Усё жыццё Яўгенія Іётчанка аддала працы ў сельскай гаспадарцы

Нашы праекты: імёны малой радзімы

Доўгі  час  Яўгенія Іётчанка даглядала цялят на ферме ў Зарэччы. Сваімі працоўнымі поспехамі жанчына не любіць хваліцца, кажа, што ўсе стараліся, усе шчыравалі, не думалі ні пра якія перамогі і ўзнагароды. Яе змена пачыналася з пяці гадзін раніцы і заканчвалася познім вечарам. На ферму  хадзіла тры разы на дні.

– Даглядала цялят адна. Было цяжка.  Ніхто мне не дапамагаў. Маладняку давалі  моркву, якую здрабняла сама. Касіла  траву.  Раней  не было такога, як зараз, – распавядае жанчына.

Трэба адзначыць, што прывагі ў яе групе  былі высокія: амаль па кілаграму ў суткі. На той час – самы лепшы вынік у раёне. Перадавая цялятніца заўжды была на вачах: неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага і нават абласнога Саветаў.

– Адправілі мяне тады ў Гомель, а я да гэтага нідзе не была, нічога не бачыла, на такія сходы ніколі не ездзіла. Разгубілася. Даручылі суправаджаць адной жанчыне. Разам з ёй селі ў самалёт і хутка апынуліся ў абласным цэнтры. Уражанні ад удзелу ў сесіі  дэпутатаў засталіся на ўсё жыццё, – падзялілася мая суразмоўца.

Яўгенія Іванаўна актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці вёскі. За самаадданую працу ў сельскай гаспадарцы на працягу многіх гадоў жанчына была  ўзнагароджана медалём “За працоўную адзнаку” і амаль кожны год атрымлівала граматы.

– На святах заўсёды заахвочвалі і давалі падарункі, – кажа яна.

Пяцьдзясят дзевяць гадоў прысвяціла жывёлагадоўлі. Любоў да цялят  была з самага дзяцінства. Нарадзілася жанчына ў сям’і сялян. Бацька быў кладаўшчыком, а маці –  брыгадзірам. Шмат часу дзяўчынка праводзіла разам з імі, бачыла, чым  займаюцца родныя людзі, як адносяцца да сваіх  абавязкаў.

– Я з дзяцінства ведала, што буду працаваць на ферме, таму, скончыўшы чатыры класы, заявіла,  што болей не буду вучыцца, а пайду даглядаць маладняк. Працавала шмат, як дома (дапамагала бацькам),  так і на вытворчасці. Вось так з трынаццаці гадоў пайшла на свой хлеб, – узгадвае  Яўгенія Іванаўна. – Нават калі выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, усё роўна не пакідала працоўнае месца. У час водпуску па доглядзе за дзіцём паспрабавала хадзіць  у садаводчую  брыгаду, але  гэта было нядоўга. Вярнулася да сваіх цялят.  Дома трымалі  разам  з  мужам вялікую гаспадарку, упраўлялі ўдваіх.

На пенсіі Яўгенія Іванаўна доўга не затрымалася, праз  месяц зноў завіхалася на ферме каля сваіх гадаванцаў. І так напрацягу яшчэ дваццаці гадоў. Працавала да сямідзесяці двух. Зараз жыве  з дачкой, якая пераехала ў вёску разам са сваім мужам з Мінска. Другая дачка  – у сталіцы, дапамагае сваёй сястры, прыязджае кожныя выхадныя да маці. Ёсць у Яўгеніі Іётчанкі  ўнукі і праўнукі. І зараз  яна не сядзіць склаўшы рукі. У свае дзевяноста два гады разам  з дачкой садзіць невялікі агарод, трымае курэй. Кожную раніцу чытае газеты “Аргументы і факты”, “Мінская праўда” і мясцовую  “Маяк Палесся”. Дзеці і ўнукі не пакідаюць яе без увагі, клапоцяцца і дапамагаюць любімай маці і бабулі.

Ганна ШУЛЬГА,

студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *