Паштальён АПС “Буркі” Тамара Марчанка, акрамя газет і часопісаў, дастаўляе вяскоўцам розныя тавары

Важное Грамадства

З паштальёнам АПС “Буркі” Тамарай Марчанкай сустракаемся не ўпершыню. Тут яна працуе з 2012 года, ведае схільнасці і густы вяскоўцаў, таму можа параіць, што каму выпісаць. У прыярытэце – “Маяк Палесся”: у другім квартале яго атрымліваюць 77 чалавек (на 1 красавіка лічба была большая). Нехта афармляе падпіску адразу на тры месяцы, нехта – на адзін.  З павагай адзначыла, што ўсе педагогі мясцовай школы і дзіцячага  садка паклапаціліся аб тым, каб раёнка прыходзіла да іх у трэцім квартале.

Абслугоўвае Тамара Рыгораўна  жыхароў  аграгарадка  Буркі  і  вёскі  Кавалі. Акрамя газет і часопісаў, дастаўляе ім розныя тавары. На пошце іх шмат. Гэта і прадметы першай неабходнасці, і посуд, і бялізна, не лічачы бакалеі і хлеба. Начальнік аддзялення Наталля Раманюк расказвае, што ў іх можна падабраць нешта родным і блізкім у якасці падарунка. Нядаўна, напрыклад, наведвальнікі набылі  два невялікія чугункі для прыгатавання страў у печы.

Тое, што АПС у вёсцы выконвае ў тым ліку функцыі гандлёвай кропкі, можна было назіраць у Рыжкаве. Каля машыны, якая разам з прадуктамі даставіла і карэспандэнцыю, была чарга. Людзі куплялі хлеб, муку, алей…  Калі атаварыліся, адзін з  мужчын запытаў, ці можна выпісаць газеты. Атрымаўшы станоўчы адказ, адышоў… Як высветлілася, “Маяк Палесся” тут прыходзіць па пятніцах у дом васьмі  чалавек (пражывае 92). І справа не ў тым, падабаецца мясцовае выданне ці не, а ў недахопе  паштовых скрынь. Раней яны віселі каля ўваходу ў двор амаль кожнага грамадзяніна. Цяпер адну, вялікую, з указаннем нумароў дома размясцілі ў пачатку вёскі. Як заўважыў ураджэнец Рыжкава Пётр Казлоў, магчыма, і выпісалі б людзі газету або часопіс, але ж з другога канца населенага пункта сюды дабярэцца не кожны. Пражываюць жа  ў асноўным пенсіянеры. Ён асабіста прыязджае на веласіпедзе, забірае сваю газету і суседкі – па яе просьбе .

Вяскоўцы пачалі раіцца, дзе лепш устанавіць яшчэ адну скрыню, каля якога дома, каб было зручна ўсім. Як бачна, праблема існуе, і яе неабходна вырашаць. З настальгіяй узгадваецца той час, калі ў кожным доме паштальён быў жаданым госцем…

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *