Ветэраны працы па-ранейшаму аддаюць перавагу раёнцы

Важное Грамадства

Рыгор Дзмітрыевіч Рыжы аддзяленне сувязі не абмінае.

У невялікае аддзяленне паштовай сувязі ў Хракавічах заходзіш з задавальненнем. Тут утульна, светла, зроблены касметычны рамонт (наколькі дазвалялі сродкі), а галоўнае – працуюць ветлівыя і добразычлівыя людзі. Гэта начальнік АПС Ніна Кулеш і яе памочніца Святлана Аксёнава, якая разносіць газеты і часопісы, дастаўляе вяскоўцам прадукты і тавары. Яны стараюцца выконваць план падпіскі, што, на мой погляд, у рабоце паштавікоў – галоўнае. Святлана Пятроўна можа доўга расказваць пра людзей, якія  жывуць тут, пра іх адносіны да “Маяка Палесся”. Што ўразіла: у населеным пункце, дзе налічваецца 146 падворкаў, мясцовае выданне прыходзіць у 62 дамы.

На ганку аддзялення сувязі мы сустрэлі Рыгора Дзмітрыевіча Рыжага, які сябруе з газетай даўно. На наша пытанне, што падабаецца ў ёй, коратка адказаў: усё. Пасля заканчэння мясцовай школы вясковы хлопец  паехаў у Днепрапятроўск, дзе ўладкаваўся на ваенны завод, а потым разам з бацькамі вярнуўся на малую радзіму. У Хракавічах Рыгор Дзмітрыевіч працаваў токарам у калгасе імя Чапаева, адкуль пайшоў на заслужаны адпачынак. Спраўляцца з хатнімі справамі, падкошваць траву каля двара дапамагае сын. Ён жыве побач.

80-гадовая Валянціна Рыгораўна Сцяцко “Маяк Палесся” заўсёды чакае.

На ганаровым месцы “Маяк Палесся” ў хаце Валянціны Рыгораўны Сцяцко. Яна нядаўна адзначыла 80-годдзе з дня свайго нараджэння. З юбілейнай датай любімую матулю, бабулю і прабабулю праз нашу газету павіншавалі дзевяць унукаў і восем праўнукаў, чым кранулі яе да слёз. Жыццё Валянціны Рыгораўны  было  нялёгкім, нарадзілася ў перадваенным 40-м. У сем гадоў засталася без маці, расціла яе і брата бабуля, інвалід па зроку. Як склаўся лёс бацькі, ці выжыў ён, родныя не ведаюць. Даверам такіх лю-дзей калектыў рэдакцыі даражыць і робіць усё, каб газета была насычаная і цікавая.

Тэму падпісной кампаніі мы абмеркавалі з дырэктарам ААТ “Чамярыскі” Адамам Царанком і спецыялістамі. Галоўны ідэолаг у калектыве, вядома ж, кіраўнік. Ад яго адносін да гэтага пытання,  разумення важнасці перыёдыкі ў рабоце з людзьмі залежыць маральны мікраклімат у калектыве. Выпісваць “Маяк Палесся” патрэбна, каб ведаць, як ідуць справы ў суседніх гаспадарках, параўноўваць свае дасягненні з іншымі, нечаму павучыцца. З гэтым пагадзіліся ўсе.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *