Падведзены вынікі раённага конкурсу буклетаў “Наша піянерская дружына”

Год малой родины Грамадства Наша гісторыя Нашы праекты: імёны малой радзімы

Праходзіў ён па ініцыятыве раённай арганізацыі
ГА “БРПА”.

У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел дзесяць піянерскіх дружын устаноў адукацыі раёна. Дзеці разам з педагогамі-арганізатарамі распацоўвалі макет буклета, выбіралі фотаздымкі, якія найбольш яскрава і змястоўна адлюстроўваюць піянерскае жыццё, перачытвалі гісторыі дружын і ўзгадвалі прозвішчы людзей, у гонар якіх названы атрады. Трэба адзначыць, што большасць піянерскіх дружын Брагіншчыны носіць імя таго ці іншага героя Вялікай Айчыннай вайны.

Адзін з іх – Валодзя Дубінін. У яго гонар названа піянерская дружына Хракавіцкай школы. Калі пачалася вайна, юнак разам са сваімі сябрамі быў прыняты ў партызанскі атрад, які дзейнічаў у раёне Керчы (Крым). У каменяломнях было шмат вузкіх расколін, куды пралезці маглі толькі дзеці, якія і сталі незаменнымі разведчыкамі. Піянер загінуў, падарваўшыся на фашысцкай міне, калі вяртаўся з чарговага задання. Валодзя Дубінін пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Ёсць сярод тых, хто навекі ўпісаў сваё імя ў гісторыю народнага подзвігу, і ўраджэнцы раёна. Так, у чэрвені 1943 года, пасля таго як каля Макраца быў збіты самалёт, дванаццацігадовы Аляксей Корхаў разам з братам знайшлі ў лесе параненага савецкага афіцэра. Хлопцы перанеслі мужчыну ў вёску і клапаціліся аб ім 11 дзён. У той час у населеным пункце знаходзіліся немцы, таму юным патрыётам патрэбна было праяўляць асаблівую асцярожнасць, каб не выдаць сябе. Піянеры наладзілі сувязь з партызанскім атрадам і перадалі яму лётчыка. На жаль, жыццё адважнага земляка завяршылася трагічна – ён падарваўся на міне. Але імя Аляксея Корхава заўсёды будзе жыць у памяці ўдзячных нашчадкаў. У яго гонар названа піянерская дружына Малейкаўскай СШ.

У Мікуліцкай СШ таксама шануюць памяць пра мужнага аднавяскоўца – Героя Савецкага Саюза Пятра Жукава. Яго імя носіць мясцовая піянерская дружына. Пётр Сяргеевіч ваяваў на розных франтах Вялікай Айчыннай вайны, чатыры разы быў паранены, двойчы кантужаны. Асабліва вызначыўся падчас вызвалення Беларусі.

Акрамя біяграфій герояў, буклеты змяшчаюць інфармацыю аб дзейнасці дружын, іх дэвізы, мэты і задачы. Як адзначыла метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля ФУРС, дызайнам і зместам па-свойму вылучылася кожная работа. Між тым членам журы больш спадабаліся эстэтычнасць і сюжэтна-вобразнае рашэнне ў афармленні буклетаў прадстаўнікоў Хракавіцкай, Мікуліцкай, Іялчанскай, Буркоўскай і Брагінскай сярэдніх школ. А пасля падліку балаў пераможцам раённага конкурсу прызнана піянерская дружына імя Валодзі Дубініна (Хракавіцкая СШ, педагог – Юлія Малочка). Другое месца заняла дружына імя Пятра Жукава (Мікуліцкая СШ, педагог – Вераніка Бугаёва), трэцяе – дружына імя Юрыя Гагарына (Іялчанская СШ, педагог – Святлана Вашчанка).

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *