Святочны рэпартаж з малочнатаварнага комплекса “Касачоў” адкрытага акцыянернага таварыства “Брагінка”

Главное Грамадства Сельское хозяйство

Калектыў – адна сям’я.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці мы пабывалі на малочнатаварным комплексе “Касачоў” ААТ “Брагінка”, які пабудаваны па праграме пераадолення паследкаў чарнобыльскай катастрофы. Убачанае ўразіла. Параўноўваючы сучасную фабрыку малака з тымі жывёлагадоўчымі фермамі, якія існавалі раней, адчуваеш пачуццё гонару за людзей, якія тут працуюць (і нават крыху зайздросціш ім),  за ўклад нашых вучоных і практыкаў у развіццё галіны.

Любоў Семянчук кантралюе ўвесь вытворчы працэс.

Кіраўнік вытворчага падраздзялення Любоў Семянчук – заатэхнік са шматгадовым стажам работы. Пасля заканчэння ў 1988 годзе Віцебскай акадэміі вярнулася ў наш раён, на малую радзіму. За плячыма ў яе не толькі вялікі вопыт, але і багатая практыка.  Мудрыя парады калег і старшынь калгасаў  (а гэта быў час эканамічнага росквіту гаспадарак),  з якімі выпаў лёс працаваць, запомніла на ўсё жыццё. Прызнаецца, што для яе гэта была добрая школа, прайсці якую выпадае не кожнаму. Маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў ААТ “Брагінка”,  вучыць усяму, што ведае сама.

А галоўнае ў рабоце, на яе думку, з павагай адносіцца да людзей. Цаніць іх за стараннасць і  добрасумленнасць, давяраць і ў цяжкую хвіліну падтрымліваць, падбадзёрваць.  Бачыць  у кожным чалавеку асобу з уласцівымі рысамі характару і паводзін.  Што ж датычыць выканання падначаленымі  сваіх абавязкаў,  то тут падыход адзін: праяўляць настойлівасць і патрабавальнасць, строгасць і прынцыповасць. І гэта зразумела: сюды ўладкоўваюцца тыя, хто раней не быў звязаны з жывёлагадоўляй, некаторыя – з ліку беспрацоўных.

Пра адносіны Таццяны Мельнік да сваіх абавязкаў на МТК гавораць з цеплынёй і павагай.

Як адзначыла дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Тамара Кудан, калектыў яшчэ фарміруецца. Зараз тут занята 14 чалавек, а ўсяго будзе створана 43 рабочыя месцы. Поўнае фірміраванне комплексу малочным пагалоўем і выхад на праектную магутнасць плануюць завяршыць да канца года. Валавая вытворчасць малака дасягне 5000 тон.

У гэтыя дні малочнатаварны комплекс, па словах Любові Фёдараўны,  рэалізуе штодзённа па 2100 кілаграмаў малака гатункам экстра. Працаўнікі строга захоўваюць тэхналогію даення, асабліва абедзеннага (у гэты ж час абавязкова прысутнічае ветэрынарны ўрач). Кожны месяц правяраюць кароў на такую распаўсюджаную хваробу як мастыты. Калі выяўляюць, адразу ж пераводзяць у іншую групу і лечаць.

Слесар Аляксандр Кічкар і аператар машыннага даення Наталля Антоненка.

На МТК “Касачоў” падыход да вытворчасці малака – па міравых стандартах. У кожнай жывёліны ёсць чып, на якім захоўваецца ўся інфармацыя аб ёй: калі ацялілася, асемянілася, пайшла ў запуск. Устаноўленая праграма (зыходзячы з сярэдніх паказчыкаў на кожную карову) сама вылічыць канчатковы вынік.

– Уся работа са статкам адлюстроўваецца ў мяне на маніторы камп’ютара, – расказвае Любоў Фёдараўна. – Бачу, колькі малака дае тая або іншая карова, сачу за ўзнаўленнем статка.

Раз у месяц племянная служба праводзіць у нас кантрольнае даенне: вызначае тлустасць малака, наяўнасць саматычных клетак і інш. Робіцца ўсё з мэтай атрымаць прадукцыю высокай якасці.

Наталля Сідарэнка і Таццяна Матросава вырошчваюць маладняк.

Камплектуюць пагалоўе нецелямі, якіх вырасцілі ў сваёй гаспадарцы, пэўную колькасць закупляюць у Добрушскім і Гомельскім раёнах. Іх раздоем займаецца Наталля Антоненка. Праз яе рукі ўжо прайшло 170 першацёлак. Даільнае абсталяванне абслугоўвае слесар Аляксандр Кічкар.

Будучых рэкардыстак і бычкоў вырошчваюць Наталля Сідарэнка (сем месяцаў яна спраўлялася з гэтай работай адна) і Таццяна Матросава.

А вось нованароджаных цялят выпайвае Таццяна Мельнік. Яна на МТК з першых дзён яго функцыянавання, “першаадкрывацель”, як жартуюць калегі па цэху. Сваіх выхаванцаў любіць, прывыкае да іх, кожнаму дае мянушку. Перажывае, калі пачынаюць хварэць, рыхтуе розныя адвары з траў. Дарэчы, для падагрэву малака ёсць пастэрызатар. П’юць яго цяляты толькі цёплае.  Як запэўніла Любоў Фёдараўна, захаванасць маладняку на комплексе – стопрацэнтная.

Жывёлавод Вадзім Сідзялёў у час перапынку зайшоў выпіць кубак кавы.

З павагай гаварыла яна пра жывёлаводаў Вадзіма Сідзялёва,  Аляксея Штукмана, асемянатара Таццяну Пясчаную, ветурача Яну Буднік. Не без гонару –  пра мікраклімат у калектыве, дружалюбную атмасферу, якая пануе паміж людзьмі, узаемавыручку.

Асобна неабходна сказаць пра бытавыя ўмовы, якія створаны на МТК. Ёсць пакоі для прыёму ежы, раздзявальні (мужчынская і жаночая), душавыя, санвузел. Думаю, брагінчанам, якія прыйдуць сюды працаваць, спадабаецца. Магчыма, хтосьці знойдзе тут прызванне, захоча застацца і рэалізуе свае магчымасці. Хочацца верыць – і не пашкадуе, бо сучасны комплекс дае не толькі работу, нядрэнныя заробкі, але і дапамагае вызначыцца з далейшым жыццёвым выбарам.

З прафесійным  святам  вас, паважаныя працаўнікі МТК “Касачоў”! Поспехаў ва ўсіх вашых справах, асабістага шчасця, моцнага здароўя і дабрабыту. Няхай збываецца ўсё, пра што марыце.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *