Выхаванцы летняга лагера, што працаваў пры Брагінскім цэнтры творчасці, правялі час вясёла і цікава

Грамадства

Летні адпачынак школьнікам даецца не толькі для ўмацавання здароўя і аднаўлення сіл пасля навучальнага года. Канікулы – гэта яшчэ і творчае развіццё, духоўнае ўзбагачэнне, цікавыя адкрыцці і арыгінальныя ідэі. У гэтым упэўніліся хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведвалі профільны аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем, што працаваў пры Брагінскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі з 1 па 24 чэрвеня.

Кожная раніца выхаванцаў пачыналася з гадзіны зносін, тэма якой адпавядала назве дня і датычылася разнастайных накірункаў: бяспекі дома і на вуліцы, правоў і абавязкаў, аховы навакольнага асяроддзя, падарожжаў, казак, сяброўства… Ніхто не адмяняў і традыцыйную ранішнюю зарадку, падчас якой дзеці ажыўляліся і ўзбадзёрваліся.

Пасля сняданку ўсіх чакалі цікавыя сустрэчы і займальныя справы. У іх ліку – віртуальная экскурсія па пажарнай часці РАНС, пазнавальная прагулка ў парк, наведванне гістарычнага музея з карціннай галерэяй, раённага дома культуры, дзіцячай бібліятэкі, храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца і інш. Хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна прымалі ўдзел у разнастайных конкурсах, віктарынах, аб’яднаннях па інтарэсах. Дарэчы, матэрыялам для вырабаў, каб дзеці змаглі праявіць свае творчыя здольнасці ў прыкладным мастацтве, выхаванцаў лагера забяспечыў Брагінскі вузел электрасувязі. Аб неабходнасці выконваць правілы бяспекі і не парушаць заканадаўства нагадалі прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС.


Вядома, каб адпачынак прыносіў карысць і быў цікавы, яго патрэбна правільна спланаваць. А гэта ўжо клопат дарослых.

– Мы імкнуліся кожны наступны дзень зрабіць не падобны на папярэдні, – расказвае начальнік лагера Наталля ФУРС. Напрыклад, у Дзень аховы навакольнага асяроддзя была праведзена гульня-падарожжа “Экалагічны калейдаскоп”: дзеці адгадвалі загадкі пра расліны, малявалі іх, рабілі аплікацыі. А падчас удзелу ў праекце “Здаровыя дзеці на здаровай планеце” ў намінацыі “Аптэка на палянцы” збіралі дзікарослыя лекавыя расліны, якія выкарыстоўваюцца ў народных рэцэптах. У дзень здароўя выхаванцы наведалі спартыўна-аздараўленчы цэнтр, арганізавалі шашачны турнір. Творчы конкурс “Міс Жамчужына” праводзіўся толькі для дзяўчынак, і ён яскрава прадэманстраваў, наколькі ўсе яны таленавітыя, артыстычныя і эрудыраваныя.

Насычаная, вясёлая і запамінальная лагерная змена закончылася, але цэнтр творчасці дзяцей і моладзі не спяшаецца развітвацца са сваімі выхаванцамі. Тут штодзённа працягваюць працаваць разнастайныя гурткі. А ў ліпені па аўторках і пятніцах плануецца яшчэ работа і дзіцячай аздараўленчай пляцоўкі. Новая змена летняга лагера прыме юных адпачывальнікаў ужо ў жніўні.

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *