Бліцапытанне. Чым ганарацца беларусы?

Главное Грамадства

Чым мы, беларусы, адрозніваемся ад украінцаў, рускіх, палякаў? Вядома ж, менталітэтам. Аб нашай талерантнасці, гасціннасці, неканфліктнасці і кемлівасці ведаюць і суседзі, і далёка за межамі. А аб памяркоўнасці не супраць і пажартаваць… Бытуюць стэрэатыпы, што Беларусь — гэта выключна краіна бульбы і трактароў. Такоё меркаванне памылковае, бо мы як нацыя шмат чым можам ганарыцца.

Не будзем хадзіць далёка… Беларусь па праву можна лічыць краінай праграмістаў. А вы ведалі, што добра вядомыя ў свеце мэсэнджар Viber і анлайн-гульня “World of Tanks” створаны ў Сінявокай? А колькі знакамітасцей падарыла свету Беларусь! У нас нарадзіліся пісьменнік Адам Міцкевіч, класік авангарда мастак Марк Шагал, псіхолаг Леў Выгоцкі і чалавек-легенда, кіраўнік першага ў СССР калгаса-мільянера Кірыл Арлоўскі, які стаў прататыпам галоўнага героя кінастужкі «Старшыня» і не менш знакамітага твора Эрнэста Хэмінгуэя «Па кім звоніць звон».
А якая ў нас прырода… Самы старажытны лясны масіў Еўропы, Белавежская пушча, адзін са здабыткаў нашай зямлі. А хараство рэк і азёраў… Можна бясконца працягваць гэты рад.

Мы запыталі нашых землякоў, што для іх значыць быць беларусам і якімі нацыянальнымі адметнасцямі яны ганарацца.

Таццяна Высоцкая, работнік райвыканкама:

– Мы – народ з вялікай гісторыяй. Нас не змаглі зламаць ні войны, ні катаклізмы. Беларуская зямля, як міфічная птушка фенікс, заўсёды адраджалася, што сведчыць аб стойкасці беларусаў. Наша краіна – радзіма многіх вялікіх людзей, якія ўпісалі свае імёны ў сусветную гісторыю. Тут нарадзіліся дзяржаўны дзеяч Андрэй Грамыка, нобелеўскі лаўрэат навуковец-фізік Жарэс Алфёраў, наш зямляк – мастак і жывапісец Гаўрыла Вашчанка і шмат іншых. Беларускі народ гераічна вынес усе выпрабаванні, каб зараз жыць у мірнай і незалежнай краіне.

Пётр Савянок, жыхар Бакуноў:

– Для мяне быць беларусам – гэта значыць адчуваць прыналежнасць да гераічнага народа, які мае слаўную гісторыю і вельмі багатую культуру. Мы жывём у краіне вялікіх магчымасцей, дзе кожны, зыходзячы са сваіх здольнасцей, можа сябе рэалізаваць. Прырода Беларусі — унікальная. Рэкі, азёры, балоты, лясы і лугі ўражваюць прыгажосцю і шматграннасцю. Я жыву сярод добразычлівых і шчырых людзей, і гэта яшчэ адна падстава ганарыцца сваёй нацыяй.

Наталля Рылова, брагінчанка:

– Я жыву ў лепшай у свеце краіне, і гэтым ганаруся. Для мяне быць беларускай – гэта, перш за ўсё, любіць сваю Радзіму, ведаць яе гісторыю і шанаваць памяць аб воінах, якія падарылі нам мірнае неба. Усведамленне сябе як беларуса і грамадзяніна немагчыма без цікавасці да мінулага, але толькі гэтага недастаткова, каб звацца патрыётам. Не менш важна ўдзельнічаць у сучасным жыцці сваёй краіны. Я ганаруся, што ў гэты непросты час яна жыве мірна.

Данііл Раманавец, выпускнік каледжа:

– Быць беларусам – значыць выразна ўсведамляць і праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю. Заўтра мне споўніцца 18, і сёлета я ўпершыню прыму ўдзел у выбарах. Для мяне гэта адказны і хвалюючы момант. Беларусь, хоць і невялікая краіна, але незалежная і моцная. У нас вельмі чыста, утульна і прыгожа. Людзі ў сваёй большасці добразычлівыя і ветлівыя. Выклікаюць павагу і гонар спартыўныя дасягненні нашых землякоў, якія не раз паказвалі высокія вынікі на алімпійскіх гульнях.


Алеся Ярыгіна, гімназістка:

– Я хоць і нарадзілася ў Расіі, але заўсёды лічыла сябе беларускай. Жыць у гэтай краіне – ужо сама па сабе падстава, каб ганарыцца. Бо Беларусь – гэта адно з прыгажэйшых месц на зямлі, дзе чыста, спакойна і ўтульна. У нас прыгожая і разнастайнай прырода, багатая архітэктура і камфортныя населеныя пункты з развітай інфраструктурай. Быць беларусам — значыць быць чалавекам з шырокай душой, які любіць працу і мудра падыходзіць да ўсяго, што ён робіць.

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *