Галоўны скарб жыцця

Главное Грамадства

Цеплыня рук, добры погляд, ласкавая ўсмешка, мудрая парада, клопат і ўвага… Як шмат у гэтым слове – мама. І якая цяжкая праца – расціць і выхоўваць дзяцей. У Алены Лямешкі з Буркоў іх пяцёра. Вялікая адказнасць? Маса клопатаў і турбот? Вядома. Але ўсё гэта з лішкам кампенсуецца сямейным шчасцем.

І сапраўды, нішто не прыносіць столькі радасці, колькі дзіця – маленькі працяг твайго жыцця. Гэта стала зразумела, калі на свет з’явіўся Мікіта. Потым – Аніта, Дзіма, Аляксей, Ульяна. Для маці ўсе яны аднолькава любімыя. А мне прыкмеціліся ў кожным сціпласць, спакойны характар і нешматслоўнасць, што сведчыць і аб належным выхаванні, і аб камфортнай атмасферы ў доме. Яго, дарэчы, бацькі пабудавалі з дзяржаўнай падтрымкай – красуецца ў Бурках па вуліцы Школьнай.

Вялікую сям’ю, вядома, трэба карміць, таму на падворку – розная жыўнасць, а на ўласных сотках вырошчваюцца бульба, гародніна і садавіна. Лайдацтва ды гультайства тут не вітаюцца: дзеці з маленства прывучаюцца да працы, дапамагаюць бацькам у хатніх справах, клопатах па гаспадарцы, на зямлі. Ёсць, вядома, у кожнага і свае інтарэсы, захапленні. Калі надыдзе час адпраўляць сыноў і дачок у дарослае жыццё, бацькі не будуць пярэчыць іх выбару, бо лічаць: для чалавека важна рэалізаваць сябе там, дзе ён адчувае найбольшую ўпэўненасць у сваіх сілах, здольнасцях і магчымасцях. Любая справа павінна быць па душы.

Старэйшы Мікіта, напрыклад, у наступным навучальным годзе заканчвае школу. Але ўжо зараз ён паставіў перад сабой мэту – атрымаць вадзіцельскае пасведчанне і прыкладае да гэтага намаганні. Яго больш цікавіць тэхніка, таму хоча стаць механікам.

13-гадовая Аніта з лёгкасцю бярэ на сябе любыя хатнія клопаты. Калі патрэбна, і вячэру прыгатуе, і парадак у доме навядзе. Яна ўжо сапраўдная гаспадыня і першая матуліна памочніца.

Шасцікласнік Дзіма – юны вынаходнік. Ён любіць нешта майстраваць, і пераважна – з дрэва. Малодшы за яго на год брат Аляксей большы інтарэс праяўляе да камп’ютарных тэхналогій. Магчыма, расце будучы праграміст. А пра самую меншую – васьмігадовую Ульяну маці жартоўна зазначае: можна пакідаць за старэйшую, бо пад яе кантролем знаходзіцца ўсё. Ад уважлівай, пільнай і назіральнай дзяўчынкі не схаваеш ні нявыкананых дамашніх заданняў, ні адкладзеных на потым спраў.

Алена Рыгораўна, дарэчы, адна з 27 жыхарак нашага раёна, якія ўзнагароджаных ордэнам Маці. Яна працуе спецыялістам па сацыяльнай рабоце ў Брагінскім ТЦСАН, а муж, Віталь Анатольевіч, – вартаўніком у мясцовай дашкольнай установе. Як ім удаецца ўсюды і ва ўсім паспяваць? Калі кожны ўсведамляе сябе часткай каманды, цяжкасці адступаюць. Мнагадзетная сям’я – асаблівая мікрадзяржава, дзе ўсё пабудавана на ўзаемнай дапамозе і падтрымцы. Тут вучацца разумець адзін аднаго, прыходзіць у цяжкія хвіліны на выручку, быць адказнымі і самастойнымі.

Алене Рыгораўне як мнагадзетнай маці належыць дадатковы выхадны, у якасці якога яна выбрала сераду. Гэты дзень яна прысвячае звычайным хатнім і гаспадарчым клопатам.

На днях, як мы даведаліся, бацькі адзначылі чарговую гадавіну свайго шлюбу. Так што дзеці падрыхтавалі для іх сюрпрыз – святочную праграму. Сустракаць значныя для сям’і даты і падзеі дружнай кампаніяй, суправаджаць іх канцэртнымі нумарамі, конкурсамі, забавамі стала ўжо традыцыяй. Не стане выключэннем і Дзень маці.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *