Дзякуючы дабрачыннай акцыі “Падпіска на “МП” – у падарунак” чытачоў раённай газеты стане больш

Главное

Паштальён Ларыса Змітручэня дастаўляе “Маяк Палесся” па 135 адрасах.

У апошні час усё часцей лаўлю сябе на думцы, што даносіць да людзей нешта важнае, разважаць над пэўнай праблемай, выказваць уласны пункт погляду мне прасцей, як ні дзіўна, на паперы. Гэта дапамагае сканцэнтравацца, пабыць у цішыні, усё дэталёва ўзважыць і абдумаць, больш паглыбіцца ў тое ці іншае пытанне. Відаць, свой адбітак робіць прафесія. На першым месцы – не спантаннасць, а дакладнасць фактаў, глыбіня думкі, карэктнасць у падачы інфармацыі. Кожная тэма патрабуе ад журналіста ведаў жыцця, разумення таго, што адбываецца навокал, умення пераканаўча аргументаваць. Тут – не нашкодзь, не пакрыўдзі, не зняваж… І ў той жа час умей паўплываць на свядомасць, пабудзіць да дзеянняў. Друкаванае слова павінна быць стваральным, несці ў грамадства карысць.

Менавіта раённая газета дапамагае многім быць у курсе падзей, якія адбываюцца на Брагіншчыне, даведвацца, чым наш край жыве. А для кагосьці гэта яшчэ і надзейны памочнік у вырашэнні праблем, своеасаблівая трыбуна, з якой можна данесці важную інфармацыю да насельніцтва. Таму сярод нашых падпісчыкаў – кіраўнікі і спецыялісты, сельскія працаўнікі і пенсіянеры, моладзь…

Пры вашай непасрэднай падтрымцы, паважаныя, мы павышаем дасведчанасць людзей, выступаем супраць безадказнасці і раўнадушша, утрыманскай пазіцыі, вандалізму, пагардлівага стаўлення да тых, хто побач. Прафесія журналіста ніколі не дазваляе супакойвацца. Будзь у аснове матэрыялу станоўчы прыклад ці негатыўны факт, заўсёды чакаеш зваротнай сувязі.

Для чалавека, які лічыць сябе неадрыўным ад лёсу Брагіншчыны, мясцовае выданне было і застаецца сябрам. Аднак выпісаць яго ў сілу тых ці іншых жыццёвых абставін, невысокага сямейнага даходу можа дазволіць сабе не кожны. Таму раённы Савет дэпутатаў падтрымаў прапанову народных выбраннікаў правесці акцыю “Падпіска на “МП” – у падарунак”, мэтай якой з’яўляецца папулярызацыя мясцовага выдання і фарміраванне грамадскай думкі. Прыняцце адпаведнага рашэння – добрая магчымасць для кіраўнікоў, спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый, усіх жадаючых паклапаціцца аб тым, каб раёнка (а з ёй – і важная для людзей інфармацыя) прыходзіла ў як мага большую колькасць дамоў.

Аформіць падпіску на першы квартал 2021-га ў падарунак можна да 25 снежня. Далучайцеся! Тым больш што ў новы год прынята ўваходзіць з папоўненай скарбонкай добрых спраў.

Чытаючы свежы нумар “Маяка Палесся”, адрасат будзе ўспамінаць вас з удзячнасцю.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *