны этап, сталі гаспадарамі лёсу сваёй Айчыны.
За больш чым 25-гадовы перыяд Канстытуцыя вытрымала праверку часам, забяспечыла захаванне грамадзянскай згоды і міру. Дзякуючы пастаяннаму ўдасканаленню сістэмы законаў, дасягненню аптымальнага балансу інтарэсаў дзяржавы і асобы, у жыццё ўвасобіліся такія важныя для беларускага народа праекты, як маштабнае будаўніцтва жылля, аказанне сацыяльных ільгот і інш.
Канстытуцыя гарантуе нам свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага, усебаковага развіцця асобы. А дата ў яе гонар – гэта не толькі афіцыйнае свята, але і памятны дзень прыняцця дакумента, дзякуючы якому сёння мы з гонарам завём сябе беларусамі, можам удзельнічаць ва ўсіх палітычных, эканамічных і сацыяльных працэсах, што адбываюцца ў краіне. Гэта добрая нагода глыбей унікнуць у сутнасць Асноўнага Закона, спасцігнуць яго дух і ўсвядоміць ролю на сучасным этапе.
Дзень яднання. 2 красавіка лічыцца галоўным святам Саюзнай дзяржавы. Менавіта ў гэты дзень у 1996 годзе прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі Дагавор аб Супольнасці Беларусі і Расіі. А роўна праз год, 2 красавіка 1997-га, новы імпульс працэсу інтэграцыі даў Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. У ліку асноўных мэтаў – павышэнне ўзроўню жыцця народаў, умацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых галінах, устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржаў на аснове аб’яднання іх матэрыяльных і інтэлектуальных патэнцыялаў, выкарыстання рыначных механізмаў функцыянавання эканомікі.
Важным этапам на шляху станаўлення і развіцця саюзных адносін стала прыняцце ў 1998 годзе Дэкларацыі аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, Дамовы аб роўных правах грамадзян, Пагаднення аб стварэнні роўных умоў суб’ектам гаспадарання і пратакола да яго.
8 снежня 1999-га быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Адкрыўся шлях для выхаду на новы, больш якасны ўзровень яднання двух краін і народаў.
За мінулыя дзесяцігоддзі Беларусь і Расія істотна рушылі наперад у фарміраванні адзінай эканамічнай прасторы, забеспячэнні роўнасці правоў грамадзян нашых краін, вырашэнні іншых жыццёва важных пытанняў. Рэалізуюцца маштабныя сумесныя праекты ў гандлёвай, гуманітарнай, навукова-тэхнічнай і іншых галінах, пашыраецца міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне. Каардынацыя намаганняў у сферах знешняй палітыкі і абароны спрыяе ўмацаванню міжнародных пазіцый дзвюх краін, гарантаванню бяспекі іх грамадзян
Для большасці беларусаў і расіян свята сімвалізуе духоўнае адзінства і непарушнасць шматвяковага братэрства, агульны цывілізаваны выбар, сувязь гісторыі, сучаснасці і будучыні.
Дзень Перамогі. Святкуецца 9 мая. Гэта адна з самых шануемых дат, бо перамога ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг. дасталася вялікай цаной – загінуў кожны трэці беларус. На фронце і ў тыле, у партызанскіх атрадах і падполлі, пераадольваючы неймаверныя цяжкасці, несучы велізарныя страты, савецкія людзі здзейснілі подзвіг, ператварыўшы трагедыю ў трыумф, а горыч паражэнняў – у свята Перамогі. Яно з’яўляецца сімвалам нашага нацыянальнага гонару, доблесці і славы. І з кожным дзесяцігоддзем мужнасць, гераізм пакалення, якое адстаяла мір, становяцца больш яркімі і значнымі, нібы сам час падкрэслівае іх ролю ў сусветнай гісторыі.
Сувязь часоў не спыніцца, пакуль жывая памяць. У нашай краіне яе захоўваюць у сямейных альбомах, музеях, створаных інфармацыйных парталах… На жаль, удзельнікаў той страшнай вайны застаецца ўсё менш. Але традыцыя сустракаць Дзень Перамогі урачыстымі парадамі і мітынгамі з ускладаннем кветак і вянкоў да помнікаў, грамадзянска-патрыятычнымі акцыямі, яркімі салютамі застаецца.
“Гэта свята для нас святое. Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай жорсткай вайны дваццатага стагоддзя, несувымерная ні з якімі цяжкасцямі цяперашняга дня. Нават думка змяніць традыцыям, якія вось ужо 75 гадоў праслаўляюць гісторыю вялікага подзвігу пераможцаў, для нас недапушчальная”, – падкрэсліў Прэзідэнт, выступаючы на ваенным парадзе ў азнаменаванне 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Пакуль нашы сэрцы адгукаюцца болем за тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, пакуль гучыць праўда аб той вайне, – мы памятаем.
Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага. У другую нядзелю мая беларусы сустракаюць свята, прысвечанае галоўным сімвалам краіны, якія ўвасабляюць ідэі нацыянальнага адзінства і з’яўляюцца важнейшымі атрыбутамі суверэнітэту і незалежнасці краіны.
Герб, флаг і гімн – як пашпартныя даныя нашай Радзімы, а значыць, іх гісторыі. Яны ўтрымліваюць важныя звесткі пра нашу рэспубліку, наш народ і прысутнічаюць на працягу ўсяго жыцця. З’яўляючыся на свет, маленькі чалавек атрымлівае свой першы дакумент – пасведчанне аб нараджэнні, заверанае пячаткай з гербам, а затым – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Пад Дзяржаўным флагам прысягаюць Радзіме і Прэзідэнт, і малады салдат. Яго бяруць у рукі пасля сваіх перамог спартсмены. А эталоннае гучанне галоўнай песні нацыі – гімна – мы чуем на розных афіцыйных цырымоніях, дзяржаўных мерапрыемствах.
Усенароднае прызнанне беларуская сімволіка атрымала на рэферэндуме 1995 года, і майскі каляндар папоўніўся важнай для кожнага з нас датай.
“Беларускі народ прайшоў складаны шматвяковы шлях да незалежнасці, неад’емнай часткай якой з’яўляюцца герб і флаг. Нараўне з гімнам гэтыя найважнейшыя нацыянальныя сімвалы спрыяюць кансалідацыі грамадства, захаванню пераемнасці пакаленняў, натхняюць нас на новыя здзяйсненні на карысць Айчыны”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы, віншуючы сёлета суайчыннікаў з гэтым дзяржаўным святам.
Дзень Незалежнасці. Яго дата – 3 ліпеня – выбрана воляю народа, праяўленай на рэспубліканскім рэферэндуме ў 1996 годзе. Менавіта ў гэты дзень у далёкім 1944-м была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў наша сталіца – сэрца беларускай зямлі. Таму ўстаноўленае свята сімвалізуе адзінства і згуртаванасць народа ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы. Яно дазваляе адчуць: усё другасна ў дачыненні да міру і бяспекі. Бяспекі сям’і, краіны, усёй планеты.
Базісам беларускага суверэнітэту з’яўляюцца моцная ўлада і эфектыўная, канкурэнтаздольная эка-номіка, міралюбная знешняя і ўнут-раная палітыка, правераныя часам традыцыі і каштоўнасці. Мы памятаем і шануем сваё гераічнае мінулае, захоўваем парадак на роднай зямлі, умацоўваем стабільнасць краіны сваімі поспехамі і працоўнымі дасягненнямі. А наяўнасць уласных дзяржаўных святаў для Беларусі, яе суверэнітэту мае вялізнае значэнне. Яны аб’ядноўваюць нас і напаўняюць самапавагай, гонарам за родны край, за прыналежнасць да гэтай зямлі.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА